Шэршні атакавалі на прыпынку

OLYMPUS DIGITAL CAMERA Каля дзесяці гадзін раніцы першага верасня 2013 года ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення раённага ад­дзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне, што на аўтобусным прыпынку каля вёскі Зорніца на мясцовага жыхара Аляксандра Жарнасека, 1955 года нараджэння, напаў рой шэршняў. На месца здарэння тэрмінова выехалі выратавальнікі, хуткая медыцынская дапамога. Аднак нават сумеснае актыўнае правядзенне рэанімацыйных дзеянняў не дало станоўчых вынікаў, была канстатавана смерць пацярпелага ад укусаў шэршняў. Іх кокан з аўтобуснага прыпынку быў убраны і знішчаны.

Сёлетнім летам з дзіцячага сада №4 горада Лепеля ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях было паведамлена аб наяўнасці шэршняў на тэрыторыі. Дзяжурнае падраздзяленне выратавальнікаў адразу выехала на месца надзвычайнага здарэння, ускрыла пакрыццё даху на альтанцы, выявіла і знішчыла кокан з гэтымі драпежнымі насякомымі.

Якое ж было здзіўленне супрацоўнікаў РАНС, калі ў той жа дзень зноў паступіла тэлефанаванне, што шэршні па-ранейшаму лётаюць, ствараючы рэальную пагрозу для здароўя і жыцця дзяцей. Паўторны выезд выратавальнікаў зноў аказаўся выніковым. У іншым патаемным месцы даха альтанкі затаіўся яшчэ адзін кокан з сямействам шэршняў. І толькі калі ён таксама быў знішчаны выратавальнікамі, дзеці аказаліся ў поў­най бяспецы.

— Шэршні адносяцца да перапончатых насякомых, — адзначыў намеснік начальніка РАНС Міхаіл Хацкевіч. — Даўжыня іх цела дасягае 3,8 сантыметра, а вага — да 200 мг. Яны жоўтага або жоўта-чырвонага колеру з чорнымі плямамі. Жывуць у дуплах, пад дахамі дамоў і іншых пабудоў, у шпакоўнях і пустых вуллях, у траве пад зямлёй.

Шэршні — насякомыя-аднагодкі. Зіму пераносяць толькі пладаносныя самкі, яны знаходзяцца ў спячцы, астатнія гінуць.

У сярэдзіне мая, калі тэмпература паветра становіцца не менш за 10 градусаў цяпла, прачынаюцца самкі. Домік шэршняў — гэта пяць — сем гарызантальных сотаў, у кожным з якіх налічваецца да 550 ячэек. Шэршні харчуюцца аваднямі, пчоламі, мухамі…

— Калі шэршні джаляць чалавека?

— Толькі ў выпадку самаабароны або спроб знішчэння іх гнязда або кокана. Дарэчы, каля гнязда ці кокана заўсёды знаходзіцца два-тры шэршні-ахоўнікі. У выпадку небяспекі яны зычна гудуць, даюць папераджальны знак, на які злятаюцца ўсе астатнія і разам атакуюць ворага. Чым буйней сям’я шэршняў, тым больш яна агрэсіўная.

Жаляць шэршні вельмі моцна, у рану трапляе шмат яду — да 2 мг. Гэта ў 2,5 раза больш, чым пры ўкусе пчалы.

Пры ўкусе нават аднаго шэршня малое дзіця можа загінуць, а ў дарослага чалавека могуць адбыцца страта прытомнасці, утварыцца ацёк на целе, узнікнуць агульнае ўдушша з цяжкай алергічнай рэакцыяй. Калі ж нападае цэлая сям’я шэршняў і ў арганізм трапляе вялікая колькасць яду, нават спрактыкаваны і абсалютна здаровы чалавек можа трагічна пазбавіцца жыцця.

— Як пазбегнуць укусаў шэршняў?

— Трэба быць вельмі асцярожным у месцах іх знаходжання. Не спрабуйце актыўна адмахвацца ад шэршняў, нават калі яны праяўляюць назойлівасць, але пакуль не джаляць. Дарэчы, гэтых насякомых вельмі прыцягвае пах кветак, салодкага і яркіх фарбаў. Таму будзьце асабліва ўважлівымі на рынках і каля латкоў з садавінай.

Абавязкова трэба ўлетку завешваць вокны дробнаячэістай сетачкай ад траплення насякомых у жылыя памяшканні.

Гнёзды шэршняў часта хаваюцца ў траве пад зямлёй. Пры працы на агаро­дзе заўсёды абувайцеся і апранайце шчыльнае ­адзенне з доўгімі рукавамі. Заўсёды карыстайцеся галаўным уборам, паколькі насякомае можа выпадкова заляцець і заблытацца ў валасах, ­уджаліць у галаву або шыю. Прытым у гэтым выпадку незалежна ад самаадчування лепш адразу выклікаць “хуткую” ці самастойна звярнуцца за медыцынскай дапамогай. А пацярпелага ад шматлікіх укусаў шэршняў, наогул, трэба як мага аператыўна даставіць у бальніцу.

— Ці шмат было сёлета зваротаў наконт дапамогі ў знішчэнні гнёздаў, коканаў з шэршнямі, іншымі насякомымі, якія джаляць?

— Зроблена больш за 80 такіх выездаў. Кожны выезд адбываецца па пэўным маршруце, дзе знішчаецца тры-пяць гнёздаў ці коканаў шэршняў, іншых насякомых. Для гэтага выкарыстоўваецца дыхлафос, які папярэдне набываецца самімі заяўнікамі. Летась за сродкі раённага бюджэту былі набыты для РАНС два спецыяльныя касцюмы для выканання работ па абясшкоджванні, знішчэнні гэтых насякомых.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.