В Лепель рыба «приплыла» из Постав

img_1440У час апошняга наведвання базару кінуліся ў вочы некалькі адметных момантаў. Сярод іх першы — адсутнасць мяса на прылаўках мяснога павільёна. Не, кропка райспажыўтаварыства працавала, там можна было набыць рассечаную свініну па 5 рублёў 90 капеек за кілаграм, паўфабрыкаты: фарш, каўбаскі. А вось прадпрымальнікаў, якія звычайна займалі цэнтральныя сталы, у мінулыя выхадныя не было. У чым прычына? Адзін знаёмы выказаў наступную версію:
— У апошнія дні лета пакупнікі выбіралі і набывалі тавары для дзяцей да школы. Сабраць дзіцяці — гэта як мінімум 300 рублёў, а то і больш. Прадпрымальнікі, напэўна, палічылі, што людзі расходавалі грошы, таму ў першыя выхадныя восені ўстрымаюцца ад набыцця мяса, узялі сабе перапынак. Думаю, на наступныя выхадныя зноў будуць працаваць.
Іду па пераходзе ў павільён малочны, і адразу з дзвярэй бачу тры зачыненыя гандлёвыя кропкі, якія спецыялізаваліся на продажы садавіны і гародніны. Латкі і прылаўкі з таварам накрытыя пакрываламі, святло не ўключана, прадаўцоў няма.
— Што здарылася? — пытаюся ў суседак.
— Нічога дзіўнага, — адказваюць. — Сёння гандляры вынеслі свае кропкі і тавар на сельгаспляцоўку, на адкрытае паветра. Так што ўсе працуюць, можна сказаць, у штатным рэжыме.
Малочныя рады былі сярэдняй запоўненасці, некалькі жанчын прапаноўвалі малочныя тавары, мёд. Салодкая прадукцыя каштавала па восем рублёў за паўлітра. Малако прапаноўвалі па чатыры-пяць рублёў за трохлітровы слоік, смятану — 1,50-2 рублі за паўлітра, тварог каштаваў ад пяці да васьмі рублёў за кілаграм, сыр — па дзевяць. Самым дарагім таварам было масла хатняга вырабу — 13 рублёў за кіло.
Паспяшаўся на сельгаспляцоўку. Яна была цалкам запоўненая, вяскоўцы прывезлі бульбу, збожжа, гародніну, дары садоў. Гародніна лепельская суседнічала з таварам прывазным, імпартным. Цэны таксама адрозніваліся, часам адзін і той жа тавар можна было набыць удвая даражэй або ўдвая танней.
Цана на бульбу ўсталявалася на ўзроўні пяці рублёў за вядро. Аднак пры жаданні прадаўцы маглі скінуць і да чатырох рублёў, асабліва калі пакупнік набываў мех-два. А клубні сярэдніх памераў прадаваліся і па тры рублі.
img_1459Цана на зерне ўсталявалася на ўзроўні 3-3,5 рубля за дзесяцілітровае вядро. Па тры рублі прадаваліся ячмень і авёс, а вось пшаніца і жыта прапаноўваліся на 50 капеек даражэй. З пшаніцай усё ясна, яна заўсёды была даражэйшай. Аднак чаму паднялося ў цане жыта? Адказ просты, на яго ў гэтую пару ўзрос попыт, жыта набываюць на сідэраты, зялёнае ўгнаенне. Зараз ім засеюць агароды, каб увесну пераараць або перакапаць. Атрымаецца, што зямля адпачыла і зялёная маса пойдзе на перагной.
Усяго збожжам гандлявалі чатыры кропкі, адна з іх — ад КУВСГП “Лепельскае”, каля “ГАЗелі” дзяжурыла жанчына.
— Як продажы ідуць?
— Прывезлі прыблізна пароўну пшаніцы і ячменю. Першае прадавалі па 3 руб. 50 кап. за вядро, ячмень — па тры рублі роўна. Аднак пакупнікі чамусьці ў першую чаргу звярталі ўвагу на больш дарагі тавар, раскупілі пшаніцу ўсю, пакуль што застаецца ячмень. Спадзяюся, што да канца гандлёвага дня распрададзім і яго.
Наступным важным на сельгаспляцоўцы таварам была белакачанная капуста. Цана на яе таксама адрознівалася. Самую дарагую прадаваў мужчына на краі гандлёвага рада — 70 капеек за кілаграм. У другім канцы пляцоўкі такую ж, на мой погляд, хіба толькі качаны трохі драбнейшыя, прадавалі ўжо па 50 капеек. У трэцім месцы зусім невялікія качаны — відаць, што рэшткі — прапаноўваліся па 40 капеек.
