Стипендия от профсоюзного комитета Лепельщины

dscf8345На днях у актавай зале аграрна-тэхнічнага каледжа адбылася знамянальная падзея — навучэнцу групы 271т Эдуарду Яфрэменку была ўручана стыпендыя ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Старшыня райкама Сяргей Марціновіч кажа:
— Стыпендыю навучэнцам райкам стаў выплачваць дзесяць год таму, першым у вобласці. З таго часу, якія б складанасці ні ўзнікалі, мы не пераставалі аказваць падтрымку здольным маладым людзям, якія выбралі ў якасці сваёй прафесіі сельскую гаспадарку. Ведаю, што ў некаторых іншых раёнах стыпендыі часова не выплачваліся з-за недахопу сродкаў, нам жа ўдалося такога пазбегнуць.
Стыпендыя прызначаецца лепшаму хлопцу ці дзяўчыне па прадстаўленні прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў каледжа.
— Якімі заслугамі вызначаецца Эдуард Яфрэменка? — пытаюся ў старшыні прафсаюзнай арганізацыі Таццяны Гольдзінай.
— У першую чаргу мы вылучылі яго па выніках вучобы, мінулы семестр ён завяршыў з сярэднім балам 8,0. Гэта даволі высокі паказчык для нашай навучальнай установы. Акрамя таго, Эдуард — спартыўны хлопец, займаецца рознымі фізічнымі выпрабаваннямі, удзельнічае ў спаборніцтвах.
Прафсаюзнага лідара падтрымаў і куратар стыпендыята Дзмітрый Мацкевіч:
— Самыя лепшыя адзнакі Эдуард атрымлівае па спецыяльных прадметах, прафесію хлопец асвойвае “на выдатна”. З самага паступлення ў каледж заявіў пра сябе як пра добрага спартсмена. Яму аднолькава лёгка даюцца розныя віды спорту: і шматбор’е, лёгкая атлетыка, і валейбол, баскетбол, футбол. Хлопец неаднаразова абараняў гонар нашай навучальнай установы на раённых і абласных спаборніцтвах.
Эдуард Яфрэменка прыехаў з вёскі Бірузова Расонскага раёна, паступіў у аграрна-тэхнічны каледж у 2017 годзе на спецыяльнасць “тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”, пасля заканчэння атрымае кваліфікацыю механіка. За чатыры гады ў Лепелі запісаў на свой рахунак шмат добрых спраў. Сёлета ён завяршае вучобу і паводле размеркавання накіроўваецца на працу на сваю малую радзіму.
— Няхай сабе наша стыпендыя і невялікая, усяго адна базавая велічыня, — прызнаецца Сяргей Марціновіч, — але, па майму глыбокаму перакананню, важная ўвага. Калі чалавек адчувае яе, то і вучыцца, і працуе з большай аддачай.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.