Телефон лежал на снегу

e3f1a956-8e8d-4802-9fed-59dc9701f6b5Пасля працы ўсёй сям’ёй заехалі ў магазін, каб набыць неабходныя тавары. Расплаціліся, ідзём да машыны. Сын заўважае, што няма ў кішэні мабільнага тэлефона. Яшчэ калі знаходзіліся каля касы, трымаў яго ў руках. Хуценька пабеглі да прадаўцоў. Дзяўчаты пачалі пытаць адна адну, ці не заўважылі дзе мабільнік. Ніхто не бачыў. Вызвалі ахоўніка. Малады хлопец прафесійна праглядзеў запісы відэакамеры ў памяшканні і на вуліцы, на тэрыторыі магазіна. Убачылі, што сын стоячы каля касы, трымаў у руках мабільнік, потым паклаў у кішэню. Калі спускаўся з ганка, тэлефон выпаў на снег. Праз хвілінку ішла жанчына, якая і падняла рэч. Прайшла міма магазіна. Прадаўцы набралі “102”. Мы ж увесь час спрабавалі дазваніцца на свой нумар. Якраз перад прыездам работнікаў РАУС жанчына адказала — і тэлефон быў вернуты. Прыйшлося і нам пісаць растлумачальную, і жанчыне. Перапужаліся і мы, і яна.
Такія сітуацыі здараюцца ў наш час вельмі часта, хоць імкнёмся беражліва адносіцца да каштоўных рэчаў, прывучаем да гэтага і дзяцей.
Па кампетэнтны адказ звярнулася да начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лепельскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Ігара Міхно.
— Ігар Аляксандравіч, скажыце, калі ласка, як павінен паводзіць сябе чалавек, што знайшоў чужую рэч, у дадзеным выпадку мабільны тэлефон?
— У выпадку знаходжання чужых рэчаў, напрыклад мабільнага тэлефона, грамадзяне абавязаны вярнуць рэч уладальніку, калі ён знаходзіцца побач, альбо звярнуцца ў бліжэйшы раённы аддзел міліцыі, дзе па ідэнтыфікацыйным намары ўстановяць уласніка. Калі ж не можа чалавек сам даставіць рэч у РАУС, дастаткова патэлефанаваць па нумары “102”. Прыедуць работнікі міліцыі і на месцы разбяруцца ў сітуацыі. У выпадку, калі грамадзянін, знайшоўшы рэч, вырашыў пакінуць яе сабе, дзейнічае артыкул 10.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях “Прысваенне знойдзенай маёмасці”.
Такія дзеянні цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь. Грамадзянін, згубіўшы рэч, можа напісаць заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці чалавека за прысваенне знойдзенай маёмасці.
— Вось яшчэ адзін прыклад. Мая знаёмая згубіла тэлефон. Пачала званіць па нумары. На другім канцы адказалі, што вернуць за ўзнагароджанне, і сказалі немалую суму…
— А тут ужо дзейнічае артыкул 208 Крымінальнага кодэкса РБ “Вымагальніцтва”. Пакаранне па гэтым артыкуле ўжо больш сур’ёзнае.
Каб пазбегнуць страты тэлефона альбо іншай маёмасці, трэба насіць іх у рукзаках альбо сумках, а бацькам не варта набываць дарагія мабільныя ўстройствы для сваіх дзяцей. Перад набыццём гаджэта трэба пагаварыць з дзіцяці аб прызначэнні тэлефона, кошце, крадзяжах і стратах.
Памятайце, што толькі пільнасць і ўвага дапамогуць пазбегнуць непрыемнасцяў і захаваць уласную маёмасць.
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.