Светлая мечта лепельчанина Ильи Демко

ilya-demkoПачаўшы нататку пра Ілью, чамусьці прыгадаў вясёлы бяскрыўдны вершы ці не са школьнай чытанкі: “Мой весёлый звонкий мяч, ты куда помчался вскачь! Покатился в огород, докатился до ворот…”
Падумалася, вось і жыццёвая біяграфія гэтага добрага, светлай душы хлопца скача-коціцца, як той мячык, толькі пакуль што не па нахільнай, а пад горачку. І сам ён бяжыць услед за сваім “вясёлым мячыкам” — гандбольным, баскетбольным, — набліжаючыся да светлай мары.
А светлая юначая мара Ільі Дзямко — займацца любімай справай. Бяжыць ён да мары, а на шляху трапляецца рознае: і сябры-спадарожнікі, і людзі, у якіх хочацца павучыцца, і тыя, каму хочацца самому дапамагчы. Здараюцца перашкоды і непрыемнасці, была ўжо і сапраўдная трагедыя, калі ён страціў бацьку. Гэта жыццё!
А зараз па яго жыццёвай сцежачцы пройдземся яшчэ раз, на гэты раз пільней прыглядаючыся да акалічнасцяў лёсу.
Ён, Ілья, і сапраўды бяжыць па жыцці ўслед за сваім мячыкам. Яшчэ калі вучыўся ў СШ №3, палюбіў фізкультуру. Магчыма, у гэтым не апошнюю скрыпку сыграў настаўнік фізкультуры Вадзім Станкевіч. Гулялі ў валейбол, баскетбол. А калі вучыўся ў класе шостым-сёмым, запісвалі ў секцыю гандбола. Запісаўся і ён, хадзіў доўгія гады ў спорткомплекс да трэнера Пятра Сініцкага, за што застаўся вельмі ўдзячны Пятру Іванавічу. Там і сфарміравалася першая каманда іх маладосці. Пабывалі на спаборніцтвах ва ўсіх абласцях Беларусі. Выступалі за Віцебск на рэспубліканскім турніры. Ездзілі туды з Арцёмам Хамічонкам. А пасля, як гэта часта бывае, іх дружная каманда… рассыпалася. Хлопцы паехалі вучыцца ў іншыя гарады. Ілья паступіў на будаўніка ў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж. А тут гуляюць у баскетбол. Два чымсьці падобныя віды спорту, і “перакуліўся” Ілья, як той мячык, лёгка і спрытна, на каледжаўскую баскетбольную пляцоўку. Зноў — спаборніцтвы, паездкі, новыя сябры. Хлопец надзвычай кампанейскі, у такога проста не можа не быць сяброў. Трапляюцца яны яму на кожным жыццёвым скрыжаванні — Улад Грыдзюшка, Юра Садоўскі, Яраслаў Архіпенка, Арцём Касьянчык.
У каледжы паявіліся і іншыя, не толькі спартыўныя справы. Ілья захапіўся валанцёрствам. Прыйшоў у атрад да Таццяны Гольдзінай адным з першых і застаецца да гэтага часу адданым валанцёрскай справе.
А справа ў тым, што натура ў хлопца такая: яму падабаецца дапамагаць людзям. Суперажыванне слабейшаму, імкненне дапамагчы часам носіць розную афарбоўку. Бывае, дапамогу падаюць высакамерна, з пачуццём уласнай перавагі — як міласціну. Такі “клопат” абражае. А калі рука дапамогі працягнута па-таварыску, на роўных, без высакамернай шкадобы — гэта і ёсць сапраўднае валанцёрства. Дзецям у каледжы заўсёды было цікава мець стасункі з людзьмі, якім яны працягвалі руку дапамогі. Вось чаму валанцёрскі атрад тут аказаўся жыццяздольным. А калі раззнаёміліся, сталі калектывам, пачалі ўдзельнічаць і ў іншых справах культурна-грамадскага жыцця. Ездзілі выступаць на “Аграрную вясну-2018”. Ілья ўвогуле — не сцэнічны чалавек, не спявае, не іграе, але ж і яму знайшлася справа на “Аграрнай вясне”, дзе былі таксама і спартыўныя мерапрыемствы.
А ўлетку з хлопцамі ўладкаваліся на платную практыку ў ПМК-75. Шасцёра іх было. І сілікатныя блокі падносілі, і кладку нават ім давяралі рабіць. Нездарма ж — будаўнікі. Чацвёрты год вучацца будаўнічай справе. Іншыя, хто блізка ведае Ілью, сцвярджаюць, нібыта ён усё ж болей спартсмен, чым будаўнік. Магчыма, і так. Урэшце, яму выбіраць. Ды ён ужо і выбраў. І пакуль што яго выбар не на карысць спорту. Пойдзе вучыцца далей па абранай спецыяльнасці, атрымае вышэйшую адукацыю, а там будзе бачна.
Сапраўды, мужчына павінен пабудаваць дом, і таму ўмелыя рукі яшчэ нікому не зашкодзілі. А там будзе бачна. Магчыма, яго “вясёлы звонкі мяч” і далей пакліча за сабой па жыцці і прывядзе хлопца ў вялікі спорт — да запаветнай мары.
На здымку: Ілья Дзямко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.