Ад сябе не ўцячэш

У кожнага чалавека свая дарога. На жаль, некаторыя нашы грамадзяне выбіраюць даволі коўзкія сцяжыны. Не задумваюцца пра заўтрашні дзень. Потым жа кусаць локці позна. Не задумваўся і Мікалай Мураўёў. Некалькі разоў трапляў пад руку Феміды і атрымліваў пакаранне.

І ў той ліпеньскі  дзень, мусіць, не разважаў аб сваім далейшым лёсе. Хаця паразважаць варта было б. Меў за плячыма не знятую і не пагашаную судзімасць за крадзеж маёмасці. Галаву кружыў хмель. А тады мора, ды што там мора, нават акіян здаецца па калена. Вочы зачапіліся за кідкую назву “Віраж”. У Бароўцы гандлёвая кропка вядомая. Часта завітваюць сюды людзі з рознай нагоды, а найчасцей “паправіць здароўе” — выпіць, проста кажучы. На выпіўку ў Мікалая грошай не было, у кішэнях люта скавытаў скразняк. Цягнула невыносна на прыгоды…

На судовым пасяджэнні пацярпелы распавёў невясёлую гісторыю. Купіў ён у “Віражы” тры пляшкі віна, бутэрброд, цыгарэты.  Паклаў  тару з хмельнай вадкасцю і іншы набыты спадарожны тавар у поліэтыленавы пакет і пашыбаваў уздоўж агароджы.

Курс трымаў дадому. Ды тут замінка выйшла: на паўдарозе дагнаў яго Мікалай Мураўёў.  Намер меў зла­дзейскі яўна. Не паспеў гаспадар пакупкі вокам міргнуць, як нечаканы спадарожнік борздзенька выхапіў з яго рук пакет  і рвануў у напрамку артбазы.

— Аддай пакет, — гукнуў услед рабаўніку пацярпелы.

Ды толькі вятрыска рэха вярнуў. Рабаўніка і след прастыў. Толькі ў думках мужчына горка пралічыў суму ўрону.

Аднак далёка ўцячы, схавацца ад правасуддзя Мікалаю Мураўёву не ўдалося. Трапіў на мулкую лаву падсудных. Феміда адмерыла па заслугах і пазбавіла рабаўні­ка волі на тры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі суровага рэжыму. Дастаткова часу, каб паразважаць над няўдалай крымінальнай біягра­фіяй…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.