У лабараторыі свая «кухня»

164=0 Колбы, флаконы, растворы, рэагенты… А яны някепска глядзяцца на фоне ўсёй гэтай суровай лабараторнай кухні. Маладзенькія дзяўчаткі ў белых халатах, якія, здаецца, сваімі ўсмешкамі расквечваюць і так светлы, прасторны будынак, дзе размяшчаецца лабараторыя філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Цікава, што дагэтуль Вольга Занько і Юлія Анкудовіч не ведаліся. Сустрэліся ж у заводскай хімлабараторыі. Пазнаёміліся і пасябравалі, а затым урэшце і пасябравалі сем’ямі.

Кожная з дзяўчат ішла на камбікормавы сваім лёсам. Вольга гадоў пяць таму праходзіла тут практыку, калі яшчэ вучылася па спецыяльнасці “водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” у каледжы. Прайшла практыку, спадабалася, ды ўрэшце і прыйшла сюды на працу, балазе дыплом у яе быў вольны. Вольга не з гарадскіх. Нарадзілася і вучылася ў Вялікім Поўсвіжы, дзе і дагэтуль жывуць бацькі. Юнай, дзевятнаццацігадовай, выйшла замуж за хлопца з Бароўкі. Ну і вырашылі жыць у Лепелі, бацькі дапамаглі набыць кватэру па Валадарскага. Дом стары, “хрушчоўскі”, адразу спатрэбіўся рамонт, чым і занялася маладая сям’я. Рамонт зрабілі “еўра”, кватэрка — як цукерачка. Хоць і аднапакаёвая. Надта не разгонішся, тым болей, што паявілася Сашанька. Мараць маладыя пра свой дом. А ці іх марам су­джана збыцца, пакажа час.

Зрэшты, чаму б і не? Фінансамі, праўда, надта не шыкуюць. Андрэй у ваенізаванай ахове працуе. Яго багацце — рукі яго залатыя. Умее ўсё. У бабулі Валянціны ў Завідзічах альтанкі парабіў, упрыгожыў двор…

А Вольга ўвесь вольны час завіхаецца ля дачушкі. Сашанька — і радасць яе, і хобі, і сэнс жыцця. Зрэшты, работа ёй таксама падабаецца. Працуе ў лабараторыі тэхнікам-хімікам, стараецца. Ды і калектыў на працы падабаецца ёй — дружныя, простыя дзяўчаты.

У Юлі з Дзянісам пакуль яшчэ няма сваіх дзяцей. І калі Анкудовічы выбіраюцца ў госці да Занько, Юля з задавальненнем бавіць час з Вольчынай Сашанькай. Ну ды і іх з Дзя­н­і­сам сямейнае шчасце не за гарамі. І дзяцей наро­дзяць, і дом свой пабудуюць. Жывуць яны ў новым мікрараёне Лепеля, дзе пакуль здымаюць кватэру. Дзяніс у міліцыі вадзіцелем працуе, а Юля на камбікормавым — тэхнік-лабарант. Таксама прыйшла сюды пасля практыкі па размеркаванні. Аграрна-тэхнічны каледж летась скончыла на выдатна па той жа самай, што і ў Вольгі, спецыяльнасці, напісала дыплом на дзесяць балаў. А ўладкаваўшыся на працу, тут жа не стала марудзіць ды паступіла завочна вучыцца далей у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Вучоба, зрэшты, забірае шмат часу. Вольнага амаль не застаецца, пасля работы прыходзіш — лабараторныя, кантрольныя пішаш і г.д. Пра тое, што калісьці вышывала крыжыкам, ужо і забылася. А вось да бацькоў у Жары, на Ушаччыну, ездзіць рэгулярна. Трэба ж ім дапамагаць на агаро­дзе. Любіць Юля і пастаяць ля пліты, Дзяніса свайго салодкімі бісквіцікамі ўласнай выпечкі пачаставаць. Пакуль яшчэ дзеці не плачуць, можна і пападарожнічаць — у Мінск ездзілі, у Санкт-Пецярбург. Ну і, вядома ж, па маляўнічых кутках роднай Лепельшчыны. Дзяніс з Андрэем рыбку вудзяць, Юлька з Вольгай юшку гатуюць. Зрэшты, Андрэй і ад галубцоў не адмовіцца.

Ну, ды гэта ў вольны ад працы час. А тут, у хімлабараторыі, — свая “кухня”: адбіраюць пробы, робяць аналізы, выяўляюць вытворчыя памылкі і г.д. Колбы, флаконы, растворы, рэагенты. І яны — Юлька з Вольгай — такія яшчэ маладыя, светлыя душою, прыгожыя дзяўчаты…

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Вольга Занько і Юлія Анкудовіч.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.