Шаурма — на тарелке, доброта — в сердце

dasha-i-ksyushaЯкі горад знаходзіцца паміж Сянном і Ушачамі? Не гадайце, географы, паміж імі знаходзіцца… Лепель. Чаму Лепель? Ды пакіньце вы вадзіць указкай па карце і “забіваць” у мабільнік праграму навігатара. А запытайцеся лепей у дзвюх дзяўчат-сябровак, у Дашы Шафранскай і Ксюшы Падворнай, што жывуць у каледжаўскім інтэрнаце, у адным блоку, як сёстры. Упэўнены, яны таксама назавуць Лепель.
Менавіта наш горад стаў для іх той шчаслівай сярэдзінкай, дзе яны сустрэліся, прыехаўшы сюды вучыцца: першая — з Сянно, другая — з Ушачаў.
Што было дагэтуль? Зразумела — дзяцінства, школа. Даша танцавала, займалася валейболам, больш таго, наведвала ваенна-патрыятычны клуб “Спарта”, дзе асвойвала розныя прыёмы самаабароны, рукапашнага бою, удзельнічала ў “Зарніцы”. Ксюша таксама не з баязлівых, спартыўная дзяўчынка, у школе займалася біятлонам, а гэты спорт, паверце, не мяч у сетку кідаць. Біятлон любіць хуткіх, спрытных, трапных, можна казаць, мужных. А сярод гэтых якасцяў, больш характэрных для мужчын, драмала сабе паціху зусім хатняя, жаночая мара — стаць поварам. Гэтая мара і прывяла Ксенію ў Лепель.
І вось яны разам. Пасля таго, як трапілі ў адну групу, як пазнаёміліся на першым вечары знаёмстваў у інтэрнаце і на конкурсе першакурснікаў “Алё, мы шукаем таленты!”, болей не расставаліся. Цікава зараз успамінаць: чыталі верш на вечары знаёмстваў, а дзяўчаты слухалі і плакалі. А пасля таго, як зусім нядаўна, ужо стаўшы валанцёрамі, наведалі Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, плакалі самі.
— Падыходзіць да мяне хлопчык, — расказвае Даша, — паклаў сваю руку на маю, пацалаваў, усміхнуўся і кажа: “Не, не маё…”
Нарабілі, занеслі туды цацак розных, гулялі з дзецьмі ў мячык, танцавалі з імі і спявалі, а дарогаю дадому… плакалі. Нават самі не ведаюць, чаму. Магчыма, што ўсё гэта было ўпершыню і трэба прывыкнуць.
Ёй, Дашы, нельга плакаць, ёй трэба прывыкаць. Яна марыць паступіць у медыцынскі і стаць урачом. Вось так, вучыцца на повара, а марыць пра медыцыну. Ксюшы прасцей, тая прадоўжыць абраны шлях у прафесію, спыніўшыся на вышыні майстра вытворчага навучання.
Быць такім майстрам сваёй справы, як іх вытворчая настаўніца Таццяна Дзмітрыева, для дзяўчат — вяршыня поспеху. На ўроках гатуюць біточкі, катлеты, пякуць булачкі. Ім здаецца, што няма нічога такога, чаго б не ўмела Таццяна Уладзіміраўна сама і не здолела навучыць іх.
А ў інтэрнаце працягваюцца кулінарныя эксперыменты. Асабліва любяць дзяўчаты гатаваць шаурму, таксама пякуць пірагі.
tatyana-dmitrievaЖартую:
— Застаецца толькі знайсці хлопцаў, якія б годна ацанілі вашы кулінарныя старанні.
Адмахваюцца, а самі між тым пунсавеюць. А як жа! Той непаўторны ўзрост, калі вельмі хочацца падабацца. І столькі ж часу ідзе, каб навесці манікюр і макіяж, зрабіць сэлфі і проста па-дзявочы пакрасавацца. Не разумеюць, што ў іх узросце яшчэ не патрэбныя тыя пудры, цені, лакі, памады. Эх, непаўторны час юначы!
А яшчэ хочацца навучыцца іграць на гітары. Асабліва Дашы. Дзяўчынка з дзяцінства пра гэта марыла і заўсёды зайздросціла гітарыстам, якія збіралі цэлае кола слухачоў. І вось, нарэшце, асвоіў гітару старэйшы брат і пакрысе вучыць яе.
Эх, юнацтва! Табе так шмат дадзена, і ўсё роўна ты ніколі не спыняешся на дасягнутым, бо спыніцца — значыць, пастарэць.
На здымках: Даша Шафранская і Ксюша Падворная — сяброўкі, як сёстры; заняткі з будучымі поварамі вядзе майстар вытворчага навучання Таццяна Дзмітрыева.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.