На чем основывает свою деятельность хозяйство «Караевичи»?

Аснову сельскагаспадарчай вытворчасці Лепельшчыны складаюць 2 буйныя сельгасфіліялы “Заазере” і “Баброва-Агра”, якія разам апрацоўваюць больш за палову ворыўных плошчаў раёна, вырошчваюць большую частку ўраджаю зерневых культур. Аднак захаваліся і гаспадаркі невялікія, накшталт ранейшых калгасаў. Адна з іх — падсобная гаспадарка Мінскага завода шасцерань “Караевічы” — месціцца ў аднайменнай вёсцы. Вырашылі наведаць гаспадарку, каб даведацца, як абстаяць тут справы.

У кастрычніку спаўняецца 30 гадоў, як “Караевічамі” кіруе Мікалай Папко.

— Мой тата, Мікалай Андрэевіч, у свой час быў старшынёй калгаса “Перамога” Зацякляскага сельсавета. У 1960 — 1970-ыя гады гэта была моцная гаспадарка, дзе заўсёды быў добры ўраджай збожжавых, бульбы, гародніны, льну, надойваліся тысячы тон малака, рэалізоўвалася дзяржаве мяса. Я, як і тата, вырашыў звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Атрымаў спецыяльнасць інжынера, а ў 1991 годзе ўзначаліў “Караевічы”. Так і працую тут да цяперашняга часу.

Вось як суразмоўца апісвае гісторыю стварэння гаспадаркі:

— У 1970 — 1980-ых гадах на землях вакол падсобнай гаспадаркі “Караевічы” працаваў асобны вытворчы ўчастак саўгаса “Бароўка”. Цэнтральнай сядзібай саўгаса была вёска Матырына. Здаецца, недалёка, каля 7 кіламетраў, але дабрацца сюды было вялікай праблемай, дарогі не існавала. Глебы гліністыя, таму няцяжка сабе ўявіць, якім быў нялёгкі шлях. Зімой і летам, калі суха, можна было дабрацца на грузавіку, а вясной і восенню, пад час дажджоў, нават трактары буксавалі. Камбайны, каб абмалаціць палеткі, ехалі наступным маршрутам: Матырына — Лепель — Заслонава — Караевічы. Апошні ўчастак дарогі і цяпер праходзіць праз лес. У гэты ж перыяд у СССР сталі ўзнікаць цяжкасці ў забеспячэнні харчаваннем. Адным з варыянтаў выйсця стала стварэнне пад патранатам прамысловых прадпрыемстваў падсобных гаспадарак. Разлік быў наступны: гараджане дапамагаюць вяскоўцам, за тое атрымліваюць бульбу, мяса, малако і гародніну. Вось з такой мэтай у 1985 годзе і была створана падсобная гаспадарка “Караевічы”. Першапачаткова яна адносілася да Лепельскага завода шасцерань. За першыя 6 гадоў тут змяніліся 4 кіраўнікі. Зараз мы прадстаўляем сельскагаспадарчы цэх Мінскага завода шасцерань.

— Супрацоўніцтва, абмен харчавання на дапамогу працягваецца?

— Так, але ў значна меншых абёмах. Цяпер няма тых праблем у забеспячэнні харчаваннем, якія былі ў савецкія часы. Пры наяўнасці грошай можна на месцы набыць што заўгодна. Аднак перыядычна адвозім мяса на заводскую сталовую ў г.Мінск. У астатнім жа працуем як звычайная сельгасарганізацыя, імкнёмся выйсці на бясстратную працу, па магчымасці — атрымаць прыбытак.

— На сённяшні дзень сельгасарганізацыі Лепельшчыны, акрамя філіяла “Баброва-Агра” і ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, працуюць у галіне развіцця малочнай жывёлагадоўлі, атрымліваюць асноўныя даходы ад вытворчасці і рэалізацыі малака. Якія ў вас асноўныя крыніцы даходаў?

