Реализация пилотного проекта «Электронный рецепт»

215223-04-e1480013308686У нашай краіне працягваецца рэалізацыя пілотнага праекта “Электронны рэцэпт”. Пра тое, што ён сабою ўяўляе, і пра перспектывы шырокага яго выкарыстання гутарым са старшым правізарам цэнтральнай раённай аптэкі №14 Ларысай Занько.
— Ларыса Уладзіміраўна, у чым сутнасць новаўвядзення?
— Пілотны праект “Электронны рэцэпт” існуе ў краіне ўжо некалькі гадоў. Спачатку яго апрабацыя праходзіла ў Мінску ў некалькіх паліклініках. Аднак вельмі хутка працэс распаўсюдзіўся і на рэгіёны. Пацыенты ў паліклініках атрымліваюць на рукі пластыкавыя карты. Яны і з’яўляюцца тым самым інструментам, пры дапамозе якога ўрач пры выпісцы рэцэптаў пераходзіць на беспапяровую тэхналогію. Карта выдаецца ў рэгістратуры. На кожнай — спецыяльны код, які будзе прывязаны да вашай медыцынскай карты, плюс ад рукі напісанае прозвішча. Гэты ж код будзе і на электронным рэцэпце, які выпіша ўрач. Вы ідзяце ў аптэку, там мы счытваем з карты і знаходзім ваш рэцэпт у электроннай базе.
— Якім чынам выпісваецца “электронны рэцэпт”?
— Урач адкрывае на сваім камп’ютары спецыяльную праграму, уводзіць прозвішча пацыента, знаходзіць яго электронную амбулаторную карту. Цяпер застаецца толькі выбраць від рэцэпта, назву прэпарата, дазіроўку і спосаб прыему. Усё — рэцэпт у агульнай электроннай базе. Уся справа займае пару хвілін.
— А як жа асабісты подпіс урача, яго пячатка?
— Іх заменіць электронны подпіс. Няма нічога немагчымага. Мы ж ужо не бегаем, напрыклад, у банк і не распісваемся ў ведамасці, калі атрымліваем зарплату.
— Якія перавагі новаўвядзення?
— Электроніка істотна аблегчыць працу і ўрачоў, і фармацэўтаў. Акрамя таго, яна адкрывае новыя магчымасці абслугоўвання пацыентаў. У першую чаргу перавагу электроннага рэцэпта ацэняць пацыенты з хранічнымі захворваннямі. Ім не давядзецца сядзець ў чарзе да ўрача толькі дзеля таго, каб чарговы раз выпісалі звыклы прэпарат. Прадаўжаць рэцэпт можна будзе на адлегласці, па дамове з урачом. А наведваць паліклініку трэба будзе толькі для медыцынскага агляду.
— Аднак пацыенты — пераважна пажылыя людзі. Далёка не ўсе яны сябруюць з камп’ютарам. Ці пажадаюць яны пераходзіць на электронныя стасункі з урачом і правізарам? Ці на карысць якой-небудзь вясковай бабульцы будзе, вобразна кажучы, “электронны доктар”?
— Электроннае медыцынскае абслугоўванне, як кажуць, справа будучыні і ўжо бліжэйшай. Ім карыстаецца шэраг краін Заходняй Еўропы, Прыбалтыка і г.д. Тут мы не можам плесціся ў хвасце. І працэс ідзе нават хутчэй, чым можна было думаць. Першыя спробы электронных рэцэптаў паявіліся ў 2015 г. у Мінску. А ўжо зараз мы ў раёне паўгода як счытваем іх не толькі ў цэнтральнай аптэцы, але і ў філіялах. Калі спачатку ў паліклініцы з камп’ютарам мелі магчымасць працаваць толькі кардыёлаг ды эндакрынолаг, то зараз — усе паліклінічныя службы і ўсе ўрачы агульнай практыкі. Цяпер наконт жадання і рэалій. Давайце паразважаем. Па-першае, я б не сказала, што пацыенты — пераважна пажылыя людзі. Працэнтаў на восемдзесят складае ўзрост пяцьдзясят пяць плюс, багата і моладзі, для каго камп’ютар зусім не чужы. А што да бабулек, то што ж кепскага, калі, напрыклад, дзеці ў горадзе змогуць дзякуючы электроннай медыцыне адсочваць, як лечаць іх бацькоў, а той жа самы сельскі фельчар паймее магчымасць атрымаць электронную кансультацыю спецыяліста вузкага профілю ў рэжыме “онлайн”? А менавіта такія перспектывы адкрывае электронная будучыня медыцыны. І ў чарзе не трэба будзе стаяць, бо ў рэжыме “онлайн” можна будзе і талончык да ўрача заказаць. Будуць устаноўлены інфакіёскі з электроннымі чэргамі. І з дамашняга камп’ютара можна будзе “стаць у чаргу”.
— Добра, каб у нашых рэаліях не стварыліся зараз да ўрача тры чаргі: першая — па “звычайных” талонах, другая — па “жывой чарзе”, як гэта бывае зараз, а трэцяя — “электронная”. І ўсё ж, калі раптам пацыент не згодзіцца пераходзіць на электронную сістэму абслугоўвання?
— Пакуль што яго ніхто і не абавязвае, а толькі прапануюць. І нават электронны рэцэпт пакуль абавязкова дубліруецца папяровым. Дарэчы, і папяровы рэцэпт таксама мае чып. Так што і ён гатовы ўжо да кантакту з электроннай базай. Аднак існуе сістэма стымулаў для пацыентаў, якія маюць электронныя карты. Напрыклад, зніжкі на лякарствы, якія практыкуюцца ў дзяржаўных аптэках, дзе акурат і існуе электронны рэцэпт. Зрэшты, пацыент мае права выбару, дзе купляць лекі — у нас альбо ў прыватных аптэках. У перспектыве ж і прыватныя аптэкі будуць пераводзіцца на электронную сістэму абслугоўвання, а электронны рэцэпт павінен цалкам замяніць папяровы. Час не спыніш.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.