Ввесь это развивающий клубок распутывают дети садиковского возраста

img_20180330_102751Лабачэўскага з мяне, па ўсім відаць, не атрымаецца. Калі паказалі палачкі Кюізенера, яшчэ было цікава. Ну, як жа! І вам таксама было б цікава палічыць самую кароткую белую палачку — за адзінку, крыху даўжэйшую ружовую — за двойку. Блакітная — тройка (праўда, іх чамусьці ў каробцы два віды — святлейшая і цямнейшая, мабыць, брак). Далей чырвоная — чацвёрка, жоўтая — пяцёрка, бэзавая палачка — шасцёрка, чорная — сямёрка, бардовая адпавядае лічбе восем, сіняя — дзявятцы, а самая доўгая, аранжавая, палачка ёсць не што іншае, як дзесяць. І вось з гэтых каляровых палачак, названых у гонар бельгійскага педагога Джорджа Кюізенера, дзеці складаюць лікі, адымаюць, дадаюць, адным словам, развіваюцца.
І сапраўды гэта цікава, забаўна і захапляюча — нават даросламу. Аднак калі мне прынеслі яшчэ і кубікі Д’енеша, пачухаў патыліцу. Гэта ўжо для мяне “вышэйшая матэматыка”, гэта не нататкі сачыняць. Там венгерскі матэматык ды псіхолаг так усё заблытаў, спрабуючы зрабіць “царыцу навук” цікавым прадметам, што “мама не гаруй”.
Цікава, што ўвесь гэты развіццёвы клубок разблытваюць, кажуць, з задавальненнем, дзеці садзікаўскага ўзросту ў платным гуртку “Вясёлая матэматыка” дзіцячага сада №2.
— А як жа! — усміхаецца загадчыца Галіна Гізь. — Дзецям трэба развівацца да школы.
Прыгадваю песеньку першакласніка: “Поскорей бы взрослым стать, отдохнуть от детства”.
Дзіцячы сад №2, хутчэй за ўсё, самы стары ў горадзе. Заснаваны яшчэ ў пяцьдзясят другім годзе. Знаходзіцца ён побач з МКК. І, дарэчы, хоць камбінат не з’яўляецца афіцыйным яго спонсарам, ды сёе-тое па-суседску дапамагае. То дошак падкіне, то шыферам дапаможа. Кожны год хоць штосьці ды збіраюцца тут рамантаваць. Пастаянна рыхтуюцца да летняга аздараўленчага сезона. А гэта, зразумела, выдаткі. Купляюць цацкі, матэрыялы для заняткаў дзецям. Дзякуй, дапамагаюць і бацькі. Рамантавалі ацяпляльную сістэму, набылі сантэхніку. Купілі посуд за ўласны кошт. Сёлета плануюць памяняць пясок у пясочніцах, набыць, не без дапамогі бацькоў, абсталяванне для гульняў.
Зразумела, які там уласны кошт у садзіку. Ну, часткова — платныя паслугі. Дык жа і плату бяруць сімвалічную. Напрыклад, працуюць два развіццёвыя гурткі: тая самая “Вясёлая матэматыка” для вундэркіндаў і яшчэ танцавальны — “Пацешкі”. Развучваюць розныя танцы і іх элементы, паказваюць потым свой спрыт на розных ранішніках. У першым гуртку — дзве групы па дзесяць чалавек, у другім — адна. Заняткі два разы на тыдзень. З кожнага дзіцяці штомесяц па чатыры рублі. Вось табе і ўся матэматыка, тут не трэба быць Лабачэўскім, вось табе і ўвесь “свой кошт”.
Садзік даволі шматлікі. Чатыры групы, семдзесят дзевяць дзяцей, дваццаць два работнікі, сярод якіх дзевяць педагогаў. Адзін з вышэйшай катэгорыяй, трое — з першай, двое — з другой. Прыйшоў малады спецыяліст пасля заканчэння Віцебскага ўніверсітэта. Калектыў увесь час удасканальвае сваё майстэрства, вось і сёлета музычны кіраўнік будзе здаваць на катэгорыю.
Адна з чатырох груп — ясельная, самая маладая ў прамым і пераносным сэнсе — і па ўзросце дзяцей і па тэрміне існавання. Адкрылася ў дзве тысячы шаснаццатым годзе. Там васямнаццаць дзетак ва ўзросце да трох гадоў, з якімі займаецца вопытны педагог Святлана Анікейчык. Зразумела, свая спецыфіка і форма работы, свой распарадак дня. Дарэчы, на базе яе існуе ў садзіку і яшчэ адна платная паслуга, якая называецца “Прагулачная група”. Такая спецыфічная форма дашкольнай адукацыі. Бацькі прыводзяць дзяцей на дзве гадзіны, прысутнічаюць самі, так што ўсё без істэрык і без стрэсаў. Дзеці гуляюць, вучацца кантактаваць. З імі працуе музычны кіраўнік, намеснік загадчыка, выхавальнік. Падбіраюцца спецыяльныя цацкі, якія дапамагаюць сфарміраваць развіццёвае асяроддзе.
Акрамя таго, у садзіку сёлета працаваў настаўнік-дэфектолаг з дзецьмі, у якіх праблемы з маўленнем.
Між іншым, развіццё маўлення тут вызначылі як адзін з асноўных накірункаў выхаваўчай работы. Другі — развіццё творчых здольнасцяў дзяцей. Нядаўна ладзілі красавіцкія сустрэчы. Крыху раней рыхтавалі канцэртныя праграмы да Дня абаронцаў Айчыны і Дня жанчын. Удзельнічалі ў акцыі “За бяспеку — разам” сумесна з РАНС і РАУС. Зараз рыхтуюцца да творчага фестывалю, на якім педагогі падзеляцца вопытам работы. Праходзяць на базе сада №2 і метадычныя аб’яднанні. Летась — па рабоце з дзецьмі ранняга ўзросту.
Працуюць тут і з бацькамі. Працуюць фактычна ў форме цеснага супрацоўніцтва, бо многія бацькі ахвотна адгукаюцца і з разуменнем ставяцца да садзікаўскіх праблем, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, конкурсах, акцыях, дапамагаюць з афармленнем у групах. Самыя актыўныя — Наталля Міхайлава, Аляксандр Раманенка, Галіна Вабішчэвіч, Вольга Маісеенка і іншыя.
Ёсць у садзіку і свой сайт, дзе асвятляецца рознабаковая работа гэтай дашкольнай навучальнай установы.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: на красавіцкіх сустрэчах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.