Як Рыгор “Бусла” асядлаў

Пра “буслоў” мы ўжо колькі разоў пісалі. Не, не пра тых, што радуюць нас вясною і ўлетку, а потым становяцца на крыло і рэжуць бялюткімі крыламі паветра ў паўднёвыя краіны. Наш аповед пра веласіпед з прыгожай назвай “Бусел”. Спакойна стаяў двухколавы транспартны сродак у двары дома па вулі­цы Садовай, што ў райцэнтры.

Да той пары стаяў, вядома, пакуль лепяльчанін Рыгор Калітуха не зацікавіўся “знаходкай”. Азірнуўся па баках, асядлаў “Бусла” і пакаціў прэч, пакуль гаспадары не хапіліся прапажы.

На судовым пасяджэнні Рыгор Калітуха віну сваю прызнаў цалкам. Ды што там утойваць, калі не ўдалося замесці сляды. Прызнаўся: быў нападпітку. Спаражніў перад вандроўкай у чужы двор дзве паўлітровыя пляшкі віна. У галаве “захарашэла”. Таму і на “подзвігі” неадольна пацягнула. Украдзены ровар схаваў на паддашку. Доўга не вытрымаў паўзы, карцела хутчэй прадаць прыхватызаваны ровар. Прадаў за сто тысяч рублікаў. Яўна пра­дзешавіў. Ды навошта шкадаваць. Велік чужы, халяўны.

Грошы лёгка пакінулі кішэню злодзея і пайшлі на спіртное.

А тут прыспела пара разліку за крымінальны ваяж на падворак гараджаніна. Суд пры вызначэнні меры пакарання ўлічыў характар і ступень грамадскай небяспекі злачынства, памер матэрыяльнага ўрону, характарыстыкі абвінавачваемага. Пры ўсім тым і паўтара года не мінула з часу адбыцця папярэдняга пакарання. Прасочваўся рэцыдыў у паводзінах.

Р.І. Калітуха прызнаны вінаватым у таемным кра­дзяжы маёмасці паўторна, і прызначылі яму пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы.

А што з веласіпедам? Яго ж паспеў рэалізаваць злодзей. Заспакоім нашых чытачоў: “Бусел” вернуты сапраўднаму гаспадару.

Мікалай КАЗЛОЎСКІ,

суддзя суда раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.