Вогненнае дзяцінства

ФЭТ_4 001=0— Добры дзень! Гэта рэдакцыя? Я збіраю звесткі пра спаленыя ў гады вайны вёскі Кісцялёва, Пастрэжжа, Стайчаўка… Шмат матэрыялу ўдалося сабраць, але, магчыма, вы таксама зможаце мне штосьці расказаць, — гучыць бадзёры мужчынскі голас.

— Добра, мы пастараемся вам дапамагчы, — працягваю размову з мужчынам. –- Аднак раскажыце, калі ласка, аб сабе.

— Эдуард Цімафеевіч Фядзько. Зараз я жыву ў Мінску, але з Лепельшчынай мяне звязвае вельмі шмат. З 1966 па 1968 гады пасля заканчэння інстытута фізічнай культуры і спорту працаваў у Лепельскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе трэнерам. Апошні час быў старшынёй камітэта па фізічнай культуры і спорце Маскоўскага раёна г.Мінска, затым — начальнікам аддзела па фізкультуры, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Мінска.

— У час вайны я быў хлапчуком, — расказвае Эдуард Цімафеевіч. — Ніколі не змагу забыць падзеі, якія адбываліся ў жудасныя саракавыя гады. Нейкім цудам мне пашчасціла выжыць. Тое, што я бачыў, перадаць словамі немагчыма. Колькі мірных жыхароў пацярпела ад фашысцкіх неляюдзяў! Нам, сведкам вайны, вельмі важна перадаць гэту святую памяць маладому пакаленню, якое лёс узнагародзіў магчымасцю жыць, вучыцца і працаваць на мірнай зямлі…

З цікавасцю слухаю свайго суразмоўцу — і перад вачыма ўстаюць сумныя страшныя эпізоды ваеннага ліхалецця. Вясна 1944-га года… Адчуваючы нашу перамогу, акупанты здзекваліся над мірнымі людзьмі. Асабліва нялёгка прыходзілася жыхарам лясных населеных пунткаў, куды часта заходзілі партызаны. Да ліку такіх вёсак адносіцца і вёска Федзькі, якая на карце ўжо не значыцца. У час вайны вёска знаходзілася паміж Лепельскім і Чашніцкім раёнамі. Да вайны тут налічвалася 26 двароў і пражывала больш за сто чалавек. Ужо ў сорак першым годзе ў лясной акрузе сталі канцэнтравацца сілы супраціўлення. Недалёка была пабудавана першая партызанская зямлянка будучай дубаўскай брыгады. Калі пачалі з’яўляцца атрады народных мсціўцаў, многія федзькаўцы ўступалі ў іх. Сувязь з партызанамі падтрымлівалі ўсе жыхары вёскі: забяспечвалі адзеннем, абуткам, пяклі хлеб. Памочнікі партызанаў у вёсцы з’яўляліся даволі часта. Непадалёк праходзіла дарога Чашнікі — Бачэйкава, якая злучала два буйныя нямецкія гарнізоны. Яе партызаны рэгулярна мініравалі. Федзькі былі вельмі зручным назіральным пунктам, месцам адпачынку пасля працоўнага задання і надзейным укрыццём у выпадку неабходнасці.

— У тым далёкім красавіку я чакаў свайго тату, якога ўжо некалькі дзён не бачыў, — працягвае мой суразмоўца. — Тата, Цімафей Цярэнцьевіч, разам з партызанам Мітрафанам Красікам адправіліся выконваць заданне камандзіра атрада брыгады “Дубава”. Яны патрулявалі вёску Мядзведск, жыхароў якой немцы збіраліся накіраваць на работы ў гарнізон. Ідучы па вясковай вуліцы, бацька і Мітрафан сустрэлі мясцовую настаўніцу, і тая папярэдзіла, што ў вёсцы ёсць немцы. Аднак было позна, іх заўважылі. Тата загінуў. Жыхары Мядзведска пахавалі яго на мясцовых могілках, а пасля вайны прах перанеслі ў Федзькі.

Праз тры дні ў Федзьках зноў з’явіліся немцы разам з паліцаямі, хадзілі па дамах і выганялі на вуліцу жыхароў. Маці Эдуарда Цімафеевіча — Ніна Лявонцьеўна Фядзько — паспела схапіць бохан свежаспечанага хлеба і іконку. Спачатку жыхароў сагналі ў двор на горцы, які быў акружаны кулямётамі. Панавала цяжкае маўчанне — усе чакалі бяды. Аднак вось з’явіўся немец на кані і падаў афіцэру пісьмо. Пачытаўшы, той даў каманду. Людзей выпусцілі на вуліцу і пагналі па дарозе да могілак.

