В центре внимания — защита прав трудящихся

b_neg_tk  23 ліпеня бягучага года Прэзідэнтам нашай краіны быў падпісаны закон, якім уносіцца шэраг паправак у Працоўны кодэкс і іншыя нарматыўныя акты, што рэгламентуюць працоўнае заканадаўства. У сетцы інтэрнэту пачалося актыўнае абмеркаванне новаўвядзення. Пра важнасць новага закону гутарым са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыем Мілым.

— Юрый, у чым важнасць прынятага закону для прафсаюзаў?
— Праект дадзенага закону з самага пачатку, яшчэ два з паловай гады таму, распрацоўваўся менавіта экспертамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Прапанаваныя змяненні наспявалі на працягу не аднаго года. Прававыя і тэхнічныя інспектары прафсаюзаў вядуць рэгулярныя прыёмы грамадзян, разглядаюць канкрэтныя пытанні і праблемы. У некаторых выпадках справу даводзілася разглядаць у судзе, дзе нашы спецыялісты таксама аказваюць дапамогу. Прадстаўнікі прафсаюзаў абагульнілі атрыманы вопыт і выступілі з заканадаўчай ініцыятывай.
— Такім чынам, новы закон быў прыняты цалкам па ініцыятыве прафсаюзаў?
— Ініцыятыва сапраўды першапачаткова сыходзіла ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, але ў далейшым да распрацоўкі і абмеркавання, унясення дапаўненняў падключыліся і іншыя зацікаўленыя бакі: міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прадстаўнікі наймальнікаў прамысловай галіны, бізнесу і, натуральна, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Які ж вынік праведзенай работы?
— Прыняты змяненні ў Працоўны кодэкс, якія даўно наспелі. Напрыклад, прапанаваны варыянт вырашэння адной з самых вострых праблем — кароткатэрміновых працоўных кантрактаў. Не сакрэт, што працадаўцы часта карысталіся імі як сродкам ціску на рабочых. Спадзяюся, з дапамогай прынятых законаў нам удасца радыкальна змяніць сітуацыю.
— Якім чынам?
— Каля пятнаццаці гадоў таму ў прававое поле Беларусі была ўнесена такая норма, як працоўныя кантракты. Наймальнікі сталі іх заключаць на кароткі тэрмін — на год, а потым штогод іх працягваць. Пры гэтым было верагодна, што на наступны год кантракт з работнікамі могуць і не заключыць. Такая сітуацыя нявызначанасці, няпэўнасці ўносіла нервознасць у працоўныя калектывы, бо чалавек спакойней працуе, калі ён упэўнены ў сваёй будучыні на большую перспектыву, чым на адзін год. З іншага боку, такая форма была вельмі зручнай для наймальнікаў у час правядзення скарачэнняў. Работнікаў папросту звальнялі, не працягваючы з імі кароткатэрміновыя кантракты, не робячы ім належных выплат і кампенсацый. Нагадаю, што пры скарачэнні па ініцыятыве наймальніка работніку павінны выплаціць кампенсацыю ў памеры трох сярэднямесячных заробкаў. Таму прафсаюзы выступілі з прапановай даць магчымасць, а дзесьці і абавязаць наймальнікаў заключаць з работнікамі больш працяглыя працоўныя кантракты. Асноўным крытэрыем пры гэтым павінна стаць бездакорная праца. Так, згодна з новымі нормамі, калі работнік адпрацаваў папярэдні кантрактны тэрмін без нараканняў і парушэнняў працоўнай дысцыпліны, то наступны працоўны кантракт з ім павінны заключыць на тэрмін не менш, як тры гады. Максімальны тэрмін кантракту — пяць гадоў. Пры гэтым важна адзначыць, што калі наймальнік хоча заключыць кантракт з добрасумленным работнікам на меншы тэрмін, скажам, на паўтара года, ён павінен атрымаць пісьмовую згоду на гэта самога работніка. А ўвогуле прафсаюзамі прапануюцца бестэрміновыя працоўныя дагаворы.
— Як складваецца сітуацыя з працоўнымі кантрактамі на прадпрыемствах Лепельшчыны?
— Паводле нашага аналізу, на першага снежня мінулага года доля кароткатэрміновых кантрактаў, заключаных тэрмінам на адзін год, склала 46 працэнтаў.
— Гэта шмат ці мала?
