У Пераходцах, на Лепельшчыне, змагаюцца з «зялёным пажарам»

Сёлета ў Домжарыцах, як зрэшты і не толькі там, асаблівую ўвагу звярнулі на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў. Зразумела, бо год праходзіць пад знакам Перамогі, сямідзесяцігоддзе якой мы адсвяткавалі. А па тэрыторыі сельсавета праходзіў велапрабег, прысвечаны гэтай даце, адбыўся канцэрт, у Саўскім Бары карміла людзей палявая кухня.
— Шмат сродкаў і намаганняў прыклалі, — расказвае старшыня сельсавета Таццяна Рамановіч, — каб давесці да ладу пастарэлыя ад часу помнікі і абеліскі ў гонар герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Адрамантавалі помнікі ў Барсуках, Саўскім Бары, два ў Крайцах, крыху раней акультурылі пахаванне ў Кветчы. Мянялі агароджу, пліты, абкладвалі бэсерам (такі чырвоны будаўнічы матэрыял). Асвоілі сто семдзесят мільёнаў пяцьсот сорак восем тысяч рублёў з абласнога бюджэту. Акрамя таго, нам была пералічана частка сродкаў з раёна, заробленых падчас суботніка.
Шануючы памяць мёртвых, мясцовыя ўлады не забываліся і пра жывых. У вёсцы Крайцы пры садзеянні альпіністаў была спілавана цэлая алея старых аварыйных дрэў. Пятнаццаць мільёнаў рублёў было затрачана на ліквідацыю дванаццаці дрэў.
Свая спецыфіка ёсць у “запаведнікавым сельсавеце” і ў перыяд касавіцы. Тут расце баршчэўнік Сасноўскага, вельмі небяспечная расліна, якая можа параніць чалавека. Асабліва шмат баршчэўніку ля Пераходцаў. Абкошваннем пустазелля ў жылым сектары займаюцца работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Лепель”, а іншыя зялёныя абшары трымае на пільнім кантролі Бярэзінскі біясферны запаведнік, дзе працуе спецыяльная брыгада па азеляненні. Запаведнік сёлета акультурыў стары закінуты яблыневы сад, што за піларамаю ў Домжарыцах.
Не меней пустазелля псуюць, бывае, выгляд і старыя занядбаныя пабудовы. Сельсавет, аднак, не спяшаецца пад гарачую руку руйнаваць іх бульдозерам. Найперш шукае гаспадароў, працуе з імі. І гэта дае свой плён, нашчадкі часцей знаходзяцца і прадаюць бацькоўскія сядзібы. Летась адшукалі чатырох гаспадароў.
Спякотнымі выдаліся першыя летнія дні. Часам аж занадта. У запаведніку, дзе балацявіны перамяжоўваюцца з пяскамі, праблема водазабеспячэння надзвычай надзённая. У Домжарыцах, дзе толькі афіцыйна зарэгістраванага насельніцтва налічваецца больш як чатыры сотні чалавек, цэнтр вёскі вадою забяспечвае водаправод, ускраіны — студні. Толькі грамадскіх студняў тут дванаццаць, а ёсць жа яшчэ і прыватныя. Цэнтралізавана забяспечваюцца вадою таксама вёскі Рожна, Пераходцы, Барсукі, палова Крайцаў. Сёлета сельсавет адрамантаваў студню па вуліцы Савецкай у Домжарыцах, зрабіў падсыпку. Адкаталі збуцвелую ваду з чатырох студняў у Кветчы.
Таццяна Агееўна распавядае, што ў сельсавеце практычна не засталося непраезных дарог. Усе знаходзяцца ў нармальным стане. Раз у квартал па іх праходзіць грэйдар. Надоечы супрацоўнікі ДЭУ-202 падсыпалі дарогу ў Саўскім Бары. Летась падсыпка была арганізавана на пад’ездах да могілак у Домжарыцах і Пераходцах. На чарзе — навядзенне парадку на саміх могілках. У планах сельсавета таксама добраўпарадкаванне вёскі Валова Гара, дзе пабудавалі ўжо аўтобусны прыпынак, а яшчэ трэба высекчы кусты і падсыпаць дарогу.
Па просьбе насельніцтва быў зменены расклад руху аўтобуса па маршруце Лепель — Пераходцы. Двойчы на тыдзень, а ў Барсуках тройчы, вёскі наведваюць аўтамагазіны.
На скаргі і прапановы, якія паступаюць ад насельніцтва, у сельсавеце стараюцца рэагаваць аператыўна. Узялі на кантроль скаргу па вулічным асвятленні, якая паступіла з Барсукоў. Старшыня паабяцала выправіць сітуацыю да наступнага цёмнага сезона. Былі выкананы каля 25 — 30 заявак на вясновую апрацоўку і культывацыю агародаў. Толькі з Барсукоў паступіла шэсць. Узорваннем займаецца трактар з запаведніка. А вось на ўборку ўраджаю запрашаюць камбайн са Слабады.
З-за сваёй спецыфікі сельсавет у запаведніку амаль не мае магчымасці зарабляць грошы на продажы зямельных участкаў. Выключэннем з’яўляецца вёска Валова Гара, дзе выстаўлены на аўкцыён некалькі ўчасткаў. І ў саміх Домжарыцах вуліцы Палявую і Кветкавую засяляе моладзь, пераважна — мінчане.
Міхась ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.