Веселые аккорды ярмарки

img_8763Школьны кірмаш праходзіў на ўчастку вуліцы Данукалава ля магазіна «Універмаг». На момант прыходу карэспандэнта актыўна вялася падрыхтоўка да свята: прадстаўнікі ўстаноў адукацыі афармлялі свае гандлёвыя месцы і рэпеціравалі творчыя нумары. Я ж адразу скіраваўся на паркоўку, якая была адведзена для работы сельгасарганізацый раёна.

img_8669Земляробы Лепельшчыны
На кірмаш прыбылі ўсе сельскагаспадарчыя ўстановы, за выключэннем ААТ «Ладасна» і філіяла «Баброва-Агра». Хаця тут вырошчваюцца тыя ж культуры, што і ў астатніх: збожжавыя і рапс. Магчыма, гэтыя ўстановы не наведалі кірмаш з-за значнай адлегласці ад райцэнтра.
Што можна было купіць? Усе сельгаспрадпрыемствы на сваіх пляцоўках прапаноўвалі пакупнікам збожжа. Пры гэтым адзначу, што цэны былі ніжэйшыя, чым у іншы базарны дзень. Так, пшаніцу, ячмень можна было набыць па 3 рублі за вядро, а цана на жыта ў некаторых, як, напрыклад, у СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», апускалася да 2 рублёў. У той жа час вядро гароху, вельмі папулярнага ў рыбаловаў для гатавання прынады, каштавала 10 рублёў. Таксама можна было на­быць насенне рапсу, свірэпіцы і траў. У прыватнасці, работнікі ААТ «Лепельаграсэрвіс» (былога калгаса імя Чапаева) прывезлі на кірмаш рапс па 3 рублі за кілаграм, свірэпіцу – па два з паловай, а цімафееўку – па 2 рублі за кілаграм.
У апошнія гады ў раёне найбольш актыўна займаюцца вырошчваннем бульбы ААТ «Чарэйшчына» і ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» – абедзве гаспадаркі прывезлі бульбу на продаж. Некалькі дзён таму ў час размовы з намеснікам дырэктара ўстановы Андрэем Тарасевічам даведаўся, што рэнтабельны кошт продажу бульбы для іх арганізацыі складае 60 капеек за кілаграм. Гэты ўзровень бульбаводы раёна і трымалі на працягу ўсяго гандлёвага дня. Нягледзячы на значную канкурэнцыю, іх прадукцыя да абеда была амаль цалкам рэалізавана. Праўда, калі ў ранейшыя гады пакупнікі ў асноўным набывалі па 5-10 мяхоў, то ў гэты дзень – да 4 і толькі ў некаторых выпадках – больш.
Працаўнікі ААТ «Лепельаграсэрвіс» прапаноўвалі пакупнікам арганіку па 10 рублёў за тону, столькі ж каштавала і яе дастаўка. Як і ў мінулыя гады, гэты тавар аказаўся даволі запатрабаваны.

