В очередной раз пошел в «крутое пике» — запой

90161_b0 На пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку былі разгледжаны шэсць выпадкаў правапарушэнняў. У аснове прычын большасці іх — злоўжыванне спіртным. Людзі за шклянкай таннага віна не бачаць ні сям’ю, ні працу, ні прыгажосці жыцця. Адзіная мэта — знайсці грошай, каб выпіць, потым зноў дадаць, а на завяршэнне — у п’яным чадзе тварыць ліха. Прыблізна па такім прынцыпе жыве Яўген, хлопец 1999 года нараджэння. Сям’я шматдзетная, акрамя сына растуць яшчэ дзве дачкі. Маці і айчым працуюць. Яўген жа жыве весела.

Хлопец яшчэ ў школьным узросце пачаў “вызначацца”, прычым далёка не ў лепшы бок. Задзірысты, пастаянна лез у бойку, спрачаўся, і часцей без усялякай справы ці нагоды, проста так, каб лішні раз паказаць сваё “я”. У сярэдніх класах яго паставілі на ўнутрышкольны прафілактычны ўлік, а потым пакацілася-паехала: інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама. Туды рэгулярна даводзілася прыходзіць разам з маці.
Сяк-так скончыў школу, прынялі ў дзяржпрафліцэй. Здавалася б, вучыся, атрымлівай спецыяльнасць, наладжвай жыццё. Аднак хлопец і тут стаў праяўляць сябе з самага негатыўнага боку. Скандальны характар дапоўніўся ўжываннем спіртнога. У выніку Яўгена выключылі з ліцэя.
Нагодай для выкліку на пасяджэнне грамадскага пункта стаў чарговы п’яны інцыдэнт. Яўген зноў напіўся, страціў над сабой усялякі кантроль, завёў бойку з айчымам. Сцены і падлога скаланаліся спачатку ад п’яных крыкаў, а потым ад удараў. Маці была вымушана выклікаць міліцыю.
На пасяджэнні Яўген тлумачыў:
— Так я спакойны, ні да каго не вяжуся, жыву сабе. Толькі калі вып’ю…
Паколькі хлопец не давучыўся, то не мае ні спецыяльнасці, ні стажу працы. А таму кудысьці ўладкавацца — праблема. Ды і, будзем глядзець сур’ёзна, далёка не кожны кіраўнік захоча мець справу з падобным праблемным работнікам. Хлопцу прапанавалі:
— На хлебазаводзе нядаўна адкрылася вакансія грузчыка. Кваліфікацыя і вопыт працы не патрабуюцца, навучаць на месцы. Пойдзеце?
— Я б не супраць. Але ж у мяне пашпарта няма.
— Як?
— Нядаўна пад час чарговай п’янай спрэчкі сам парваў. Зараз падаў заяву ў РАУС, каб выдалі новы. Але ж павінен прайсці пэўны час, пакуль яго зробяць…
— А дзе вы грошы бераце на выпіўку?
— Сябры…
Маладому чалавеку прапанавана прайсці курс лячэння ад алкагалізму. Маёр міліцыі Алег Аўтух напомніў:
— Калі вы, малады чалавек, не памяняеце свае паводзіны, калі не будзеце лячыць залежнасць ад спіртнога, то вашым наступным месцам жыцця можа стаць лячэбна-працоўны прафілакторый.
Лепяльчанін Аляксандр 1966 года нараджэння ўжо даўно ідзе па нахільнай. У мужчыны па жыцці засталася толькі адна верная сяброўка — бутэлька. Яна замяняе сабой і працу, і дом, і сям’ю. Аляксандр жыве ў доме, пабудаваным яшчэ яго бацькамі. Аднак пабудова даўно не бачыла ні рамонту, ні нават нармальнага догляду. Што казаць, калі там за няўплату адключана электразабеспячэнне. Аляксандра раней неаднаразова судзілі, у асноўным за крадзяжы. Паколькі не працуе, іншага спосабу здабыць грошы на пітво, як што-небудзь скрасці, а потым прадаць, не ведае. Зрэдку перабіваецца выпадковымі часовымі заробкамі. Пры гэтым мужчына мае ў руках запатрабаваную спецыяльнасць — зваршчык.
Нагодай для выкліку мужчыны на пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку стала рабаўніцтва — так у судзе кваліфікаваны той інцыдэнт. Аляксандр 90161_b0. Як заўсёды, амаль увесь час праводзіў каля крамы, на сабраныя па капейчыне грошыкі тут жа атаварваўся вінцом. Аднак жа пасля выпіўкі захацелася і закусіць, на гэта грошай ужо не было.
У гэты ж момант з дзвярэй крамы выйшаў знаёмы. Мужчына таксама быў у гадах. Ён купіў харчоў, склаў іх у пакет, які прыладкаваў на ровар. Аляксандр выбраў момант, падышоў, схапіў пакет, вырваў і штосілы пабег. Збянтэжаны пацярпелы толькі вачыма міргаў ад нечаканасці. Пакуль апамятаўся, злодзей збег. Заява ў міліцыю — крымінальная справа — суд. Апошняя інстанцыя прыняла ва ўлік, што ранейшыя судзімасці былі пагашаны, што ўрон быў нанесены невялікі, таму прыгаварыў правапарушальніка да грамадскіх работ.
Што самае прыкрае, у словах і голасе Аляксандра не чулася і ноткі раскаяння ці шкадавання. Мужчыну такі лад жыцця цалкам задавальняе. Яго не цікавіць, чым жывуць дзеці, як у іх справы. Яму ўсё роўна, што дах працякае, што людзі глядзяць на яго як на пудзіла і стараюцца лішні раз не загаварыць. Адзіная мэта — хутчэй выйсці, дайсці да бліжэйшай крамы, шукаючы ў кішэнях курткі капейкі, і, калі пашанцуе, купіць маленькую пляшку таннага віна.
Вось такі тыповы жыццёвы шлях алкаголіка: пачынае з п’янак і дэбошаў, а заканчвае судзімасцю з-за чарговай п’янкі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.