Агмень радавой памяці

IMG_6273=0 Летась у вёсцы Макараўшчына адкрылася аграся­дзіба “У Ціхона”. На днях завітаў туды яшчэ раз. Гаспадар Юрый Армонік запрасіў паглядзець, што зроблена, пагутарыць. Скажу адразу, зроблена вельмі шмат і аграсядзіба ўжо гатова прымаць наведвальнікаў, і прымае іх, аднак спраў яшчэ нямала.

Для прыёму гасцей гатовыя дзесяць пакояў. Тут могуць прыняць госця амаль з любымі запытамі ад прыхільных да спартанскіх умоў рыбаловаў да сем’яў з дзецьмі. Прэміум-клас у падобных установах, як праві­ла, адсутнічае. Аднак аматары прэміум-класа ў глыбінку і не едуць, іх курс — на вялікі горад. А да прыроды якраз і цягнуцца тыя, хто жадае вырвацца з гарадскіх каменных джунгляў. Чыстае паветра, прырода, вясковая ежа, народная культура — вось асноўныя мэты агратурыстаў. Усяго гэтага багата “У Ціхона”.

Назваць аграсядзібу гаспадар Юрый Армонік вырашыў у гонар свайго дзеда Ціхона Армоніка. Вось кароткі расповед пра яго:

— Чатыры браты Кандрат, Юрка, Ціхон і Апанас былі сынамі Вісарыёна і Насты Армонікаў. Род наш спрадвеку жыў у Макараўшчыне. У 1920-х гадах браты, іх працавітыя сем’і жылі заможна, дзякуючы зямлі, якой іх надзяліла савецкая ўлада. Аднак у 1929 го­дзе адбылася калектывізацыя, зямлю забралі, сем’і пацярпелі шмат гора. Дзеда Юрку ў 1930 годзе расстралялі ў Полацку, а Ціхон памёр у ссылцы ў Котласе. Хачу такім чынам, праз назву аграсядзібы, увекавечыць памяць пра продкаў.

У мінулым годзе, як прыязджаў на аграсядзібу ўпершыню, тут быў збольшага даве­дзены да ладу жылы дом, ды і то не ўвесь, а толькі кухня і некалькі пакояў, каб гаспадарам на першым часе дзе пераначаваць. Аднак была зладжана і вялікая адкрытая альтанка на вольным паветры, дзе адначасова могуць размясціцца некалькі дзясяткаў гасцей. Лазню Юрый Армонік збудаваў разам са стрыечным братам Васілём Варошкам. Няхай сабе пакуль што не ўсе памяшканні аздоблены вагонкай, але ж самае галоўнае — моцная пара — прысутнічае. А вагонку, як кажа гаспадар, з цягам часу яшчэ набудуць.

 

Дарога на Радзіму

 

— Юрый Алегавіч, вы нара­дзіліся і амаль усё сваё жыццё правялі за межамі Лепельшчыны. Што пацягнула вас на радзіму продкаў, чаму менавіта Макараўшчына?

— Так, я нарадзіўся і вырас ва Уздзе, бацька Алег Ціханавіч там працаваў дырэктарам школы, загадчыкам раённага аддзела адукацыі, удастоены звання “Заслужаны настаўнік БССР”. Там жа і пахаваны. З 1959 па 1964 год кожнае лета ў час водпуску прыязджалі сюды ў госці да дзеда Апанаса, бацькавага дзядзькі. А потым на доўгія 20 гадоў давялося забыцца на малую радзіму. Бацька атрымаў павышэнне — пасаду загадчыка раённага аддзела адукацыі. Водпуск у яго ўжо быў толькі ўзімку, таму выязджаць куды-небудзь стала праблематычным. Наступны раз трапіў сюды толькі ў 1989 годзе. Пабыў крыху, і зноў акунуўся ў працу, трэба было будаваць кар’еру, ладзіць сям’ю.

