Якім будзе Лепель у будучым?

IMG_4905 Штогод прыгажэе наш невялікі гарадок. Асабліва гэта заўважна ў маі, калі квітнее, маладзее зямля, прачнуўшыся ад зімовай дрымоты, калі ўжо наведзены парадак на вуліцах, у дворыках, пасаджаны агароды, калі горад расцвітае кветкамі. Пра перспектывы развіцця Лепеля расказвае  намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі.

 « Першы генеральны план забудовы нашага горада быў прыняты ў 1835 годзе. Паводле яго, горад быў падзелены на трыццаць кварталаў і чатыры плошчы. Трэба сказаць, што ў прынцыпе такая планіроўка захавалася і да нашых дзён.

9 снежня 2008 года быў прыняты дзейны план забудовы горада. Ён прадугледжвае не толькі інжынерна-транспартную інфраструктуру, але і вызначае «зялёныя зоны», аб’екты сацкультбыту, гандлю, спартыўныя, рэлігійна-культавыя збудаванні, вялікую ўвагу надае шматкватэрнай забудове і г.д. Адзін з такіх раёнаў новабудоўляў знаходзіцца па вуліцы Чуйкова. Будуюцца шасцідзесяці- і васьмідзесяцікватэрныя дамы па вуліцах Школьная і Калініна. У наступным годзе плануецца будаўніцтва чатырох шматкватэрных дамоў: два – на трыццаць восем кватэр (па вуліцы Школьная) і два саракакватэрныя (па вуліцах Савецкая і Лабанка). Пры гэтым старыя будынкі, дзе размяшчаецца турбаза і працоўныя майстэрні, пойдуць пад знос. Улічваючы, што колькасць існуючых пляцовак для будаўніцтва без зносу старых аб’ектаў даволі абмежаваная, разглядаецца прапанова задзейнічаць пад шматкватэрную жылую забудову так званую «медыцынскую тэрыторыю» ў раёне шпіталя. Гэты раён значна большы, чым той, які мы ўжо забудавалі.

  Будуць узведзены тры гандлёвыя цэнтры. Адзін з іх павінен быць пабудаваны ўжо да канца гэтага года. Ён знаходзіцца ў раёне двух стакватэрных дамоў і мае плошчу тысяча чатырыста квадратных метраў. Другі гандлёвы цэнтр – Еўраопт – мяркуецца пабудаваць побач з рынкам Мацешы, з боку вакзала. І нарэшце трэці цэнтр гандлю генпланам прадугледжана ўзвесці па вуліцы Мінскай у 2016 – 2017 гадах.

 Пры распрацоўцы генеральнага плана забудовы горада меркавалася на сродкі з дзяржаўнага бюджэту ўзвесці басейн, лядовы Палац, пабудаваць новы дзіцячы сад у мікрараёне вуліцы Чуйкова на 240 месцаў, аднак з-за адсутнасці сродкаў будаўніцтва гэтых аб’ектаў адкладваецца на няпэўны тэрмін.

  На рамонт СШ №3 затрачана  каля шаснаццаці мільярдаў рублёў і прыкладна такую ж суму трэба яшчэ ўкласці. Там застаўся адзін корпус і фасады. Што да рэстаўрацыі помніка архітэктуры мінулых стагоддзяў пад музей, то яна працягваецца, хаця і не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б. Прычына ўсё тая ж – адсутнасць сродкаў.

Працягнецца будаўніцтва другой чаргі сетак водазабеспячэння – па вуліцах Маргевіч, Чуйкова, з урэзкай у раёне рамонтна-механічнага завода. Дыяметр водаправода – 250 міліметраў. Планам прадугледжана аптымізацыя водазабеспячэння раёна цэнтральнай раённай бальніцы, Бяленіцы, вуліцы Віцебскай (раён цагельнага завода) з перападключэннем на чыстую ваду».

 Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.