— Мясная жывёлагадоўля. У сельгасарганізацыях набываем бычкоў, гадуем іх, адкормліваем да патрэбных кандыцый, гэта значыць, да масы ў 400 і больш кілаграмаў, і здаём на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. У асноўным мы рэалізуем іх у Паставы. На гэтым прадпрыемстве прапаноўваецца больш выгадная цана. Таксама вырошчваем і рэалізуем збожжа. Сёлета, напрыклад, атрымалі неблагі ўраджай. Валавы намалот перавысіў 510 тон у бункернай вазе, ураджайнасць склала 29,3 цэнтнера з гектара. Спачатку запоўнілі збожжам усе склады, гэта больш за 300 тон, астатняе, каля 145 тон, прадалі фііліялу “Лепельскі ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Захаванае збожжа будзем рэалізоўваць зімой і вясной. У гэты час, як правіла, цана на яго значна ўзрастае.

— Многія гаспадаркі Лепельшчыны сёлета наракаюць на дрэнны ўраджай з-за засухі. Як вам удалося вырасціць неблагое збожжа?

— Пацярпелі і мы. І ў нас некаторыя ўчасткі высахлі, загінулі — усяго каля 40 гектараў. Аднак нас уратавалі нашы гліністыя глебы, якія складаюць больш за 80 працэнтаў нашых сельгасугоддзяў. Вільгаць, якая патрапіла ў гліну вясною, захоўвалася даволі доўгі час, і гэта дазволіла раслінам набраць жыццёвай сілы. Безумоўна, вялікую ролю мае выкананне тэхналогій: своечасовая сяўба, унясенне ўгнаенняў, падкормкі, хімпраполкі і г.д.

— Сёлета, па словах спецыялістаў, вельмі выгаднае вырошчванне рапсу. Вы займаецеся гэтай культурай?

— Не. Для вырошчвання рапсу, як і любой культуры, патрэбны адпаведныя кампетэнцыі, веды, навыкі. Неабходна парца дасведчанага агранома, які ведае, як правільна вырошчваць, даглядаць тую ці іншую расліну. Мы ж пакуль што назапасілі багаты вопыт па вырошчванні збожжавых і траў, яго і рэалізуем на поўную меру.

— Купляць бычкоў, каб потым іх гадаваць, — даволі стратная справа, якая патрабуе капіталаўкладанняў на самым пачатку. Ці не задумваліся вы аб арганізацыі жывёлагадоўлі па поўным цыкле з каровамі, якія будуць даваць сваіх цялят мясных парод?

— Думалі, разважалі над такім накірункам. Я нават не аднойчы наведваў ферму СВФ “Заазере” ў вёсцы Будзяўцы, дзе спецыяльна гадуецца жывёла мясных парод, цікавіўся іх досведам. Аднак кіраўніцтвам Мінскага завода шасцерань пакуль што не разглядаецца такі крок. Так, дырэктар завода Віталь Шэлег, яго намеснік Аляксандр Скарына па меры сіл дапамагаюць нам, у першую чаргу ў абнаўленні тэхнікі. Аднак на Мінскім заводзе шасцерань праблем хапае, патрабуецца мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў. Таму мы шчыра ўдзячны ім за той абём увагі і дапамогі, які выдзяляецца сёння.

— Прайшоўшы па мехдвары, заўважыў, што ў вас даволі шмат новай тэхнікі: трактар МТЗ-1221, прычэпы, бочкі, дыскавыя бароны, плугі і шмат іншага. Гэта дапамога Мінскага завода шасцерань. А якую тэхніку ці абсталяванне вам хацелася б абнавіць у бліжэйшы час?

— У першую чаргу хочацца замяніць сушылку. Дзеючая — 1991 года выпуску, яна ўжо выпрацавала свой рэсурс. Між тым хуткасць высушвання збожжа — адзін з галоўных фактараў поспеху. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з такім жа сельскагаспадарчым цэхам Мінскага трактарнага завода “Гайна”. Ён размешчаны ў Лагойскім раёне, апрацоўвае ці не палову земляў рэгіёна. У іх ёсць вялікія, высокапрадукцыйныя сушыльныя комплексы і адзін маленькі. Сёлета ён быў незагружаны. Зараз вядзём перамовы, каб яго перадалі нам. І яшчэ хацелася б купіць новы камбайн КЗС-1218. У нас ёсць КЗС-10, аднк ён стары, выпрацаваў амаль увесь рэсурс. Калі б набыць другі, то ў 2 камбайны мы б уборачную кампанію праводзілі б нашмат хутчэй.

