Як зрабіць для дзяцей свята?

165 Як зрабіць для дзяцей свята?
— З аднаго боку, гэта даволі проста, — адказвае дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Вера Закрэўская. — Дастаткова даць ім музыку, фарбы, мячыкі, скакалкі і, самае галоўнае, поўную свабоду. З гэтым няхітрым наборам свята дзеці сабе зробяць самі. Самі будуць танцаваць, маляваць, прыдумаюць дзясяткі гульняў і забаў, спартыўных спаборніцтваў. З іншага боку, любая імправізацыя павінна быць добра падрыхтаванай. Любому святу папярэднічае вялікая арганізацыйная работа.
Нагодай для прыезду карэспандэнта стаў адпачынак 50 дзяцей з інтэрнатаў і дзіцячых дамоў, арганізаваны ў рамках сумеснага беларуска-італьянскага праекта. З італьянскага боку праект курыруе спадарыня Лучыя Грандзі, прэзідэнт камітэта асацыяцыі “Форум па справах дзяцей Чарнобыля” ў горадзе Мантуя.
— Асабіста я пачала дапамагаць беларускім дзецям у 2008 годзе, калі прымала ў сваёй сям’і Лёню Рослава з Дзісненскай школы-інтэрната. Ён потым неаднаразова прыязджаў да нас у Італію на адпачынак. У 2010 годзе я сама ездзіла ў Дзісну. Там пазнаёмілася яшчэ з адным сіратой Алегам Мігіцкім, якога таксама рэгулярна прымаю ў Мантуі.
Леанід будзе паступаць у каледж, які рыхтуе спецыялістаў рабочых прафесій для абутковай прамысловасці. Выпускнікі ў асноўным працуюць на прадпрыемстве “Марка”. Алег вучыцца ў гандлёвым каледжы ў Мінску.
Кожны год Мантуя, у якой жывуць каля 50 тысяч чалавек, прымае па 28 і больш дзяцей з Беларусі. Паверце, гэта даволі шмат. Тым больш, што акрамя Беларусі прымаюцца дзеці са шматлікіх іншых краін. Хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць у сем’ях. Італьянскі бок цалкам фінансуе ўсе выдаткі: афармленне дакументаў, візы, пералёт у Італію і назад, пражыванне, харчаванне, лячэнне. Прыёмным сем’ям грашыма дапамагаюць многія жыхары Мантуі.
— Аднак якія шляхі прывялі вас непасрэдна ў “Жамчужыну”?
— У 2010-м мяне выбралі прэзідэнтам камітэта Форума ў Мантуі. Разам з маімі аднадумцамі, сярод якіх першым быў мой муж, удалося павялічыць збор сродкаў на аздараўленне беларускіх дзяцей, іх колькасць дасягала 30 чалавек. У 2014 годзе нам удалося рэалізаваць адметны праект, у рамках якога ў Мантуі адпачылі дзесяць дзяцей з Беларусі, у якіх былі анкалагічныя захворванні ў стадыі выздараўлення. Гэтыя 25 дзён на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора вельмі запомніліся ім, захавалася шмат самых станоўчых эмоцый і ўспамінаў.
* * *
Па завяршэнні праекта прыехала ў Віцебск (дзеці былі з Віцебскай вобласці), дзе мела сустрэчу з тадышнім начальнікам упраўлення адукацыі аблвыканкама Іванам Шчурком. Падлічылі, што за тыя сродкі, на якія дзесяць дзяцей адпачылі ў Італіі, можна было б у Беларусі аздаравіць 50! Спачатку сумнявалася ў мэтазгоднасці перанакіравання дзяцей з Італіі на Беларусь. Амаль тры гады італьянскі Форум, упраўленне адукацыі, Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду працавалі разам, каб сумесна рэалізаваць гэты праект. Заручаліся прынцыповай згодай, пераконвалі мецэнатаў у мэтазгоднасці і эфектыўнасці, выбіралі санаторый з лепшымі ўмовамі. І вось сёння тут аздараўляюцца дзеці-сіроты, якія па розных прычынах ні разу не былі ў Італіі, у санаторыях ці дамах адпачынку ў Беларусі.
— Як вы ацэньваеце ўзровень рэалізацыі праекта?
— Самую галоўную адзнаку паставяць дзеці. Я ж магу толькі сказаць, што ў “Жамчужыне” ёсць усе магчымасці для паўнавартаснага адпачынку і ўмацавання здароўя: абуладкаваныя жылыя і медыцынскія корпусы, дыягнастычнае і іншае абсталяванне, кваліфікаваны персанал, непаўторная прырода. Гэты праект — выдатная дэманстрацыя таго, як людзі Беларусі і Італіі могуць рабіць добрыя справы.
* * *
…Між тым святочная дзея патроху набірала абароты. На стадыёне хлопцы зладзілі футбольны матч. На ганку ўвахода ў адміністрацыйны будынак ды-джэй паставіў пульт, вынес калонкі — атрымалася дыскатэка на вольным паветры. Дзіцячыя хіты гучалі адзін за адным, клоўны, Баба Яга і яшчэ з дзясятак дзяўчат заводзілі астатніх дзяцей. Насупраць размясцілася студыя бодзі-арту (роспісу па целе). Твары хлопчыкаў і дзяўчынак ператвараліся ў аблічча рысянят, кацянят, а то і ўвогуле пакрываліся абстрактнымі малюнкамі. Фарба нават клалася на валасы, ад чаго ў прычосках з’яўляліся аранжавыя, чырвоныя, сінія і розных іншых колераў палосы і плямы. Выкарыстоўваліся толькі гуашавыя фарбы, якія лёгка змываюцца вадой.