— Калі паглядзець у часовай перспектыве, то ёсць станоўчая тэндэнцыя. У ранейшыя гады наймальнікі, можна сказаць, злоўжывалі кароткатэрміновымі кантрактамі, іх доля даходзіла да 80 працэнтаў. Праца апошніх гадоў, да якой актыўна далучыліся прафсаюзы, дае свой вынік. Усё часцей наймальнікі заключаюць з добрасумленнымі работнікамі доўгатэрміновыя кантракты, ад трох да пяці гадоў, і бестэрміновыя працоўныя дагаворы. Аднак нам ёсць да чаго імкнуцца. Мяркую, долю кароткатэрміновых кантрактаў варта і надалей скарачаць.
* * *
— З працоўнымі кантрактамі сітуацыя зразумелая. Аднак мы вядзём размову пра ролю прафсаюзаў пры падрыхтоўцы закону. Між тым вы адзначылі, што ў працэсе ўдзельнічалі іншыя зацікаўленыя бакі…
— Так, другім зацікаўленым бокам былі наймальнікі, працадаўцы. Аднак яны ў першую чаргу адстойвалі свае інтарэсы. Напрыклад, яны прапаноўвалі абмежаваць удзел прафсаюзных арганізацый у абмеркаванні калектыўных дагавораў, прапаноўвалі, каб нормы дагавораў, заключаных з удзелам прафсаюзаў, распаўсюджваліся толькі на членаў гэтых прафсаюзных арганізацый. Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўсё ж удалося адстаяць свае пазіцыі. Так, нормы калектыўных дагавораў распаўсюджваюцца на ўсіх работнікаў, незалежна ад іх членства ў прафсаюзах.
Яшчэ працадаўцы выступілі з ініцыятывай павялічыць дапушчальную колькасць звышвызначанай працы за год і павялічыць максімальную працягласць працоўнага дня. ФПБ выступіла катэгарычна супраць такіх прапаноў, бо яны значна пагоршылі б становішча працоўных людзей, прывялі б да самаўпраўства наймальнікаў. На сённяшні дзень максімальна магчымая колькасць звышвызначанага працоўнага часу — дзесяць гадзін за тыдзень, 180 гадзін за год. За дзень з улікам звышвызначанага часу працы дапускаецца не больш за дванаццаць гадзін. За кожную гадзіну перапрацоўкі, акрамя налічанага заробку, павінна праводзіцца даплата.
— Даволі адчувальныя сацыяльныя гарантыі. Што яшчэ патрабавалі наймальнікі?
— Захавання поўнай матэрыяльнай адказнасці работнікаў. Патлумачу на прыкладзе. На прадпрыемстве праводзілася праверка, у час якой былі выяўлены некаторыя парушэнні, або адбыўся інцыдэнт. У выніку на прадпрыемства быў накладзены штраф. Як паступаў наймальнік? Як правіла, ён сумы штрафаў, страты цалкам перакладаў на работнікаў, вылічваў усё з іх заробку. Згодна з навацыямі, патрабаванні наймальнікаў цяпер істотна абмяжоўваюцца. Уводзіцца паняцце частковай матэрыяльнай адказнасці і вызначаюцца канкрэтныя сітуацыі, дзе поўная матэрыяльная адказнасць работнікаў не дапускаецца.
— У апошнія гады на прадпрыемствах працуе даволі шмат работнікаў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Якім чынам будуць абараняцца іх правы?
— Па дзеючых правілах пры звальненні работніка пенсійнага ўзросту па прычыне парушэння працоўнага заканадаўства яму не выплачваліся дапамогі і кампенсацыі, якія атрымлівалі работнікі працоўнага ўзросту. Аднак ён жа, хоць і пенсіянер, працаваў разам з усімі, уносіў свой уклад у працу прадпрыемства, арганізацыі. Адкуль такая дыскрымінацыя? Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі палічыла гэта несправядлівым, і ў абноўленым Працоўным кодэксе такая норма адменена.
* * *
Закон аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс і іншыя нарматыўныя акты, якія датычаць працоўнага заканадаўства, уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго падпісання. Значыць, па новых правілах мы будзем працаваць ужо з пачатку 2020 года. Іх даволі шмат, у адным матэрыяле ўсё асвяціць немагчыма. У працоўных калектывах узнікае яшчэ нямала розных сітуацый. Таму заклікаем работнікаў цікавіцца змяненнямі ў законах і іншых нарматыўных актах, праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю і пры непаразуменнях у спрэчных сітуацыях звяртацца да кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый сваіх устаноў. Кваліфікаваная дапамога абавязкова будзе аказана.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.