Воины-интернационалисты в Слободе

afgancyНапярэдадні чарговай гадавіны вываду Савецкіх войскаў з Афганістана прайшла сяброўская сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў са слабадскімі школьнікамі. Да іх завіталі Сяргей Крывель, Васіль Вашкевіч, Валерый Васілеўскі, Леанід Бартко. Гэтым разам ветэранаў гасцінна сустракалі дзесяцікласнікі, якія пачаставалі гасцей салодкімі прысмакамі. За кубачкам чаю гаварылі не толькі пра падзеі “афганскай” вайны, але і пра тое, як сучасная моладзь ставіцца да паняццяў “патрыятызм” і “абарона Айчыны”.
Валерый Васілеўскі, колішні выпускнік Слабадской школы, распавядаў, як у школьныя гады разам са сваімі аднагодкамі выхоўваліся на прыкладзе дзядоў, якія прайшлі праз горан Вялікай Айчыннай вайны. У той час, напоўнены рамантыкай ваенных подзвігаў продкаў, патрыятычныя пачуцці былі на вышыні. Служба ў Савецкай Арміі лічылася ганаровым абавязкам сярод тагачасных падлеткаў. Прывёў і прыклад — чатырнаццаць выпускнікоў Слабадской школы выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Валерый Пятровіч, які аддаў службе ў войску больш за дваццаць год, пажадаў цяперашнім падлеткам зберагаць памяць пра гераічнае мінулае сваіх землякоў, браць з іх прыклад самаадданай службы на карысць Радзімы. Каб для будучых абаронцаў Айчыны сам гэты выраз быў напоўнены сэнсам.
Васіль Вашкевіч, таксама выпускнік Слабадской школы, адзначыў, што толькі з маленькай вёскі Вілы, дзе ён нарадзіўся, у Афганістан патрапіла трое хлопцаў. Успомніў таксама, як перад адпраўкай у армію, бабуля загадала ўзяць з сабой у дарогу зямлі з-пад ганку бацькоўскай хаты. Ён так і зрабіў. На працягу ўсяго тэрміну службы мяшочак з роднай зямелькай служыў яму абярэгам.
afgvncy1Працягнулася мерапрыемства на могілках у Велеўшчыне, ля пахавання воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Садоўскага, на магілу якога разам са старшынёй Слабадскога сельсавета Валерыем Садоўскім усклалі вянок. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у Афганістане.
Цягам двух тыдняў слабадскія школьнікі ўдзельнічалі ў цэлым шэрагу “афганскіх” мерапрыемстваў: наведалі Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, зладзілі экскурсію да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у вёсцы Бароўка.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.