Воинов-интернационалистов Лепельщины не покидают печальные воспоминания

dsc_07391979 — 1989 гады… Напэўна, гэты перыяд многім ні аб чым не нагадае, што нельга сказаць аб лепяльчанах, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Афганістане. Для іх гэта доўгія дзесяць год, якія пакінулі пасля сябе жахлівыя ўспаміны і раны на сэрцы. І час не зможа сцерці тыя падзеі. Многія з воінаў-інтэрнацыяналістаў не вярнуліся з пекла. Людзі, якія прайшлі праз агонь вайны, дастойныя павагі.
Шмат часу мінула з той пары. У 2019 годзе будзе адзначацца 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. На карце ўжо няма СССР, аднак сярод нас жывуць людзі, якія пралівалі кроў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак.

Сотні лепяльчан прайшлі тымі звілістымі і пакручастымі дарогамі афганскай вайны. На жаль, з кожным годам удзельнікаў кровапралітнай падзеі становіцца ўсё менш. Гутарым са старшынёй Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргеем Крывялём.
— Сяргей Мікалаевіч, колькі нашых землякоў удзельнічала ў баявых дзеяннях? Колькі з іх загінула?
— 320 лепяльчан удзельнічала ў той жахлівай вайне, восем нашых землякоў загінула. На сённяшні дзень 161 ветэран пражывае на Лепельшчыне.
— З канца 80-х гадоў пачалі ўтварацца грамадскія аб’яднанні на ўсёй тэрыторыі СССР. Калі на Лепельшчыне ўзнікла такога роду аб’яднанне?
— У гэты ж перыяд з’яўляецца першае аб’яднанне і ў Лепельскім раёне. На пасяджэнні бюро Лепельскага райкама ЛКСМБ, якое адбылося ў 1985 годзе, прынята рашэнне аб стварэнні раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Быў абраны раённы савет воінаў-інтэрнацыяналістаў, у склад якога ўвайшло трынаццаць чалавек. Старшынёй савета быў прызначаны інструктар Лепельскага РК ЛКСМБ, воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Тарасаў, намеснікамі старшыні — Сяргей Крыцкі і Юрый Міцкевіч.
— З якой мэтай стваралася аб’яднанне і якая работа праводзілася?
— Па-першае, для вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў, увекавечвання памяці загінуўшых і дапамогі іх сем’ям. Імкнуліся распавесці маладому пакаленню аб тых жахлівых падзеях, выступалі ў школах. На той час арганізацыя была нешматлікай, аднак актыўнай і дзейснай. Заўсёды ўдзельнічалі ў грамадскай працы. Наведвалі сем’і загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.
— З часам аб’яднанне стала называцца «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»…
— У 1993 годзе пачалася работа па аб’яднанні існуючых у Беларусі арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэтым жа годзе Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Статут арганізацыі прыняты на Устаўной канферэнцыі. На працягу 1993–1994 гадоў вялася актыўная работа па стварэнні абласной арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. На пасаду старшыні раённай арганізацыі абралі ветэрана баявых дзеянняў у  В’етнаме і  Афганістане палкоўніка запасу Барыса Егіна.
Лепельская раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў была зарэгістравана ў пачатку 1994 года Воіны-інтэрнацыяналісты наведвалі навучальныя ўстановы, выступалі ў воінскіх часцях і удзельнічалі ў раённых мерапрыемствах.
— Кожны год 15 лютага воіны-інтэрнацыяналісты наведваюць магілы загінуўшых…
— Так, менавіта гэты дзень у 1995 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Штогод у  гэтую памятную дату наведваюцца магілы загінуўшых баявых таварышаў у  вёсках Ляхавічы, Кабак, Вялікі Поўсвіж, Велеўшчына і г. Лепелі.
— Сяргей Мікалаевіч, давайце ўзгадаем іншых старшыняў аб’яднання…
— У 1999 годзе, згодна з  заканадаўствам, арганізацыя прайшла перарэгістрацыю як Лепельская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», старшынёй быў абраны падпалкоўнік запасу Валерый Пятунін. З 2004 па 2006 год на гэтай пасадзе знаходзіцца Сяргей Расказаў. З 2006-га старшынёй Лепельскай раённай арганізацыі ГА «БСВВА» з’яўляюся асабіста я.
— Вы сказалі пра ўвекавечанне памяці загінуўшых. Што ў гэтым напрамку зроблена?
— За перыяд існавання арганізацыі праведзена вялікая работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых. У гонар Сяргея Спірыдовіча, Ігара Салаўёва і Ігара Нападоўскага названы вуліцы ў г. Лепелі. Акрамя гэтага, устаноўлены памятныя знакі і помнікі ў г. Лепелі, вёсках Заслонава і Бароўка. Трэба, каб маладое пакаленне памятала пра тыя трагічныя падзеі і не дапусціла іх паўтарэння.
У 2007 годзе ў Лепелі адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака памяці загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам. Знаходзіцца помнік ля будынка райваенкамата. У 2013 годзе зрабілі мемарыяльную дошку, на якой пералічаны ўсе землякі, што загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага воінскага абавязку. Таксама праз пэўны час, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, быў устаноўлены помнік «БТР» у гонар загінуўшых абаронцаў Айчыны. Было вырашана, што гэты помнік будзе сімвалізаваць  памяць аб удзельніках усіх войнаў. «Памяць усім загінуўшым, якія з гонарам выканалі свяшчэнны абавязак абаронцы Айчыны» — такі тэкст размешчаны на помніку. Адкрыццё яго адбылося 9 мая 2009 года.
У 2009 годзе створаны памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам у Заслонаве, які складаецца з кургана з валуноў, праваслаўнага крыжа і чорнай гранітнай пліты з надпісам. У 2013 годзе сюды была далучана яшчэ баявая машына дэсанта.
У 2011 годзе ўстаноўлены памятны знак у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў у Бароўцы. Усталяваны помнік ля Цэнтра культуры і вольнага часу.
Падтрымліваем сувязі і з маці загінуўшых у Афганістане — Раісай Фёдараўнай Прахарэвіч і Фяўронняй Мікалаеўнай Лапавухавай.
— Ці арганізоўваеце мерапрыемствы для сваіх удзельнікаў?
— Ладзім экскурсіі па гістарычных месцах. Аб’ехалі амаль усю Беларусь. Брэст, Мір, Нясвіж, Полацк, Магілёў — гэта толькі невялікі пералік месцаў, дзе пабывалі нашы воіны-інтэрнацыяналісты. Некалькі разоў наведвалі гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Ладзім сустрэчы ў Лепельскім краязнаўчым музеі, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Падтрымліваем цесныя сяброўскія сувязі з ветэранскімі арганізацыямі іншых рэгіёнаў. Наведваем іх і запрашаем да сябе.
— Раскажыце, калі ласка, аб вашых дасягненнях…
— У 2009 годзе за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі Лепельская раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў была ўганаравана Сцягам ГА «БСВВА». Ва ўрачыстай абстаноўцы Сцяг уручыў старшыня абласной арганізацыі ГА «БСВВА» Аляксандр Гудкоў. Акрамя гэтага, узнагароджаны шматлікімі граматамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Гутарыла
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.