Усур’ёз зачапіўся за Макараўшчыну вокам, думкамі і душой у 2013 годзе, калі мне ўжо было далёка за 55. Праехаў па гэтай вулі­цы, пабачыў Мікалаеўскую царкву і касцёл у Губіне. Асабліва журботнае ўражанне склалася ад таго, у якім стане ўбачыў гэты дом. Яго калісьці збудаваў прадзед Вісарыён, тут жыў дзед Ціхон, тут у яго і мамы нарадзіўся мой бацька. Я даў сабе слова, што зраблю ўсё магчымае, але дзедава хата зноў стане нашым радавым гняздом, дзе можна будзе годна прыняць усю нашу вялікую радню.

Справа ўскладнялася тым, што хату напрыканцы 1980-х гадоў прадалі. Я знайшоў новага ўладальніка, ён жыве ў Бароўцы, выкупіў хату пад дачу.

Што самае цікавае, спачатку ў мяне не было задумы адкрываць тут аграсядзібу. Думаў проста адпачываць ад мінскай мітусні ды тлуму. Аднак неяк пахваліўся знаёмым, што выкупіў дзедаву хату ў маляўнічым кутку, на беразе возера. Ды нехта з іх параіў зрабіць аграсядзібу.

— Наколькі ідэя аказалася новай?

— Абсалютна новай, бо да гэтага ніколі не вёў справу самастойна, заўсёды працаваў на прадпрыемствах, у арганізацыях, фірмах, на дзяржаўнай службе. А тут трэба было самастойна скласці план работ, падлічыць выдаткі — і ўрэшце пачынаць працаваць.

 

Не апускаць рукі

 

Як ні стараўся ўлічыць усе нюансы, аднак гэта немагчыма. Па ходу ўзнікалі такія калізіі, што толькі за галаву хапаўся. Напрыклад, найбольш клопатаў прынесла вада, у ёй аказалася занадта высокае ўтрыманне жалеза. Вада — аснова жыцця і здароўя. Зыхо­дзячы з гэтага прынцыпу вырашыў у першую чаргу наладзіць бесперабойнае водазабеспячэнне. Спачатку вылучыў версію, што вада з жалезам толькі ў верхніх слаях грунту, а калі закапацца глыбей, да артэзіянскіх слаёў, то атрымаю ваду чыстую. Наняў буравую ўстаноўку, прасвідравалі 80 метраў у глыбіню. Узяў пробы, прывёз спецыялістам. Аднак тут зноў напаткала расчараванне: гэта вада таксама ўтрымлі­вала шмат жалеза, хоць і значна меней, чым раней.

Як даць рады? Бо спажыванне разлічваецца не толькі на мяне з жонкай Ліліяй Уладзіміраўнай, а і на пастаяльцаў, а іх у перспектыве думаем прымаць не адзін дзясятак. Адказ адзін — станцыя абезжалезвання. Мы прывыклі, што падобныя аб’екты эксплуатуюць толькі арганізацыі па тыпу камунальных прадпрыемстваў. За мяжой жа наладжаны выпуск кампактных станцый, разлічаных на абслугоўванне прыватных дамоў, аграсядзіб, міні-гатэляў. Вось такую ўстаноўку і набыў, зманціраваў. Цяпер і я, і патэнцыйныя пастаяльцы будуць забяспечаны чыстай пітной вадой. Праўда, эксплуатацыя яе таксама выліваецца ў добрую капеечку. Напрыклад, раз на квартал трэба мяняць фільтруючы элемент, які каштуе мільён рублёў.

Ну і, вядома, водаадвядзенне, каналізацыя. Патрабавалася спраектаваць і зманціраваць такую сістэму, якая была б здольная прыняць і перапрацаваць вялікія аб’ёмы вады, сцёкаў і пры гэтым не нашкодзіць прыродзе, захаваць экалагічны баланс. Словам, спраў было вельмі шмат, сваімі рукамі зрабіў і ўкапаў у зямлю больш за дзесяць бетонных кольцаў.

Толькі вада ў мяне выцягнула ў эквіваленце каля пятнаццаці тысяч долараў — у сярэднім па пяць на свідравіну, станцыю абезжалезвання і каналізацыю.

— Вялікія грошы!

— Не тое слова! Акрамя гэтага паралельна будаваліся дом, альтанкі, лазня. Словам, уклаў усе свае свабодныя грошы, а потым пазычыў яшчэ каля дваццаці тысяч долараў. Добра, ёсць сябры, якія і дапамаглі. Зараз патроху працую, выплачваю. Як аграсядзіба запрацуе на праектную моц, будзе лягчэй. А пакуль што, хоць і дасягнуў пенсійнага ўзросту, даводзіцца яшчэ працаваць у камерцыйнай арганізацыі і паралельна займацца будаўніцтвам.

