Трасса проходила по лесному массиву между Боровкой и Заслоново

024 21 і 22 верасня на Лепельшчыне прайшоў чарговы этап спаборніцтваў Беларусі па гонках на пазадарожніках “Баха “Лепельскія азёры-2017”, на які сабраліся каля 30 экіпажаў з усёй рэспублікі. Траса праходзіла па лясным масіве паміж Бароўкай і Заслонавам — маляўнічых мясцінах ад возера Мухна да возера Бобрыца. Арганізатары пастараліся зрабіць некалькі ўчасткаў цяжкімі, але пры гэтым цікавымі для гоншчыкаў і відовішчнымі для гледачоў. Чаго варты хаця б адзін такі факт: частка гоначнай трасы праходзіла па заслонаўскім палігоне, дзе звычайна рухаюцца танкі, БМП і іншая вайсковая гусенічная тэхніка.

Асаблівасць ходу гусенічных машын у тым, што на грунтавых дарогах яны выбіваюць яміны, часам настолькі глыбокія, што ў некаторых можа машына схавацца. Грузавая. Так і даводзіцца скакаць, па трамплінах.
Лепельшчыну на спаборніцтвах прадстаўляў Сяргей Ляоненка, яго штурманам была Алёна Дужык, дзяўчына з Гродзенскай вобласці. Заўсёдны ўдзельнік ранейшых пазадарожных ралі Віктар Чаплінскі з Грыгаравічаў апошнім часам адышоў ад удзелу ў спаборніцтвах, хаця зрэдку прыязджае туды як глядач.
— Сяргей, на спаборніцтвах у ранейшыя гады тваім штурманам быў Аляксей Кажэка. Дзе ён зараз? — пытаюся ў Сяргея Ляоненкі.
— У Лёшы зараз праблемы са спіной. А гонкі — гэта значныя фізічныя нагрузкі, асабліва на спіну. Таму ён часова не ўдзельнічае. А Алёна мае багаты вопыт гонак, была штурманам у свайго брата Івана. Летась яны няблага выступалі на сваёй Suzuki Vitara, але пад канец сезона разбілі яе. Пакуль робяць новую машыну, выступаюць штурманамі: Алёна — у мяне а Іван — у Івана Кузьміных, таксама з Гродна.
* * *
Ад самага пачатку заездаў лепельская трамплінная траса паказала сябе ва ўсёй прыгажосці і складанасці.
— Першыя скачкі на нашых трамплінах сталі і для мяне поўнай нечаканасцю, — дзеліцца ўражаннямі Сяргей, — што ўжо казаць пра Марыну. Як машына пасля ўзлёту правальваецца ў яміну, заўсёды страшна. Мая напарніца крычала, думаў, што аглухну.
Гэтыя скачкі сталі ракавымі для машыны Сяргея. Пры адным з такіх жорсткіх прызямленняў аказалася разбітай падвеска, колы раз’ехаліся ўбакі. Некалькі гадзін гоншчык аддаў, каб хаця б збольшага зноў навесці сваю машыну ды прыехаць да фінішу. Асобныя элементы за нястачай на месцы запчастак і абсталявання папросту сцягнулі дротам. Вядома, пра далейшы ўдзел у гонках ужо не магло ісці ніякай гаворкі.
— Дзякуй богу, што ўдалося паціху сваім ходам дабрацца дахаты, загнаць машыну ў гараж, — успамінае Сяргей.
Пра Сяргееву машыну трэба распавесці асобна. Збіраў яе як пазл, з розных элементаў. У заяўцы было ўказана Volkswagen Proto, аднак ад “фальксвагена”, па прызнанні гоншчыка, там былі толькі эмблема і дакументы. Рухавік — БМВ аб’ёмам 2,8 літра, мадэрнізаваны і “пракачаны” на больш як 200 конскіх сіл. Рама і кузаў — самаробныя, з абавязковым каркасам бяспекі, без якога пра ўдзел у гонках не можа быць ніякай гаворкі — бяспека вышэй за ўсё.