img_8685Госці-канкурэнты
Падыходжу да пляцоўкі, дзе прапаноўвалі сваю прадукцыю прадпрыемствы-канкурэнты. Непадалёк ад ААТ «Чарэйшчына» і ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» спыніўся мікрааўтобус з Брэсцкай вобласці. Гандляры з паўднёва-заходняга рэгіёна прывезлі сваю гародніну. Бульбу, у асноўным сорту «гала», прапаноўвалі па 55 капеек за кілаграм. Гэта, вядома, быў іх асноўны тавар, якім быў запоўнены амаль увесь грузавы адсек аўтобуса. Прадавалі таксама капусту па 50 капеек, цыбулю – па 70, моркву – па 65, буракі – па 60 капеек. Перац прапаноўваўся па 2 рублі, а баклажаны – па 1,50. Адметнасцю брэсцкага продажу сталі грэцкія арэхі, якія хлопцы прадавалі па 5 руб­лёў за кілаграм.
Бульбу па 50 капеек за кілаграм прывезлі прадстаўнікі сялянскай гаспадаркі з Чашніцкага раёна, філіяла «Вясна-Энерга» і прадпрыемства «ФрутРэал» з г. Полацка. Нашы суседзі, акрамя бульбы, прывезлі таксама капусту, буракі і моркву па такой жа цане – 50 капеек за кілаграм, і яблыкі па 1,50. Філіял «Вясна-Энерга» – гэта цяплічны камбінат, дзе вырошчваюцца не толькі бульба, а і розная гародніна. Так, работнікіпрадпрыемства радавалі пакупнікоў салатай, кропам і базілікам па 83 капейкі за кілаграм, памідорамі па 55 капеек і агуркамі па 1,79. Прапаноўвалася таксама пекінская капуста па 2,20. «ФрутРэал» увогуле спецыялізуецца на аптовым і рознічным гандлі садавінай і гароднінай айчыннай і імпартнай вытворчасці, таму калі пераліч­ваць асартымент прадпрыемства, спіс не змясціўся б на старонку.
Самая ж танная бульба на раённы кірмаш была прывезена Віцебскім занальным інстытутам сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вялікія харчовыя клубні сорту «брыз» прадаваліся па 44 капейкі за кілаграм. Кіраўнік групы маркетынгу інстытута Сяргей Калаткоў адзначыў:
– Акрамя бульбы, мы прывезлі пшаніцу па 40 капеек за кілаграм. Такім чынам, вядро каштавала б 4 рублі. Для продажу на сёлетнім кірмашы гэта дарагавата, таму мы яе і не прапанавалі пакупнікам, дастаткова і бульбы.
– А ці займаецца ваша ўстанова продажам насеннай бульбы?
– Так, кожны год інстытут толькі прыватным пакупнікам рэалізуе каля 200 тон насеннай бульбы элітных і суперэлітных рэпрадукцый. Аднак продажам насення ў асноўным мы пачынаем займацца з канца зімы. Зараз жа асноўная ўвага скіравана на продаж бульбы харчовай.
Абавязковымі ўдзельнікамі раённых кірмашоў і іншых мерапрыемстваў з’яўляюцца і работнікі Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства. Натуральна, зерня і насення траў у асартыменце гэтай арганізацыі не было, затое прапаноўваліся бульба па 64 капейкі за кілаграм, журавіны – па 5,6, вінаград – па 3,99, а агуркі – па 1,85. Памідоры на пляцоўцы філіяла можна было набыць па 1,71, перац – па 2 рублі, моркву і буракі – па 40 капеек, а цыбулю – па 1,10.

img_8699Тавары нехарчовыя
У кутку парковачнай плош­чы, насупраць крамы «Родны кут» быў наладжаны гандаль ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод». Аднак гэту пляцоўку можна было б назваць выставачнай. Асартымент прадукцыі быў прадстаўлены даволі шырокі як па пераліку, так і па кошце. Там можна было набыць напрыклад, недарагія прылады для кухні: рыдлёўкі, таўкачы, скалкі… Побач было размешчана крэсла-качалка за больш, як 300 рублёў. Аркі і іншыя вырабы з металу прыватныя пакупнікі заказваюць нячаста, у асноўным іх набываюць прадпрыемствы і арганізацыі. Вельмі прыемна, што работнікі рамонтна-механічнага завода не пакінулі мерапры­емства па-за ўвагай, прапанавалі сваю прадукцыю гасцям.
Вельмі ажыўлена было на гандлёвай пляцоўцы з паліто, курткамі і іншай верхняй вопраткай. Там амаль пастаянна былі пакупнікі. Жанчыны прымяралі, набывалі вопратку. Папрасіў прадаўца больш падрабязна расказаць пра сябе і прадукцыю, якая прапаноўваецца.
– Я – Анжэла Казлова, старшы прадавец фірменнай крамы прадпрыемства «Элема» ў Полацку. Мы атрымалі запрашэнне наведаць раённы кірмаш у г. Лепелі і з задавальненнем пагадзіліся.
– Наколькі тавар фірменнай крамы цікавы для жыхароў раёна?
– Інтарэс праяўляюць многія, але пакуль што набылі толькі 2 паліто. Мяркую ў сённяшні дзень пакупнікі больш зацікаўлены сельгас­прадукцыяй: бульбай, зернем, морквай, буракамі і капустай. Спадзяюся, што праз некалькі гадзін, калі продаж сельскагаспадарчай прадукцыі будзе набліжацца да завяршэння, пакупнікі пажадаюць набыць і наша адзенне.
– Жадаю ўдачы!