— Які кантынгент вам бачыцца ў якасці асноўных наведвальнікаў аграсядзібы? Побач жа вялікае Макараўскае возера, мяркую, што гэта будуць рыбаловы. Тым больш, што для іх прыёму не патрэбна мудрагеліць са зручнасцямі.

— Вось тут я з вамі не згодны. Так, рыбаловам не важныя зручнасці, галоўнае, каб добра рыба клявала. Аднак я не хачу арыентавацца выключна на рыбаловаў. Для мяне галоўны накірунак па жыцці — духоўнасць.

 

Залатая мара

 

Мая залатая мара — аднавіць царкву Святога Мікалая ў Макараўшчыне і касцёл Святога Антонія ў Губіне, уключыць іх у маршрут залатога кальца Віцебшчыны. Толькі праз духоўнасць мы зможам адрадзіць нашу Радзіму і падняць свой жыццёвы ўзровень.

— Аднак, магчыма, перш варта было б падумаць пра хлеб надзённы? Спачатку зарабіць грошай на рыбаловах ці іншым чынам, а ўжо потым?..

— Ну заробіш ты шмат грошай, а далей што? Без духоўнага напаўнення — тупік як у прамым, так і пераносным сэнсе. Без духоўнасці не бачу перспектывы.

Возьмем, да прыкладу, аграсядзібу “У Ціхона”. Калі займацца выключна рыбаловамі, то будуць занятыя толькі чатыры чалавекі: я, мая жонка Лілія Уладзіміраўна ды стрыечны брат Васіль Варошка з жонкай Надзеяй. І ўсё. Мы будзем развіваць выключна сваю сядзібу, калі будзем кіравацца толькі меркантыльнымі інтарэсамі.

Духоўнасць, у прыватнасці  храмы, дадуць магчымасць развіцця ўсяму нашаму краю. Сюды будзе прыязджаць шмат турыстаў, каб пагля­дзець на іх, будуць прыбываць паломнікі, каб памаліцца, аддаць даніну памяці і павагі. Гэта павінна паспрыяць, каб не толькі наша аграсядзі­ба расла, а раслі над сабой усе мясцовыя жыхары. Магчыма, у такім выпадку з’явяцца ўкладанні ў інфраструктуру: сувязь, водазабеспячэнне, дарогі. Шкада толькі, што няма людзей, якія б маглі пацягнуць гэты цяжкі воз, усе скардзяцца на недахоп грошай, рэдка хто пагаджаецца ўключыцца ў агульную карысную справу, прапануе канкрэтную дапамогу.

— Можна было б звязацца са святарамі…

— Я пазнаёміўся са святаром, які перыядычна праводзіць службы ў Макараўскай царкве. Ён, на вялікі жаль, не жыве тут, прыязджае. Аднак ён таксама стараецца зрабіць усё, што ў яго сілах. У бліжэйшы час звяжуся з іншымі святарамі, ксяндзом. Магчыма, удасца надаць справе новы імпульс.

 

…І музей

 

У мяне ёсць яшчэ адна задума — стварыць першы ў Беларусі музей кулацтва. Тэрмі­ны “кулацтва” і “кулакі” ўжываю ў самым станоўчым сэнсе. Мой дзед і яго браты, продкі Ліліі Уладзіміраўны, былі раскулачаны, пазбаўлены зямлі, у іх Ра­дзіму адабралі. А гэта ж былі самыя працавітыя людзі ў беларускай вёсцы! Яны самі працавалі на сваёй зямлі, наймалі работні­каў толькі ў крайнім выпадку, калі працы было шмат, а самі не паспявалі. Ды і, шчыра кажучы, не было грошай, каб наймаць работнікаў, а самім палежваць у цяньку.