* * *
Варта зазначыць, што ўдзел у ранейшых этапах “Баха “Беларусь” для Сяргея Ляоненкі быў больш удалым, а летась ён увогуле стаў пераможцам. Сёлета парк гоначных машын удзельнікаў падабраўся вельмі стракатым — тут былі прадстаўлены самыя розныя маркі і мадэлі — і прадстаўнічым. Удзел у аўтамабільных відах спорту заўсёды быў фінансава ёмістым, а з нядаўняга часу гэтая ёмістасць павялічылася яшчэ больш. Даражэюць магутныя рухавікі, трывалыя каробкі перадач і масты, спецыяльныя спружыны і амартызатары. Звычайныя амартызатары адпрацоўваюць пяць — дзесяць гадоў, а спартыўныя — толькі тры-чатыры гонкі. Пры гэтым каштуюць яны ў некалькі разоў больш.
Яшчэ адным выпрабаваннем сталі лужыны і броды. У некаторых ямінах яны былі настолькі глыбокія і каламутныя, што легкавыя машыны хаваліся амаль цалкам, рухавікі толькі забіралі паветра праз спецыяльныя прыстасаванні — шнорхелі, зманціраваныя на дахах.
У адным бродзе пад час чарговага заезду заселі адразу чатыры машыны. Арганізатары і рэгуліроўшчыкі сігналізавалі астатнім экіпажам, каб прымалі меры перасцярогі, але колькасць загразлых павялічылася. Іх пасля завяршэння заезду выцягвалі з дапамогай грузавікоў. Адзін пілот выйшаў з машыны, каб зачапіць трос за сваю машыну, але праваліўся ў твань па плечы — ледзьве не патануў. Касцюм прамок наскрозь, але дзякуючы таму, што быў ён цёплы, зроблены для ўдзелу ў спаборніцтвах пры мінусавых тэмпературах, гоншчыку было больш-менш цёпла. У яго штурмана вопратка была хоць і спецыяльная гоначная, але летняя, таму холад яго працінаў наскрозь.
Дарэчы, холад мог стаць яшчэ адным выпрабаваннем для ўдзельнікаў спаборніцтваў, паколькі мерапрыемства праводзілася два дні. Аднак удзельнікі былі ўжо вопытныя, дасведчаныя, таму падрыхтаваліся самым належным чынам. Большасць гоншчыкаў, пілотаў, рэгуліроўшчыкаў, арганізатараў загадзя замовілі і арандавалі жыллё. Напрыклад, нумары прыдарожных сэрвісаў на “555”, у Мацешы, Фядзьковіча, хтосьці на час спаборніцтваў арандаваў кватэры ў Заслонаве. Некалькі чалавек прыехалі з так званымі кемперамі — вандроўнымі дамамі. У такіх прадугледжана ацяпленне на звадкаваным газе.
* * *
Асобным радком трэба ўпамянуць пра спартыўную каманду Мінскага аўтамабільнага завода, якая прывезла два МАЗы. Звычайна беларусы іх выступленні могуць паглядзець хіба што па тэлебачанні ці ў інтэрнэце, калі аўтазаводцы ганяюць на “Парыж — Дакар” або па Вялікім шаўковым шляху на Пекін. Тут жа можна было ўжывую пабачыць легендарныя машыны, павітацца і сфатаграфавацца з самым тытулаваным беларускім гоншчыкам капітанам каманды, адначасова і пілотам Сяргеем Вязовічам.
Грузавыя ралійныя МАЗы маюць рухавікі настолькі магутныя, што пасля праходу машыны, асабліва на паваротах, экстраных пад’ёмах застаюцца глыбокія каляіны — гэта ў дадатак да слядоў ад гусенічных баявых машын. Словам, пасля пары заездаў траса, якая і без таго была складанай, стала ўвогуле непраходнай. Але ж гонка на тое і называецца гонкай, што машыны імчацца на мяжы магчымага, а часта і за гэтымі межамі.
