Яны дасталі нейкія паперкі з пячаткамі і сказалі, што застрахуюць яе лядашчыя пабудовы, нібы той шыкоўны палац

babushka-slezyЧалавек не маладзее. Мінаюць гады, і старасць грукаецца ў дзверы. Стукаюцца тады да пажылых і аматары лёгкай здабычы. Прывыклі давяраць людзям. І дарэмна. Вось на памяці выпадак, які адбыўся ў вёсцы, дзе жыве мая цётка. У другім канцы населенага пункта дажывае свой век васьмідзесяцігадовая кабета. Дзеці, нібы птушкі, разляцеліся па свеце. Зрэдку наведваюцца. А матуля празябае адна. Дык вось, аднойчы ўвечары пагрукаліся ў дзверы двое маладых людзей. Апрануты па-гарадскому, за словам у кішэню не лезуць. Гаваркія, і на гэты кручок павялася старая. Яны дасталі нейкія паперкі з пячаткамі і сказалі, што застрахуюць яе лядашчыя пабудовы, нібы той шыкоўны палац. І ёй хопіць на пахаванне, ды яшчэ і дзецям нібыта спраўная спадчына дастанецца. І выцыганілі ў бабулькі кругленькую суму ў якасці першага ўзносу. З тым і адбылі. Шукай цяперака ветру ў полі. Такі вось канфуз. Бабуля выплакала ўсе слёзы. Шкада яе. Былі зберажэнні — і ў невядомым кірунку сплылі.
І на Лепельшчыне не зусім спакойна. За восем мінулых месяцаў адбыўся рост злачынстваў у дачыненні да грамадзян пенсійнага ўзросту з 21 да 24. І невыпадкова…
— З 14 па 21 верасня бягучага года ў раёне праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Увага — узрост!», — падкрэсліў у гутарцы намеснік начальніка ААПП маёр міліцыі В. Барадзейка. — Мэта — павышэнне ўзроўню бяспекі пажылых людзей, іх асабістай маёмасці. У нашым рэгіёне зафіксаваны крадзяжы і ашуканскія дзеянні ў дачыненні да састарэлых грамадзян. Злачынствы здзяйсняюцца ашуканцамі, у тым ліку асобамі цыганскай нацыянальнасці, якія нібыта для аказання сацыяльнай дапамогі і паслуг у набыцці тавараў, медыкаментаў, а таксама продажу рэчаў раз’язджаюць на аўтамашынах па вёсках, заходзяць у хаты, адцягваюць увагу гаспадароў і ўчыняюць крадзяжы.
Пошук шляхоў вырашэння праблемы — галаўны боль не толькі насельніцтва, органаў аховы правапарадку. І ўсё ж намаганнямі адной міліцыі спыніць замахі на кватэрную маёмасць немагчыма. Палова крадзяжоў з жылля ўчыняецца шляхам свабоднага доступу, калі злачынцы не затрачваюць намаганні на пераадоленне перашкод, пацярпелыя пакідаюць адкрытымі дзверы і вокны. Не будзьце залішне даверлівымі. Злодзеі могуць пранікнуць у ваш дом пад выглядам паштальёна, сантэхніка, знаёмага вашых суседзяў або сваякоў. Адны злачынцы просяць папіць, лекі, што хочуць вярнуць грошы ці перадаць запіску суседзям і просяць прынесці паперу або ручку, каб пакінуць запіску. У многіх выпадках зламыснікі прапаноўваюць набыць якія-небудзь рэчы, лекі па цэнах ніжэй за рынкавыя. Падставы могуць быць самымі разнастайнымі.
Асабліва неабароненымі ад злодзеяў становяцца састарэлыя грамадзяне, якія імкнуцца набыць тавары па нізкіх коштах, а злачынцу трэба толькі ўвайсці ў кватэру або дом, каб ажыццявіць свае намеры. Пражываючы па суседстве з састарэлымі, не праходзьце міма такіх людзей, а ў выпадку атрымання інфармацыі аб здзяйсненні ў дачыненні да іх супрацьпраўных дзеянняў неадкладна паведамляйце ў РАУС па тэлефоне 102 (кругласутачна). Менавіта ад вашага званка залежыць дабрабыт людзей, своечасовасць правядзення праверкі і спынення супрацьпраўных дзеянняў.
Будзьце асцярожныя, калі незнаёмы тэлефануе ў дзверы, не спяшайцеся адкрываць, выкарыстоўвайце дзвярное вочка. Калі ў кватэру спрабуюць зайсці нібыта работнікі аддзела сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паштальёны альбо асобы, якіх не выклікалі, запатрабуйце прад’явіць дакументы. Не лішне таксама патэлефанаваць у адпаведную арганізацыю і ўдакладніць, ці працуе ў іх такі супрацоўнік, і дзе ён павінен знаходзіцца ў дадзены час. Пры выяўленні старонніх асоб, якія займаюцца рэалізацыяй тавараў, асабліва асобамі цыганскай нацыянальнасці, варта неадкладна патэлефанаваць у міліцыю па тэлефоне 102, паведаміць прыкметы зламысніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.