Участники краеведческого клуба «Нашчадкі» познакомили гостей со своими новыми увлечениями

afg1Традыцыйна ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў дэлегацыя робіць аб’езд магіл салдатаў, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Магіла радавога Уладзіміра Садоўскага знаходзіцца даволі далёка, на могілках вёскі Велеўшчына, таму ветэраны-афганцы наведваюць яе загадзя, аддаючы даніну памяці і павагі.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Сяргей Крывель, ветэраны вайны Аляксандр Пшонка і Ігар Вішнеўскі, выконваючы абавязкі ваеннага камісара Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёр Аляксей Яўстаф’еў і аўтар гэтых радкоў скіраваліся ў дарогу.
У Слабадзе была запланавана сустрэча з вучнямі мясцовай школы. Да візіту гасцей дзеці рыхтаваліся асабліва. Удзельнікі краязнаўчага клуба “Нашчадкі” падрыхтавалі невялікае мерапрыемства — пазнаёмілі гасцей са сваімі новымі захапленнямі.
Гісторыю роднага краю можна вывучаць не толькі па кніжках. Вучні разам са сваім кіраўніком Валерыем Тухтам абышлі ўсе навакольныя вёскі, сабралі ўспаміны мясцовых жыхароў, у першую чаргу старажылаў.
Яшчэ адзін спосаб захавання гістарычнай спадчыны — калекцыянаванне. Напрыклад, Яўген Адвалка збірае паштоўкі часоў Савецкага Саюза, прысвечаныя патрыятычнай тэматыцы: Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, Савецкай арміі і Ваенна-марскому флоту. Часам удаецца атрымаць сапраўды ўнікальныя экспанаты. Нядаўна ў продаж былі выпушчаны запалкі з серыі “Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне” з выявамі ордэнаў і медалёў. Такія экспанаты збірае Яўген Гайко.
Яраслаў Тухта збірае мадэлі танкаў, бронетранспарцёраў і іншай баявой тэхнікі. Хлопец можа гадзінамі распавядаць пра баявыя машыны, параўноўваць іх тэхнічныя характарыстыкі, паказваючы выключнае веданне.
Нядаўна слабадскім даследчыкам стала вядома імя яшчэ аднаго іх земляка-ўдзельніка вайны ў Афганістане. Гэта Іван Шалкоўскі са Свядзіцы. Гісторыю ветэрана распавёў Сцяпан Дзямко.
Перад школьнікамі выступілі Сяргей Крывель і Аляксей Яўстаф’еў, а Ігар Вішнеўскі пад гітару праспяваў афганскую песню.
afg2Сфатаграфаваліся на памяць.
Дарога да могілак у Велеўшчыне была ачышчана ад снегу, а таксама і праход непасрэдна да магілы. Баявыя сябры ўсклалі вянок, ушанавалі памяць героя хвілінай маўчання. Сяргей Крывель успамінае:
— Так склалася, што я яго праводзіў у Афган, я ж яго і сустракаў. На той час служыў у ваенным камісарыяце, займаўся прызывам маладога папаўнення. Не забуду той дзень, калі нам прыйшло паведамленне пра гібель Уладзіміра Садоўскага. Уяўляеце сабе наш стан, калі трэба было перадаць гэта бацькам. Цяжка ўспамінаць…
На развітанне Аляксей Яўстаф’еў сказаў:
— Больш за пяць гадоў удзельнічаю ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Лічу гэта сваім святым абавязкам. З другога боку, мне прыемна прыязджаць у Слабадскую школу, гутарыць з дзецьмі і настаўнікамі. Лічу, што “Нашчадкі” робяць важную справу па захаванні памяці пра ўсіх абаронцаў Айчыны. Упэўнены, калі прыйдзе іх час, яны добрасумленна будуць выконваць свой свяшчэнны абавязак.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: фота на памяць; хвіліна маўчання.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.