— Слухай, Сяргей, — задаю пытанне лепельскаму гоншчыку, — ты ж мог скарыстацца перавагай мясцовага і напярэдадні праехаць па маршруце, коламі прамацаць усе пад’ёмы-спускі, прамераць лужыны, спланаваць аптымальныя траекторыі і хуткасць руху. Глядзіш, не трапіў бы ў прыкрую аварыю, прыехаў бы да фінішу ў ліку прызёраў, а можа і пераможцам стаў бы.
— Гэта немагчыма па шэрагу прычын. У першую чаргу ўнутранымі правіламі гонак гэта забаронена, трэба, каб усе былі ў роўных умовах. Ды і па няпісаных правілах такія прыёмы не вітаюцца. З іншага боку, траса даволі працяглая, 50 кіламетраў, фізічна проста немагчыма запомніць усе павароты, пад’ёмы, спускі, яміны, балацявіны і іншыя перашкоды. Так, арганізатары выдаюць карты маршрутаў, штурманы іх чытаюць, стараюцца весці і даваць указанні пілотам, але ўсё прадбачыць немагчыма. Кожная траса мае свае асаблівасці, гэтыя асаблівасці могуць радыкальна памяняцца на працягу гонкі. Праедуць па маршруце 15 — 20 разоў легкавікі, потым узрыюць грунт грузавыя — маем ужо іншую трасу.
* * *

[metaslider id=20836]

— Удзел у гонках — значныя грашовыя затраты. Спачатку ты набываеш камплектуючыя: рухавік, каробку перадач, масты. Затым робіш з іх машыну, затрачваеш час, энергію, зноў жа грошы. З першага разу гоначная машына не атрымліваецца, ты спрабуеш зноў і зноў. Перад спаборніцтвамі трэба ўнесці членскі ўзнос, экіпіравацца, запасціся палівам, змазачнымі матэрыяламі, запчасткамі. Самі гонкі, ведаю, забіраюць шмат сіл, эмацыйнага здароўя. Што ж вамі рухае, падштурхоўвае зноў і зноў выходзіць на старт?
— Аднойчы адзін дасціпны чалавек сказаў, што гоншчык — гэта дыягназ. Без гоначнага адрэналіну мне немагчыма ўжо жыць. Дзякуючы таму, што па прафесіі сам механік, то і машыны для гонак раблю сам. Шукаю праз інтэрнэт камплектуючыя, а астатняе — справа тэхнікі.
* * *
Спаборніцтвы па джып-трыяле, ралі-рэйдах на Лепельшчыне праводзяцца з 2009 года. Першыя гады гоншчыкі актыўна выкарыстоўвалі пляцоўку за былым аўтадромам, аднак з мінулага года ад яе вымушаны былі адмовіцца. Горад расце, расшыраецца, замест гоначнай трасы створаны квартал індывідуальнай забудовы, ужо вызначаны межы ўчасткаў, першыя гаспадары прыступілі да будаўнічых работ. Таму гоначная траса перанесена ў лес. З аднаго боку, траса стала больш працяглай, больш экстрэмальнай. Аднак ёсць і адзін даволі адчувальны мінус — цяжкасці для пад’езду гледачоў. Калі раней пабалець за сваіх прыходзілі тысячы лепяльчан, то цяпер многім лянота ў выхадны дзень выязджаць у бок Заслонава, Бароўк. Ды і арганізатарам вялікі мінус за слабую інфармацыйную падтрымку, аб спаборніцтвах у Лепелі ведалі лічаныя адзінкі.
Аднак, нягледзячы ні на якія перашкоды — складаную трасу і прыкрыя паломкі, дрэннае надвор’е — свята матораў адбылося. Абсалютным пераможцам спаборніцтваў стаў Сяргей Вязовіч на МАЗе, а пераможцам сярод легкавых — экіпаж Івана Кузьміных і Івана Дужыка на машыне Bobby Willis II. Сяргей Ляоненка і Алёна Дужык сталі чацвёртымі ў сваім класе і шостымі — у абсалюце.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: моманты спаборніцтва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.