Закадычные друзья, Женя в Лепеле живёт, Рома — в Волосовичах

Які падлетак не пракаціўся хаця б разок “з вецярком” на матацыкле ці скутары, не думаючы надта пра тое, што галаву аднолькава лёгка “скруціць” ці ў шаснаццаць, ці ў сорак, калі ў галаве — вецер. Які пацан не любіць пабіцца ў пейнтболе, каб аж кроў жэлейная пацякла. “Жэсць”, — кажуць хлопцы. А вось ці кожны барану ў Віцебск пагоніць?..

img_9237

Хачу расказаць пра двух сябрукоў. У каледжы іх бачаць толькі разам, хаця, здавалася б, адзін у горадзе жыве, а другі ў далёкай вёсцы. Жэня Ільін гарадскі, а Рома Смажэўскі з Валосавічаў. Дарэчы, вы ўжо Рамана сустракалі на старонках “Ветразя юнацтва”. У свой час мы распавядалі пра яго як пра майстра разьбы па дрэве. Зараз жа нашы неразлучныя сябрукі ў іншым амплуа.
А пазнаёміліся хлопцы параўнаўча нядаўна, на першым курсе. Справы іх агульныя пазнаёмілі. Зараз Раман жыве ў інтэрнаце. Правілы рэжыму строгія — з горада туды так проста не зойдзеш. Так што, акрамя як на занятках, хлопцы бачацца пераважна па выхадных. А часта возьмуць дый махнуць да Ромкі ў Валосавічы. Дарма што гарадскі, у Жэньку таксама “вясковая крывінка” цячэ. І на вольнай волі, на прыродзе, адчувае ён сябе як рыба ў вадзе. Не раз, “стомлены дарогай”, з’язджаў да бабулі з дзядулем у вёску пад Клічаў. Там і кароў пасвіў, і касіў, і за плугам хадзіў, і да дзяўчат бегаў. Вяртаешся раніцой і шчаслівы завалішся ў кароткім салодкім сне на духмяным сенавале, а сонца ўжо тут як тут, пеўні зноў пабудку ладзяць. Які вясковы пацан не прайшоў праз гэта!
Таму і ў Валосавічах, у сябрука, не сядзіцца Жэньку. Вось яны з Раманам задумалі альтанку збудаваць, ды не дзе-небудзь, а ў лесе дрымучым, у пушчы. Сказана — зроблена. Ды з чаго! З падручнага матэрыялу. А якая прыгожая атрымалася! Жэнька нават “УКантакце” яе выклаў.
Рукі ў сябрукоў на ўсё здатныя. Вось хадзілі абодва ў гурток па слясарнай справе да майстра Уладзіміра Быкава. Там самі рабілі сельскагаспадарчае абсталяванне. Дахадзіліся, што… барану вынайшлі. Барана, як і веласіпед… Паспрабуй вынайдзі, калі ён ужо ёсць, даўно іншымі прыдуманы. Аднак жа не быў бы ты падлеткам, каб хаця б раз у жыцці не паспрабаваў прыдумаць тое, чым ужо, здавалася, нікога не здзівіш. Дык вось — здзівілі: прыдумалі сваю барану. Працавалі ўтрох, майстар дапамагаў кляпаць-варыць. Урэшце барана атрымалася такая, што паехала ў Віцебск на выставу.
З тэхнікай у Жэні Ільіна доўгае і стабільнае сяброўства. Гадоў у дванаццаць прыдбаў веласіпед. Тут жа і разбіў. Ланцуг зваліўся, кола васьмёркай парабілася. Ён да дзеда звярнуўся. Той толькі ўсміхнуўся ў адказ: “А не, унучак, так не пайдзёць. Я табе веласіпеды не нарамантуюся”. Уручыў яму ключы гаечныя — і наперад. Як кажуць: “Усяго найлепшага”. Унук за працаю, а дзед толькі пасміхаецца ды злёгку парады дае. Неўзабаве “Аист” стаяў як новенькі. А гадоў у шаснаццаць з Ромам сабралі ўжо “Іжа”. Як было ўтрымацца ад спакусы ды не пракаціцца дзе-небудзь у полі чыстым, далей ад злога вока!

pejntbol

У прафтэхвучылішчы — былым ліцэі, а цяперашнім каледжы — цэлая дынастыя Ільіных. Тут дзядуля майстрам працаваў, здымак яго захоўваецца ў музеі, бацька зараз майстар вытворчага навучання і, дарэчы, іх куратар. Малодшы Ільін, мабыць, усё ж пойдзе іншай сцежкаю. Пацягнула ў ваенную прафесію. Марыць Жэня пра спецназ і разведку і ўжо рыхтуецца на тэрміновую. Бо стукнула васямнаццаць, і па заканчэнні, па восені, забяруць “у боты”.
Пакуль што “ваююць” з сябрам хіба што ў Заслонаве, на пейнтболе. Гульня цікавая, маляўнічая, азартная, лічы, што таксама спорт — зноў жа, аб’яднала сябрукоў. Каманда “Joker.pro” не так даўно заняла другое месца ў спаборніцтвах у Беларусі і ездзіла ў Маскву, дзе таксама сярод шаснаццаці каманд-удзельніц апынулася на шостай ступеньцы. А ў хуткім часе плануюць забраць “Кубак рэгіёнаў”. Пейнтбол заварожвае — акунаешся з галавою. І няхай сабе “вайнушка” там несапраўдная, а “жэлейная кроў” лёгка нават не змываецца, здымаецца і раны не баляць. Ды колькі ж задавальнення!
Зараз сябры штурмуюць правілы дарожнага руху, збіраюцца здаваць на правы, бо без іх, як ні круці, няма жыцця “рэальным пацанам”.

На здымках: Яўген Ільін і Раман Смажэўскі; на спаборніцтвах па пейнтболе.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.