Трагедыя на Лепельскім возеры: адзін чалавек памёр ад пераахаладжэння, другі трапіў у рэанімацыю

У нядзелю позна ўвечары, а 22.38, у РАНС пасупіла паведамленне аб тым, што на Лепельскім возеры, з боку вёскі Стары Лепель тонуць людзі. У 22.45 дзяжурны разлік прыбыў на месца, аднак непасрэдна да берага з паўкіламетра машына даехаць не магла, там было гразкае перааранае поле, выратавальнае абсталяванне давялося несці на руках.

 

Убачылі наступную карціну: у некалькіх дзясятках метраў ад берага, за кромкай лёду двое мужчын былі ў вадзе, трымаліся за перавернуты човен. Па словах відавочцаў, бацька і сын, іх аднавяскоўцы, выйшлі на чоўне на возера і перавярнуліся.

З дапамогай выратавальнага плыта абодвух небаракаў удалося выцягнуць з вады, сын на той момант ужо быў непрытомны. Абодва на машыне хуткай дапамогі былі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы, дзе сын, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр ад пераахаладжэння.

Аляксандр САДОЎСКІ,

інспектар групы навучання і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС,

старшы лейтэнант унутранай службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.