Возле пышнянской Слабодки рождается и выращивается будущий лес

05-07-2018-004Непадалёк ад пышнянскай Слабодкі раскінуўся на некалькіх гектарах гадавальнік — своеасаблівая “лясная калыска”, дзе нараджаецца і падгадоўваецца па першым часе будучы лес.

Гэтым разам пра сённяшнія справы ў гадавальніку распавядае начальнік аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Андрэй Старынскі.
— Андрэй Віктаравіч, якую дакладна плошчу займае гадавальнік?
— Агульная плошча ўгоддзяў, дзе вырошчваем малады лес, дастаткова вялікая — 7,2 гектара.
— І колькі чалавек яго абслугоўвае?
— Віктар Лявіцкі, які ўзначальвае гадавальнік, а таксама два лесаводы — Наталля Скіба і Галіна Хрышчанка. Жанчыны жывуць побач і працуюць там на пастаяннай аснове. Акрамя таго, на сезонныя работы наймаюць некалькі работнікаў.
— Раскажыце пра структуру гадавальніка.
— Там ёсць два аддзяленні — пасяўное і школьнае. У першым лясная культура расце, як кажуць, з зернейка, у другім адбываецца дарошчванне на наступным этапе. Акрамя таго, пабудавана цяпліца з полікарбанату і на металічным каркасе. У цяпліцы вырошчваюць расліны з закрытай карнявой сістэмай — так званыя “касеты”, сеянцы, якія паступаюць са Шчомысліц з рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннагадоўчага цэнтра. А яшчэ падгадоўваюцца дэкаратыўныя расліны — усяго сорак восем відаў, сярод якіх бружмель (жимолость), глог, айва японская, яблыня ягадная, снежнаягаднік і іншыя.
— А колькі і чаго расце зараз у гадавальніку?
— У пасяўным аддзяленні — 0,34 га елкі еўрапейскай, 0,18 га сасны звычайнай і палепшанай, насенне для якой збіраюць з плантацыі. У школьным — трыста дзевяноста шэсць тысяч штук гадаванцаў елкі еўрапейскай на 1,3 гектара.
— А якім чынам дакладна вызначаеце колькасць гадаванцаў?
— Вельмі проста. Замяраем пробную плошчу, колькасць штук, і памнажаем на агульную.
— Чым зараз займаюцца работнікі ў гадавальніку?
— Праполкаю ў пасяўным і школьным аддзяленнях.
— Уручную?
— Дзе ўручную, а дзе з дапамогаю спецыяльнай шчоткі FOBRO, якую ўстанаўліваюць на маленькі трактар “Беларус”. Шчотка круціцца і “вымятае” пустазелле.
— А хто працуе на трактары?
— Начальнік, альбо трактарыст Уладзімір Кавалеўскі з Заазерскага лясніцтва, які пастаянна дапамагае ў гадавальніку.
— Якая яшчэ тэхніка выкарыстоўваецца?
— Сеялка EGEDAL, культыватар для апрацоўкі “чорнага пару”, а папросту для падрыхтоўкі глебы для пасадкі. Апрацоўваем, а затым уносім угнаенні, якія рыхтуем з кампосту кожны год на наступны сезон. Ёсць таксама падрэзчык каранёў, з дапамогай якога на пэўным пласце падразаюцца карані сеянцаў для таго, каб іх дастаць з зямлі.
— Куды і колькі прадукцыі рэалізуе гадавальнік?
— Рэалізавалі пасадачнага матэрыялу колькасцю 3,8 мільёна штук на суму дзвесце дзевяць тысяч рублёў. У тым ліку на экспарт, у Расію, пайшло два з паловай мільёны штук на суму 151,4 тысячы рублёў. Дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу прадалі 1,6 тысячы штук.
— Ці карыстаецца попытам прадукцыя ў нашым раёне?
— Ахвотна бяруць саджанцы дарожныя арганізацыі – для добраўпарадкавання адкосаў, камунальнікі, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” і г.д.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: у цяпліцы гадавальніка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.