Свята было задумана і праведзена з мэтай сімвалічнага знаёмства дзяцей-сірот з устаноў Віцебскай вобласці з іх аднагодкамі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Анак заўважыў, што знаёмства рэальнае адбылося яшчэ раней, як толькі дзеці з’ехаліся ў “Жамчужыну”. Для школьнікаў увогуле не існуе такіх паняццяў, як бар’ер геаграфічны, сацыяльны і нават моўны, яны лёгка пераадольваюць любыя.
Віка Шляпеціс і Мікіта Чучура выхоўваюцца ў дзіцячым доме ў Вялікіх Лётцах, Ліза Аўдзеенка — у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Арэхаўне Ушацкага раёна, Насця Булатава — з Віцебскага дзіцячага дома, Арына Юртайкіна — з Докшыцкага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Дзеці ў “Жамчужыне” толькі чацвёрты дзень, але ўжо раззнаёміліся, пасябравалі, ды не толькі з такімі ж выхаванцамі дзіцячых дамоў ці інтэрнатаў.
Ліза ўпершыню ў санаторыі, дагэтуль ні разу не была ў аздараўленчых установах, а вось Віка сустрэла дзяўчынку, якую ведала раней, вельмі ўзрадаваліся іх сустрэчы.
Вакол лепельскай “Жамчужыны” выдатная прырода, цудоўнае возера Шчыбат, але пакупацца ў ім пакуль што не ўдалося. Затое ўсе ахвотна асвойваюць басейн. Наведалі трэнажорную залу.
— Мы чулі, што тут, недалёка ад “Жамчужыны”, ёсць нейкая цудатворная крыніца, маўляў, вада гаючая, — кажа Ліза. — Трэба будзе выхавальнікаў як-небудзь папрасіць, каб яны паказалі яе. Цікава ж!
Новыя сябры, смачная ежа, вясёлае баўленне часу, аздараўленне, добрыя выхавальнікі — вось галоўныя ўражанні дзяцей-сірот. Шмат чаго з пералічанага ім не хапае ў паўсядзённым жыцці.
Гэтае ж уражанне дапоўніў дырэктар Віцебскага дзіцячага дома сямейнага тыпу Уладзімір Церахаў:
— Дзеці пастаянна занятыя. Яны гуляюць, лечацца, займаюцца спортам, у іх кожную хвіліну нейкая новая забава, так што часу на свавольства не застаецца.
У падрыхтоўцы і рэалізацыі праекта ўдзельнічаў і Беларускі дзіцячы фонд, на мерапрыемстве прысутнічала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Таццяна Броўчанка. Улучыўшы спрыяльную хвіліну, аўтар пагутарыў з ёй.
— Таццяна Іванаўна, наколькі ведаю, асноўнай крыніцай фінансавання дзейнасці фонду з’яўляюцца прыватныя ахвяраванні…
— Так, буйных мецэнатаў у Беларусі няма, у асноўным мы існуем за кошт падтрымкі ад работнікаў аховы здароўя, адукацыі. Урачы і настаўнікі хутчэй адгукаюцца на просьбы аб дапамозе. Шкада, што мецэнацкія традыцыі ў Беларусі не настолькі моцныя і пашыраныя, як у той жа Італіі. Аднак мы стараемся па меры магчымасці аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Напрыклад, увесну мы закупілі насенне для 27 дзіцячых дамоў. Яны, як правіла, маюць прысядзібныя ўчасткі, дзе вырошчваюць гародніну, кветкі. Дзеці такім чынам вучацца весці ўласную гаспадарку.
— Распавядзіце пра дадзены праект.
— Гэта вельмі вялікая справа. Мяркуйце хаця б з таго, што адна пуцёўка каштуе 6120 тысяч рублёў. Не кожная поўная здаровая сям’я можа дазволіць сабе такія расходы. Што ўжо казаць пра сем’і няпоўныя, праблемныя? Большасць з гэтых 50 дзяцей — сацыяльныя сіроты, сіроты пры жывых бацьках. За спіртным дарослыя не хочуць бачыць ні саміх сябе, ні дзяцей, ні іх праблем.
— Па якіх крытэрыях быў выбраны менавіта дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”?
— Галоўныя крытэрыі — аб’ём рэабілітацыйных паслуг, матэрыяльная база, прырода, водгукі. Ды і проста спадабалася. Мы ўвесну аб’ехалі амаль усе санаторна-куротныя ўстановы вобласці, і ў “Жамчужыне” нам спадабалася асабліва. Уразіла непаўторная прырода з лесам, возерам. Па-другое, тут прасторна, дзецям ёсць дзе пабегаць, пагуляць, паганяць мяч, пазаймацца ў трэнажорнай зале.
* * *
Між тым свята паступова перамясцілася ў актавую залу, там для ўсіх гасцей быў наладжаны канцэрт. Клоўны, Баба Яга, спевакі і танцоры так завялі залу, што юныя гледачы падпявалі і танцавалі разам з імі. Як сказала Лучыя Грандзі, Беларусь і Італія пазнаёміліся, пасябравалі, палюбілі адна адну, і цяпер разам могуць рабіць вялікія справы, нават немагчымыя. Бо, насамрэч, немагчымага не бывае. Было б толькі вялікае жаданне…
Замежныя мецэнаты пераканаліся, што і ў Беларусі хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, праблемных сем’яў могуць атрымаць паўнавартаснае аздараўленне, што грошы мецэнатаў будуць накіраваны на дабрачынную справу да апошняй капеечкі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: (злева направа) Ліза Аўдзеенка, Віка Шляпеціс, Насця Булатаева, Мікіта Чучура і Арына Юртайкіна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.