Состоялось открытие выставки «Фарбы Лепельшчыны»

У раённым краязнаўчым музеі па даўняй традыцыі адбылося адкрыццё выставы «Фарбы Лепельшчыны».

Чаму даўняй? Бо першая выстава пад такой назвай прайшла ў кастрычніку 1993-га — 28 гадоў таму. У ёй заўсёды прымаюць удзел прафесійныя і самадзейныя мастакі. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да Лепельскага краю. Хтосьці тут нарадзіўся, тут жыве або з’ехаў, іншыя прыехалі ў Лепель і тут жывуць. За мінулыя гады ў выставе прымалі ўдзел больш за 100 мастакоў. А вось колькі экспанавалася работ — і не злічыць.

Кожная выстава мела сваю адметнасць. За мінулыя гады склалася пэўная традыцыя, вызначыўся асноўны склад удзельнікаў. Кожны раз у «Фарбах Лепельшчыны» прымаюць удзел і новыя мастакі.

У гэтым годзе выстава праходзіць у 15-ы раз. Сімвалічна тое, што і ўдзельнікаў у ёй у 2021 годзе налічыла такую ж колькасць.

Свае працы на суд гледача аўтары прадставілі ў розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, партрэт, сюжэтныя работы. Таксама яны і розныя па тэхніцы выканання: разьба па дрэве, акварэль, алей і іншыя.

Падчас сустрэчы лепельскія мастакі ўзгадалі, што першая выстава праходзіла ў дзіцячай школе мастацтваў. На ёй прысутнічаў намеснік Міністра культуры Леанід Гуляка, 21 удзельніку былі ўручаны і каштоўныя падарункі — гадзіннікі. Другая па ліку выстава праходзіла ва ўнівермазе. Яна таксама была вельмі запамінальная.

Спецыфіка выставы заключаецца ў тым, што тут выстаўляюцца не толькі тыя, хто ўжо ўпісаў сваё імя ў гісторыю развіцця сучаснага беларускага мастацтва, але і тыя, хто толькі робіць першыя крокі ў свет жывапісу.

Прыемна, што сярод удзельнікаў прысутнічаюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў. Менавіта яны вучаць моладзь асновам мастацтва.

Пейзажы мясцовых мастакоў дазваляюць апынуцца ў лесе, на беразе рэк і азёры і іншых родных нам мясцінах. Быццам бы простыя, але яны адразу прыцягваюць погляд і прымушаюць адчуць шчырыя эмоцыі: радасць, сум, здзіўленне. Многія прымушаюць задумацца і пачуць пах ігліцы, палявых кветак, дажджу …

Не палюбіўшы гэтыя месцы, немагчыма натхніцца і перанесці на паперу тое, што ўбачыў.

Пакідаючы выставу, яшчэ раз прыйшла да высновы: лепельская прырода — самая прыгожая на свеце, а мясцовыя мастакі — сапраўдныя прафесіяналы!

Наталля Храпавіцкая.

Падрабязней пра выставу і мастакоў чытайце ў газеце!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.