Штогод Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж выпускае дзясяткі спецыялістаў

IMG_3397 Штогод Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж выпускае дзясяткі спецыялістаў, якія папаўняюць штаты будаўнічых прадпрыемстваў, працуюць у сельскай гаспадарцы або ўдасканальваюць сваю прафесійную падрыхтоўку ў вышэйшых навучальных установах. Некаторыя выпускнікі каледжа, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вяртаюцца на працу ў альма-матэр. Сёлета ж выпускнікамі аграрна-тэхнічнага каледжа сталі 125 навучэнцаў, якія атрымалі веды па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”, “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, “Меліярацыя і водная гаспадарка”, а таксама “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”.

Выпускнікі, выкладчыкі, бацькі, родныя і сябры сабраліся ў актавай зале, дзе па традыцыі было арганізавана ўрачыстае ўручэнне дыпломаў.
— За плячыма засталіся заняткі, кантрольныя, напружаныя дні падрыхтоўкі да дыпломнай работы, а наперадзе вас чакае шмат новых дарог. Няхай жа па жыцці вам спадарожнічаюць толькі поспех, ажыццяўленне пастаўленых задач, аптымізм і дабрабыт. Няхай вашы маладыя энергія, ініцыятыва і працоўны запал дапамогуць дасягнуць новых вышынь. У добры шлях! — ад душы пажадаў выпускнікам дырэктар каледжа Алег Лебедзь.
Многім навучэнцам Алег Валер’евіч уручыў Ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у грамадскім і спартыўным жыцці каледжа, выдатную вучобу.
Вельмі чулым і пранікнёным было выступленне куратара 244-й групы Людмілы Пятроўны Жаваранкавай.
Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі яркая харэаграфічная кампазіцыя, песні. Надышоў час і для выступлення маладых спецыялістаў.
Ад імя выпускнікоў каледжа выступіў Андрэй Грыдзюшка. Цёплыя віншаванні моладзі ад імя бацькоў падарыла Таццяна Грыдзюшка.
І вось надышоў доўгачаканы і незабыўны момант. Выпускнікі адзін за другім падымаюцца на сцэну і з рук дырэктара атрымліваюць дыпломы аб заканчэнні каледжа. Раптам зала напоўнілася цёплымі апладысментамі і радаснымі воклічамі. Дыплом аб заканчэнні каледжа ўручаецца… шасцітысячнаму выпускніку! Ім стаў Станіслаў Скавародка.
Яркім акордам мерапрыемства стала песня, якую выпускнікі і куратар напісалі і выканалі разам. Пад мілагучныя акорды развітальнай песні ўчарашнія навучэнцы пакідаюць залу і прымаюць цёплыя віншаванні ад сваіх родных і сяброў.
IMG_3401 — У цябе ў руках дыплом аб заканчэнні каледжа. Да таго ж ты шасцітысячны выпускнік. Падзяліся, калі ласка, сваімі ўражаннямі, — звяртаюся да Станіслава.
— Адчуваю прыемнае здзіўленне, радасць і ў той жа час смутак. Паспяхова здадзены экзамены, набыта жаданая спецыяльнасць. Аднак нялёгка развітвацца з выкладчыкамі, якія сталі для нас надзейнымі сябрамі, са сваімі аднакурснікамі.
— Як пачынаўся твой шлях да жаданай прафесіі?
— Мяне заўсёды цікавіла тэхніка, усё, што звязана з аўтамабілямі. Скончыў дзевяць класаў сярэдняй школы №3 і вырашыў працягваць навучанне ў каледжы.
— Якія дысцыпліны выклікалі асаблівую цікавасць?
— Зацікавілі тэхнічная механіка, матэрыялазнаўства, дыягностыка і тэхнічнае абслугоўванне, рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Вельмі ўдзячны выкладчыкам, якія цікава і дасціпна тлумачылі неабходны матэрыял, дапамагалі спасцігаць азы прафесіі. Гэта Яўген Вячаслававіч Шымакоўскі, Аляксандр Сяргеевіч Шайтар, Дзмітрый Аляксандравіч Хаткевіч. Добра засвоілі Правілы дарожнага руху ў Аляксандра Аляксандравіча Хацкевіча, набылі правы кіравання аўтамабілем. З першых дзён навучання мы адчувалі цёплую падтрымку куратара Людмілы Пятроўны Жаваранкавай, якая ўвесь час перажывала за нас, дапамагала ў вучобе.
Уражанні ад навучання, вядома, засталіся самыя лепшыя. Тут я не толькі набыў добрую спецыяльнасць, а і знайшоў сяброў.
— Хацелася б працягваць навучанне ў ВНУ?
— Так. Зараз я здаю цэнтралізаванае тэставанне. Па колькасці атрыманых балаў буду выбіраць установу для паступлення. “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы” — важная спецыяльнасць, якая, упэўнены, абавязкова спатрэбіцца кожнаму з нас па жыцці.
— Магчыма, ты стаў прадаўжальнікам прафесійнай сямейнай дынастыі?
— З тэхнікай добра знаёмы мой бацька. Зараз ён працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Маці — галоўны бухгалтар ЛКУВП ЖКГ “Лепель”.
— Наперадзе цябе чакае шмат важных этапаў. Няхай жа з табой заўсёды будзе поспех, а ўсе запаветныя мары і жаданні абавязкова здзейсняцца! — шчыра жадаю маладому выпускніку на развітанне.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: маладыя выпускнікі каледжа; шасцітысячны выпускнік каледжа Станіслаў Скавародка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.