— Дарэчы, не ўзнікала праблем з абмалотам прыватных агародаў?

— Ніякіх. На сённяўшні дзень мы цалкам абмалацілі свае збожжавыя, абмалацілі агароды ў Караевічах і навакольных вёсках, нікога не абмінулі. Увогуле, гаспадарка шмат дапамагае мясцовым жыхарам у апрацоўцы іх уласных участкаў. Пераворваем, праводзім культывацыю, дапамагаем засейваць і выдзяляем сена. Праўда, з кожным годам прыватнае пагалоўе ўсё больш і больш скарачаецца. Аднак гэта тэндэнцыя не ўнікальная для Караевічаў, так адбываецца паўсюдна.

— Мікалай Андрэевіч, якія асноўныя цяжкасці стаяць перад гаспадаркай?

— Акрамя вышэй названых, галоўная — недахоп людзей, рабочых. Моладзь, на вялікі жаль, усё радзей і радзей выбірае сельскагаспадарчыя прафесіі. У нас жа, вы бачылі, большасць работнікаў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Маладых механізатараў, жывёлаводаў няма.

Акрамя кіраўніка, удалося пагутарыць і з некаторымі радавымі работнікамі. Жывёлаводы Таццяна Патоцкая і Вольга Парахонька якраз у той час насыпалі муку для жывёлы. Таццяна кажа:

— Раей мы працавалі ў саўгасе “Бароўка”, КУВСГП “Баброва”, таму можам параўноўваць. У “Караевічах” значна лепш. Самы галоўны паказчык — заробак — выплочваецца ў поўнай меры і рэгулярна. У ААТ “Баброва” зарплата выплочвалася па частках, пералічвалася на краму. На рукі атрымліваем каля 700 рублёў. Так, гэта не вельмі шмат, але іншай працы ў Матырыне, дзе мы жывём і працуем на ферме, няма.

Пагутарыў і з Валерыем Палянскім.

— Кім працуеце?

— Вадзіцелем, а па сумяшчальніцтве — трактарыстам. На маім МТЗ-1221 2008 года выпуску застукаў рухавік. Агрэгат знялі, адвезлі на капрамонт у Мінск. Аднак, кажуць, што павінны прывезці новы рухавік. Чакаю. Заадно хацелася б змяніць пярэднюю перамычку рамы, мацаванне пальца разбілася за гады. Вось гэтыя б работы выканаць — і на трактары можна працаваць яшчэ не адзін год.

Пакуль што Валерый Міхайлавіч працуе на іншым МТЗ-1221, дыскуе глебу ў першую змену. У другую змену за руль трактара сядае Сяргей Лемешаў, а з раніцы працуе на корманарыхтоўчым комплексе КВК-800. Вось што ён распавёў:

— У пачатку рабочага дня мая задача — прынесці корм для жывёлы. Кашу травы напрамую. У пачатку лета працы было больш, мы нарыхтавалі сенажу на зімовы стойлавы перыяд.

— А кукурузу на сілас?

— Кукурузу не вырошчваем па простай прычыне: ёй не даюць вырасці дзікі, з зямлі насенне выкопваюць і зядаюць.

У асноўным у “Караевічах” жыццё і праца ідуць даўно вывераным шляхам. Тут шчыруюць адданыя справе людзі з багатым прафесійным і жыццёвым досведам. Ім на ранішняй разнарадцы не трэба асабліва нічога даводзіць, кожны ведае сваю справу і старанна выконвае яе.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: дырэктар “Караевічаў” Мікалай Папко і бухгалтар-эканаміст Мая Зяновіч; жывёлаводы Таццяна Патоцкая і Вольга Парахонька насыпаюць муку; галоўны інжынер Сяргей Цімашкоў і механізатар Валерый Палянскі вызначаюць ступень зношанасці агрэгата трактара; камбайнеры Міхаіл Гайдукоў і Уладзімір Грыгаровіч, на КВК-800 працуе Сяргей Лемешаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.