Мяса
і мясапрадукты
Некалькі апошніх гадоў мясны гандаль быў прадстаўлены толькі ААТ «Лепельаграсэр­віс». Вось і сёлета работнікі ўстановы прывезлі на забойную пляцоўку Лепельскага філіяла ААТ «Віцебскі мясакамбінат» бычка жывой вагой 250 кілаграмаў.
Самае дарагое мяса, шыйная частка па 18 рублёў за кілаграм, было прададзена ў ліку першых. Затым рэалізоўваліся паляндвіца па 17 рублёў, выразка з кумпякоў па 15, а з лапатак – па 12. На момант прыходу карэспандэнта заставаліся некалькі кавалкаў ад кумпякоў, лапатак і косці.
Такую зацікаўленасць прадаўцы патлумачылі тым, што свежая цяляціна з’яўляецца на базары нячаста, таму пакупнікі і скарысталіся магчымасцю.
Упершыню працавала выязная кропка холдынга «Славянскі Велес». Калі больш дакладна, яна была падрыхтавана сеткай магазінаў «Мясная лаўка». Да паркоўкі ля магазіна «Універмаг» паступова выстройваліся чэргі. Хаця асартымент і цэны на гандлёвай пляцоўцы былі такія ж, як і ў «Мясных крамах», жыхароў раёна прываблівала магчымасць набыць мясныя прадукты тут жа, на кірмашы.
Такім жа чынам была запоўнена і пляцоўка філіяла «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».

img_8702Забаўляльная праграма
Яркімі момантамі кірмашоў яшчэ ў 1990-я гады былі латарэі, калі ў якасці суперпрыза разыгрываўся бычок. Апошнія ж 10-12 гадоў розыгрыш латарэй не праводзіліся. Таму я быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў шыльду ля МАЗа СВФ «Заазер’е»: «Латарэя!!!» У ёй разыгрываліся мех пшаніцы, мех ячменю, 7 прызоў па 3 кг рэдзькі алейнай, а таксама 5 кілаграмаў рапсу. У якасці суперпрыза было прадстаўлена 5 тон гною з дастаўкай. Кошт латарэі складаў усяго 2 рублі.
– І як жа праводзіцца розыгрыш латарэі? – пытаюся ў старшыні прафарганізацыі «Заазер’я» Вячаслава Ляйко.
– Раскупілі білеты за некалькі гадзін. Запомніўся адзін мужчына, які набываў білеты прыблізна 8 разоў, некалькі прызоў выйграў. А гной дастаўся пакупніку з завулка Пышнянскі ў Лепелі.
– Пашанцавала. А калі б пераможца аказаўся з Баброва?
– Павезлі б і туды…

Школьны кірмаш
Калі кірмаш сельскагаспадарчы быў накіраваны перш за ўсё на атрыманне прыбытку, забеспячэнне пакупнікоў запатрабаванымі таварамі, то юныя гаспадары школьнага кірмашу імкнуліся ўсім – і ­ўдзельнікам, і гасцям узняць настрой. Хлопчыкі і дзяўчынкі не скупіліся на жарты і песні, здзівілі гледачоў непаўторнымі вырабамі з садавіны і гародніны. Некаторыя з іх можна было б назваць шэдэўрамі. Дзяўчаты напяклі пірагоў і пячэння, хлопцы прынеслі вязанкі цыбулі, мяхі яблыкаў і груш, а таксама змайстравалі арыгінальныя вырабы. Несумненна, кожны падворак прыцягваў увагу сваёй самабытнасцю, цудоўным творчым афармленнем і шчодрымі пачастункамі.
* * *
Кірмаш адгаманіў і супакоіўся толькі ў 2-й палове дня, калі гандляры зачынілі свае пустыя аўтамабілі і пакінулі старую базарную плошчу. Задаволеныя пакупнікі ад’яз­джалі дадому на сваіх, ужо загружаных аўтамабілях, а вучні, работнікі ўстаноў адукацыі і культуры збіралі свае рэчы, каб таксама дабрацца дадому і адпачыць. Усе былі стомленыя, бо дзень аказаўся доўгім і насычаным. Аднак разам з тым у кожнага было адчуванне задаволенасці, што раённы кірмаш адбыўся на высокім узроўні.
Яшчэ больш фотаздымкаў можна пабачыць на нашым сайце old.lepel-kraj.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.