Состоялась областная коллегия по вопросам работы СМИ


На мінулым тыдні жывапісны куток Паставы Віцебскай вобласці стаў месцам сустрэчы прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама, галоўных рэдактараў сродкаў масавай інфармацыі вобласці і работнікаў ідэалагічнага актыву. У Пастаўскім райвыканкаме адбылося выязное пасяджэнне Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Нагодай для сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, працы рэгіянальных СМІ па рэалізацыі інфармацыйных стратэгій па прафілактыцы алкагалізму і наркаспажывання і іншыя пытанні.

На ўрачыстым адкрыцці калегіі з прывітальным словам да ўсіх гасцей звярнулася начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая. Як адзначыла Марына Уладзіміраўна, гэта сустрэча ў завяршэнні года адбываецца не выпадкова. У наступным, 2022 годзе у краіне адбудзецца значная падзея — рэферэндум, на якім будзе зацверджана Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Таму перад журналістамі сродкаў масавай інфармацыі пастаўлена галоўная задача — расказаць чытачам пра важнасць гэтай падзеі і даць ім магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, меркаваннямі наконт прыняцця галоўнага дакумента краіны.

Цёпла прывітаў удзельнікаў выязнога пасяджэння Сяргей Чымбург, намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама. Увазе гасцей быў прапанаваны відэафільм “У рытме часу”, у якім было расказана пра арганізацыю ідэалагічнай работы ў Пастаўскім раёне.

Знаёмства з Пастаўшчынай

Вялікую цікавасць у гасцей вылікала наведванне ААТ “Пастаўскі малочны завод”. На прадпрыемстве, дзе дасягаюцца высокія вытворчыя паказчыкі, сталі добрай традыцыяй адзіныя дні інфармавання. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню карпаратыўнай культуры і сацыяльнай абароне работнікаў.

Вельмі змястоўнай для ўдзельнікаў выязнога пасяджэння стала таксама экскурсія ў Пастаўскі лясгас. Госці прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы на тэму “Сродкі нагляднай агітацыі ў ідэалагічнай рабоце. Выхаванне ў членаў працоўнага калектыву павагі да дзяржаўнай сімволікі”.

Шмат незабыўных уражанняў ва ўсіх пакінула знаёмства з палацам Антонія Тызенгаўза, размешчаным у філіяле дзяржаўнай установы “Пастаўскі краязнаўчы музей”. Упэўнена, што кожнаму было вельмі цікава даведацца цікавыя звесткі пра жыццёвы шлях вядомага беларускага палітыка і фінансіста XVIII стагоддзя Антонія Тызенгаўза, які імкнуўся зрабіць Паставы цэнтрам культурнага развіцця Віцебскай губерні. Грамадскі дзеяч унёс значны ўклад у равіццё мястэчка Паставы. Рэфарматар ператварыў сваё радавое іменне ў адзін з цэнтраў культуры і прамысловасці краю. У 1770 — 1780 гадах Антоній Тызенгаўз заснаваў у горадзе і яго наваколлях шэраг мануфактур: суконную, палатняную, зброевую, панчошную, карэтную — усяго 35 прадпрыемстваў. Антоній адкрыў і першы ў горадзе тэатр.

Госці прайшлі па ўтульных залах філіяла музея, якія былі напоўнены чароўнай атмасферай мінулых стагоддзяў. Нікога не пакінула раўнадушным экспазіцыя, прысвечаная асноўным этапам жыцця А. Тызенгаўза, музейная экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне.

У гэты ж дзень удзельнікі выязнога пасяджэння пабывалі на Камсамольскай плошчы, дзе ўстаноўлены Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Грунтоўны дыялог

Работа журналістаў і ідэалагічнага актыву вобласці працягвалася ў дзяржаўнай установе культуры “Пастаўскі РДК”. Увайшоўшы ў фае ўстановы, кожны з гасцей апынуўся ў святочным віры. Усім узнялі настрой бадзёрыя гукі музычных твораў у выкананні артыстаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага ансамбля “Паазере” Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Немагчыма было прайсці міма шыкоўных вырабаў з саломкі, карцін, створаных майстрамі Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын”. Госці з цікавасцю падыходзілі да інтэрактыўнай выставы, арганізаванай раённай газетай “Пастаўскі край”, тэлеканалам “Паставы ТБ” і мясцовай друкарняй. Цудоўны настрой гледачам падарыла “Калядная выстава”, падрыхтаванай юнымі мастакамі раёна.

Зала напоўнілася шчырымі апладысментамі, калі са сцэны гледачоў прывіталі артысты Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Цудоўны настрой гасцям падарылі выступленні вакалістаў, яркія харэаграфічныя мініяцюры і эстрадна-цыркавыя нумары.

Атрымаўшы зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый, удзельнікі выязнога пасяджэння прыступілі да абмеркавання важных пытанняў. Так, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая адзначыла, што толькі разам, абяднаўшы намаганні, журналісты змогуць выканаць свой галоўны абавязак — згуртаваць людзей, натхніць іх на дасягненне новых вытворчых паказчыкаў і ажыццяўленне важных задум. Нам даручана адказная справа — ствараць летапісы жыцця раёнаў Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым. Таму менавіта ад нас у многім залежыць, як будзе жыць і развівацца наша краіна ў далейшым.

Вельмі змястоўным было таксама выступленне намесніка начальніка — начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пятра Гнуценкі. Вельмі прыемна, што сярод рэдакцый раённых газет, якія плённа працуюць па асвятленні тэмы ўзаемадзеяння органаў мясцовай улады з насельніцтвам, Пётр Уладзіміравіч назваў і калектыў раённай газеты “Лепельскі край”. Пра арганізацыю работы рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі інфармацыйных стратэгій па прафілактыцы алкагалізму і наркаспажывання прысутныя даведаліся з выступлення Анатоля Гуцуляка, намесніка начальніка — начальніка аддзела па сувязях з грамадскасцю і ўзаемадзеянні са содкамі масавай інфармацыі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. У ліку лідараў па асвятленні гэтай тэматыкі — зноў жа раённая газета “Лепельскі край”. Сваімі думкамі па гэтай тэме падзяліліся таксама Вадзім Лапацінскі, намеснік дырэктара РУПРТЦ “Тэлерадыёкампанія “Віцебск”, Руслан Жаголкін, старшы інспектар прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, і Святлана Варошка, галоўны рэдактар раённай газеты “Зара” Бешанковіцкага раёна.

Шмат карыснай інфармацыі ўдзельнікі пасяджэння атрымалі з выступлення Ірыны Сафейчанкі, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Шчырыя словы падзякі кіраўнікам газет Віцебскай вобласці за плённае супрацоўніцтва выказала старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава.

Пасля грунтоўнага абмеркавання шэрага важных пытанняў у кожнага з удзельнікаў выязнога пасяджэння нарадзіліся новыя ідэі, якія абавязкова ажыццявяцца на старонках газет і ў тэлевізійным эфіры.

Святлана ВАЗНЯК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.