Вельмі шмат было прывезена цыбулі: белай, жоўтай, цёмна-сіняй. Цана была адна — рубель за кілаграм. Прычым яна не адрознівалася ад велічыні пакупкі. Можна было набыць тры-чатыры цыбуліны або пяцікілаграмовую сетку — цана не мянялася. Дарэчы, па рублю за кілаграм прадаваліся і сталовыя буракі.
Варта спыніцца і яшчэ на адным тавары — яблыках. У нарыхтоўчых пунктах садавіну прымаюць па зусім мізэрнай цане — каля пяці капеек за кілаграм, бо сёлета надзіва ўраджайны на яе год. Садаводы могуць зарабіць нашмат больш, калі прывязуць сваю прадукцыю на базар. Там яблыкі прапануюцца па цане ад 50 капеек да рубля за кілаграм. Аднак прадаўцы прызнаваліся, што лепяльчане пакуль што не спяшаюцца набываць іх прадукцыю, прыблізна палову прывезенага тавару яны ў канцы дня звычайна вязуць дахаты.
Восень — спрыяльная пара для высаджвання садовых раслін: яблынь, груш, вішань. У вуглу сельгаспляцоўкі размясціўся мужчына, які прадаваў саджанцы вінаграду. Для дэманстрацыі ён вывесіў гронкі вінаграду, якія вырасціў сёлета. Падышлі дзве жанчыны, завязалася размова.
— Гэта ваш вінаград?
— Так, сам вырошчваю некалькі гадоў.
— Вы яго вырошчваеце ў парніку ці ў адкрытым грунце?
— Вось гэты сорт прызначаны для вырошчвання ў парніку, але я вырошчваю ў адкрытым грунце. Вынікі ёсць.
— А на зіму як яго абараняеце ад маразоў?
Абмен вопытам працягваўся. Вырашыў не чакаць, рушыў далей.
Асобнае слова варта сказаць пра клубніцы. Верасень — аптымальная пара для яе высаджвання ў градкі, таму некаторыя садаводы спецыяльна падрыхтавалі і прывезлі расаду. На цэнтральнай пляцоўцы жанчына прывезла сартавыя клубніцы, вырашчаныя ў спецыяльных пластыкавых ёмістасцях па два рублі за ёмістасць, у якой раслі па два-тры кусцікі. На сельгаспляцоўцы саджанцы прадаваліся па 3,50 за дзясятак.
Гарчыца, рэдзька алейная сёлета таксама карыстаюцца попытам, іх выкарыстоўваюць на зялёнае ўгнаенне. Насенне прывезлі прадпрымальнікі, прадавалі яго на цэнтральнай пляцоўцы па два рублі за кілаграм. Прыблізна падобныя вартасці мае рапс. Насенне гэтай культуры прадаваў фермер на сельгаспляцоўцы па чатыры рублі за пяцілітровае вядзерца, якое змяшчае каля 3,5 кілаграма.
— Людзі не ўсе ведаюць, што гэта за насенне і як яго можна выкарыстоўваць на ўчастку, — кажа мужчына. — Даводзіцца растлумачваць. Да адзінаццаці гадзін прадаў толькі адно вядзерца.
Пасля працяглага перапынку, аж ад красавіка, пачала працаваць гандлёвая кропка ад рыбгаса “Навінкі” Пастаўскага раёна. Дарэчы, калі верыць іх нагляднай рэкламе, цэны ў параўнанні з вясной зніжаны.
— Напрыклад, карпаў адборных у красавіку мы прадавалі па 4,25 за кілаграм, а сёння — па 4,04. Цана на таўсталобікаў таксама зніжана з 3,10 да трох рублёў роўна, — кажа прадаўшчыца. — Гэта звязана з тым, што сёлета гаспадарка выгадавала вельмі шмат рыбы, прадаём яе амаль па ўсёй вобласці, учора, напрыклад, я гандлявала ў Полацку.
— Як продажы ў Лепелі?
— Пакуль што сярэднія. Мы прывезлі 400 кілаграмаў жывой рыбы. На дадзены мамант, а адзінаццатай гадзіне, рэалізавана каля ста кілаграмаў. Спадзяюся, што далей будзе больш інтэнсіўна.
Б. САНЕЎ.
На здымках: у час базару.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.