Впервые такое дерево в Беларуси появилась в 1950-х годах

img_5168Увогуле ўвага на дадзеную тэрыторыю звернута даўно, і прычым самая пільная. Летась там пачалі абуладкоўваць спартыўную пляцоўку, зараз устаноўлена некалькі спартыўных снарадаў. Спачатку некаторыя выказваліся скептычна, маўляў, навошта тут нешта рабіць, усё роўна ніхто не прыйдзе, гуляць у футбол не будзе. Аднак, рэгулярна праязджаючы міма, бачу падлеткаў, якія апантана ганяюць мяч. Спадзяюся, што і наступная ініцыятыва знойдзе добры водгук у лепяльчан як старэйшага, так і маладога пакаленняў.
Галоўную ролю ў добрай справе ўзялі на сябе меліяратары. Па-першае, яны за свае грошы набылі саджанцы. Ды не абы-якія! Канадскі чырвоны дуб! Кожнае дрэўца абышлося ў 28 рублёў. Набывалі ў гадавальніку ДСГУ “Лепельскі лясгас”.
Упершыню такое дрэва ў Беларусі з’явілася ў 1950-х гадах. Пад час абедзвюх Сусветных войнаў лясныя масівы Белавежскай пушчы былі значна вынішчаны, асабліва пацярпелі дубравы, акупанты ўсіх масцей вывозілі рэліктавыя дубы мільёнамі кубаметраў. Для хутчэйшага ўзнаўлення было вырашана высаджваць менавіта канадскі чырвоны дуб. Гэтае дрэва расце амаль удвая хутчэй, чым традыцыйны ў Беларусі дуб чарэшчаты. Канадзец адрозніваецца, па-першае, формай ліста: у беларускага край акруглы, а ў канадца стрэльчаты, чымсьці падобны на кляновы. Восенню лісце чарэшчатага дуба жаўцее, а канадскага становіцца барвова-чырвоным, ад чаго і пайшла такая назва.
З гадавальніка прывезлі 45 саджанцаў. Акрамя гэтага, загадзя быў прывезены і прычэп торфу-перагною. Грунт на тым месцы пясчаны, бедны на пажыўныя рэчывы, таму перагной значна дапаможа дрэўцам прыжыцца.
Найперш правялі разметку пляца, прыкінулі, як высаджваць дубкі , каб яны не заміналі адзін аднаму, каб усім хапала зямлі і сонца. Узяліся за рыдлёўкі, справа закіпела. Мужчыны выкопвалі ямкі, дырэктар дзіцячай юнацкай спартыўнай школы Павел Занько на тачцы падвозіў торф. Відаць было, што ніхто не застаецца раўнадушным да добрай справы.
Нечакана да работнікаў прыйшла дзяўчына з вялікім сабакам, якія на некалькі хвілін прыцягнулі ўвагу. Аказалася, што гэта Насця Перапеч з Громам гуляла і прыйшла наведаць свайго мужа Паўла, які тут жа працаваў.
З пасадкай управіліся літаральна за пару гадзін. Прыціснулі грунт, абклалі саджанцы дзірваном. А тут і дожджык распачаўся, палівае зямлю, каб дрэўцы надзейней прыжываліся. Работнікі гаварылі, што бліжэйшым часам абаб’юць дубкі колікамі і падвяжуць, каб не пахіліліся. Разам з тым выказвалі і занепакоенасць. Каб хуліганы не зламілі ды не скралі, варта міліцыянерам часцей тут праязджаць, аглядаць.
Зараз, гледзячы на малодзенькія саджанцы, цяжка сказаць, што яны вырастуць у магутныя, высокія дрэвы. Але гэта сапраўды вельмі доўгі, працяглы працэс. Спатрэбіцца не менш за дзесяць гадоў, каб на месцы пусткі вырасла дубрава. Так што сёння ўсе разам папрацавалі на зялёную (летам) і чырвоную (восенню) шматгадовую перспектыву.

[metaslider id=20914]
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: сумеснае фота на памяць; моманты пасадкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.