Смотрим в будущее и дорожим прошлым

img_3900У рамках Года малой радзімы мы разам з вучнямі вырашылі пацікавіцца дзіўнымі рэшткамі з мінулага нашага краю і наведалі этнаграфічны музей у аграгарадку Вялікі Поўсвіж. Сустрэча пачалася з цікавага, пазнавальнага аповяду гаспадара музея пра жыццё і заняткі нашых продкаў. Вучням прэзентаваліся розныя старадаўнія рэчы і прылады працы. Наведвальнікі патрымалі ў руках прадметы даўніны, вызначылі сваю вагу пры дапамозе старадаўніх шаляў, а таксама намалолі мукі на жорнавах. Цікавым і запамінальным стаў аповяд гаспадара музея пра цяжкае ваеннае ліхалецце і многія факты з жыцця салдатаў таго часу. Экспанаты ваеннай тэматыкі зацікавілі многіх слухачоў і, напэўна, яшчэ раз нагадалі ўсім пра тое, што, дзякуючы нашым дзядам і прадзедам, якія ваявалі і адстаялі Перамогу, мы сёння жывём на гэтай зямлі. Наступным этапам экскурсіі стала знаёмства вучняў з беларускім ткацтвам. Дзеці разгледзелі прыгожыя ручнікі, пакрывалы, саматканыя налаўнікі і посцілкі, сатканыя калісьці гаспадынямі-беларусачкамі. Многія дзяўчаты зацікавіліся ўзорамі і знайшлі прыклад для вышывання. Раней нашы продкі старанна працавалі, але ж і добра весяліліся: спявалі і танчылі. Гэты момант улічыў для экскурсіі гаспадар сядзібы і прадэманстраваў наведвальнікам старадаўнія музычныя інструменты, якія характарызуюць Лепельшчыну. Вучні праслухалі цікавы аповяд пра старадаўнія святы і абрады нашага краю, усіх уразіла гучанне дуды і скрыпкі. Напрыканцы экскурсіі дзеці пакаталіся на брычцы, якая да сённяшняга часу захавалася ў музеі, пачаставаліся гарбатай на зёлках са старадаўняга самавара і, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, з добрым настроем і цікавымі ўспамінамі пакінулі музей.
Наталля МІРАНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры
Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.