І вось гэтых людзей “знішчалі як клас”. Бацька мой Алег Ціханавіч моцна перажываў, што на ім стаяла кляймо “сын кулака”. Гэта стала непераадольнай перашкодай для працы, пабудовы паспяховай кар’еры. Гэта, дарэчы, прымусіла яго з’ехаць з малой ра­дзімы, шукаць шчасце спачатку на Брэстчыне, а потым — у Уздзенскім раёне. Бацька ўспамінаў: “Савецкая ўлада ў нас усё забрала”. Я ўсё слухаў, прыслухоўваўся, але стаў разумець яго словы, толькі калі мне мінула за сорак гадоў. І чым далей, тым большая была ў мяне настальгія па бацькаўшчыне. Урэшце цяга стала настолькі непераадольная, што… Упэўнены, душы продкаў паклі­калі мяне сюды. Хачу аддаць даніну памяці і ім, і ўсім тым, хто быў знішчаны ў жорнах калектыві­зацыі. Спа­дзяюся, і гаспадары іншых лепельскіх аграсядзіб падтрымаюць гэта пачынанне, дапамогуць парадай, справай.

Упэўнены, што сын і дачка, нашчадкі мае годна ацэняць нашы намаганні, прымуць з нашых рук агмень радавой памяці.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: гаспадар аграся­дзібы Юрый Армонік.

Фота аўтара.

 

2 thoughts on “Агмень радавой памяці

  • 06.08.2019 в 10:17 пп
    Permalink

    Хочу поделиться негативным отзывом, как провели время на усадьбе «У Тихона» в деревне Макаровщина 2 августа 2019 года, хозяин Армоник Юрий Олегович. По телефону все было классно, и озеро рядом, и порядок и чистота, и мёд, и раки, и яйца домашние и цена хорошая.По факту с участка озера даже не видно. Что касается порядка, так там полный ужас!!!!! На кухне застывший жир и грязь по всюду, даже продукты выложить страшно было. Банкетный зал скорее всего частенько используется как место для поминок, а не для караоке (телевизора там нет). Ванной комнаты не было, она на ремонте, а два санузла распространяли зловоние на всю обеденную зону, на вид были такие же, как и на запах. Выхода не было, помыли под себя некоторые моменты и решили себя не накручивать.Вечером по темноте решили пожарить мясо, хорошо что фонарик и топор были с собой, потому что света на участке нет, топор нам тоже не дали.Минусы накапливались, и терпение лопнуло.После предъявления претензии хозяину усадьбы «У Тихона» по телефону, Юрий Олегович сказал нам, что бы мы немедленно отправлялись отдыхать, либо он вызовет на нас милицию. Через пару минут из-за угла, напугав ребёнка, вышел так называемый управляющий, который вместо того, что бы помочь сказал, что ничего нам не должен и начал грубить, хамить и вести себя вызывающе. Хозяин трубку уже не поднимал. Ранее на озере нам рассказали, что этот управляющий скрывается на этой усадьбе от милиции.В итоге в 12 часов ночи, мы собрали все свои вещи и уехали от греха подальше. Люди, не приезжайте в усадьбу «У Тихона», д. Макаровщина, и обязательно требуйте договор, дабы хоть как-то обезопасить себя.

    Рейтинг комментария:Vote +1+8Vote -10

  • 04.09.2020 в 2:56 пп
    Permalink

    !!!!! Ужас !!!!

    Как только можно предоставлять такие «колхозные» услуги???
    И самое главное ещё брать за это деньги???
    Получается, любой человек может обозвать свою «халупу» усадьбой и продавать эту услугу, а дальше будет как будет?
    То есть, всё рассчитано на среднестатистического белоруса, который засунет язык в одно место и будет терпеть это?

    Может быть для тех людей, которые в первый раз выехали из своего дома, и то, всё зависит от того какие у них условия проживания…
    Для тех, кто никогда не видел озера, рыбы, раков и готовых смириться с раздражителями ради этого и для тех, кто не знает и не понимает, как можно на самом деле спокойно и достойно отдохнуть.

    Короче, условий нет, сервиса нет — сплошное хамство, Юрий Олегович поёт совсем другие песни после заселения.

    Вывод один — выходные потеряны!!!

    Отзыв:
    Усадьба «У Тихона», Лепельский район, пос. Макаровщина , Ладика ул. 8 — БОЛЬШЕ НЕ НОГОЙ!!!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+3Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.