У вёсцы Промыслы вяскоўцаў сагналі ў хлеў, выпусціўшы з дзвюх скрынак блых, заражаных ціфам, і закрылі на ноч. Раніцай немцы адчынілі хлеў, а самі паехалі. Вызваленыя вязні пабеглі ў родныя Федзькі, але вёскі не было… Немцы спалілі яе дашчэнту. На папялішчы людзі стаялі моўчкі. Слёз не было. Магчыма, ад жахаў перажытага. Раскіданае гняздо стала для нас знакам новай бяды.

Застаўшыся без даху над галавой, людзі сталі будаваць зямлянкі, шалашы. Ніна Лявонцьеўна адправілася ў лес, прынесла палкі, склала іх на печ, якая захавалася, пад вуглом і накрыла асокай. У такім шалашы сям’я Фядзько пражыла да вызвалення.

Пасля вайны Эдуард Цімафеевіч скончыў Ляхавіцкую сярэднюю школу, затым -– Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай кульутры, дзе атрымаў спецыяльнасць “Выкладчык па фізічнай культуры і спорце”. Пасля таго, як пакінуў Лепельшчыну ў 1968 годзе, ён працаваў у інстытуце замежных моў. Затым некалькі год быў інструктарам-метадыстам аддзела адукацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска. З 1978 па 1981 гады –- загадваў аддзелам сярэдніх і спецыяльных навучальных устаноў і спартыўных-дзіцячых школ ЦС ДСА “Чырвоны сцяг”.

З верасня 1981 года Эдуард Цімафеевіч працаваў старшынёй камітэта па фізічнай культуры і спорце Маскоўскага раёна г.Мінска, а да 2005 года —начальнікам аддзела па фізкультуры, спорце і турызме адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Мінска.

Работа, якая вялася Эдуардам Цімафеевічам, прыносіла вялікі плён. Спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, якія праводзіліся Эдуардам Цімафеевічам, заўсёды праводзіліся арганізавана, на высокім спартыўным узроўні і ахоплівалі шмат жыхароў раёна. За час работы ў раёне Эдуард Цімафеевіч шмат увагі ўдзяляў развіццю спартыўна-матэрыяльнай базы. Да выканання сваіх абавязкаў ён адносіўся прафесійна.

Раённая фізкультурная арганізацыя ў гарадскім і рэспубліканскім аглядах-конкурсах на лепшую арганізацыю фізкультурна-адараўленчай работы займала першыя месцы па выніках работы за 1996, 2001, 2003, 2004 гады, а таксама прызавыя месцы ў 1999 і 2000 гадах.

Зборная каманда Маскоўскага раёна г.Мінска займала прызавыя месцы па легкаатлетычным кросе ў Рэспубліцы Беларусь у 2002 і 2003 гадах.

За шматгадовую плённую работу і вялікі асабісты ўклад у фізкультурна-аздараўленчую і спартыўную работу сярод насельніцтва Эдуард Цімафеевіч узнагароджаны значком “Выдатнік фізічнай культуры і спорту СССР” у 1977 годзе, больш як трыццаццю Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызму, упраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму, Удзячнасцю Прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійіскага Камітэта ў Рэспубліцы Беларусь і г.д.

Хоць Эдуард Цімафеевіч ужо не першы год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён не губляе жыццёвага аптымізму, працоўнай энергіі, бадзёрасці. Эдуард Цімафеевіч актыўна збірае матэрыял аб падзеях, якія адбываліся ў вёсках у час вайны, занатоўвае шматлікія ўспаміны для таго, каб перадаць іх наступным пакаленням.

Вядома, перажыць нашым землякам прыйшлося шмат. Слухаю аповяд аб тых жудасных днях — і ўвесь час разважаю: як гэтым людзям удалося выжыць? Вядома, выратоўвалі чалавечыя дабрыня, узаемадапамога. Кожны, хто прайшоў жудасную школу вайны, не зможа адмовіцца ад зямлі, на якой нарадзіўся і вырас. Тысячы кіламетраў сёння раздзяляюць тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце ў Федзьках. Сярод іх ёсць масквічы, санкт-пецярбуржцы, мінчане… Аднак нішто не зможа разлучыць землякоў, у якіх агульны боль і агульная памяць…

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: Эдуард Цімафеевіч Фядзько атрымаў чарговую ўзнагароду.

Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.