Стажировался в Польше

img_2898Андрэй Машара з чырвоным дыпломам закончыў Віцебскі медінстытут. Па абмене вопытам ездзіў стажыравацца ў Польшчу.
— Дзе праходзіла стажыроўка?
— На базе Позненскай медыцынскай акадэміі.
— Колькі часу заняла паездка?
— Мы былі ў Польшчы тры-чатыры тыдні.
— Што запомнілася?
— Стаўленне да нас. Студэнты там зычлівыя, мы хутка знайшлі агульную мову.
— І на якой жа мове вы паразумеліся?
— Як ні дзіўна, на беларускай. Крыху размаўлялі па-англійску. Рускай мовы моладзь у Польшчы не ведае, а вось па-англійску ўсе размаўляюць свабодна, і беларускую таксама збольшага разумеюць, бо яна нечым падобная да польскай. Дарэчы, там шмат мігрантаў з Расіі, Украіны.
— Што цябе ўразіла ў суседняй краіне.
— Архітэктура гарадоў. Мы былі ў Познані, Вроцлаве. Там захавалася даўнейшая, гістарычная частка гарадоў. У кожным горадзе — ратуша, касцёл.
— Ты добра размаўляеш па-беларуску. Дзе навучыўся?
— У школе. Я заканчваў СШ №4. Вучыўся добра, у атэстаце былі адны дзясяткі. Мне заўсёды падабалася беларуская літаратура: Купала, Колас, Мележ, Танк.
— Чаму ж тады пайшоў не на філалагічны, а ў медыцынскі?
— Мне яшчэ і хімія падабалася, і біялогія, дакладней, анатомія: цікавіў механізм работы чалавечага арганізма. Спачатку хацеў стаць урачом, але затым зразумеў, што гэта вельмі складана, я не пацягну. На фармацэўтычным факультэце, дзе вучыўся, шмат хіміі.
— Я заўсёды дзівіўся, як багата трэба ведаць фармацэўту.
— Так. Мы шмат чаго запаміналі: кожнае лякарства, механізм яго прымянення, дазіроўкі. Зараз ужо год працую ў цэнтральнай аптэцы №14 і разумею, наколькі ўсё гэта важна.
— Праца падабаецца?
— Тут добры калектыў, дружны, людзі зычлівыя, дапамагаюць і парадамі, і падменяць, калі што.
— А чым займаешся ў вольны час?
— Вольнага часу не так і шмат. Хаджу на трэніроўкі ў спартыўны комплекс. Яшчэ ў школьныя гады займаўся боксам у трэнера Аляксандра Канавалава, гуляў у школьнай зборнай па футболе.
— А творчасцю займаўся?
— У дзяцінстве крыху выразаў, маляваў фарбамі. А яшчэ люблю фатаграфаваць. У мяне ёсць фотаапарат, які заўсёды бяру з сабою на адпачынак. Мне падабаецца фатаграфаваць прыроду, людзей. Ездзіў на Палессе да дзяўчыны, і там мы таксама шмат фатаграфаваліся.
— Выкладваеш фоткі “УКантакце”?
— І “УКантакце”, і проста сябрам паказваю, у мяне ўжо даволі вялікі фотаархіў.
— Рыбку любіш палавіць?
— Абавязкова. З братам ходзім на Улу, мы недалёка ад яе жывём. Ловім на вудачку. Часам, праўда, лаўлю і адпускаю. А то прывучыўся з намі хадзіць на рэчку наш кот Лёва. Ведае, што пачастунак яму там забяспечаны.
— А дома дапамагаеш?
— І кашу, і дровы сяку, усё магу прыгатаваць. Маці на МКК працуе, бацька — дальнабойшчык, на месяц можа з’ехаць. Даводзіцца самому гатаваць. Да дзядулі з бабуляй заходжу. Яны акурат па дарозе жывуць, калі іду на работу.
— Ты амаль з Забаення на працу ходзіш пешшу?
— Для мяне гэта прагулка, не лічу за адлегласць.
На здымку: Андрэй Машара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.