З бадзёрасцю і аптымізмам

41Спаборніцтвы па міні-футболе заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць.
— Штогод у раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры праводзіцца турнір па міні-футболе, прымеркаваны да Ражства Хрыстова, у якім прымаюць удзел лепшыя спартыўныя дружыны Лепельшчыны, — адзначыў дырэктар установы Рымантас Стрыпейкіс. — На гэты раз перамогу ў спаборніцтвах святкавала каманда “Фаварыт”. Другое месца заваявалі спартсмены аграрна-тэхнічнага каледжа, трэцяе — прафесійнага ліцэя.
— Якія дасягненні зборнай каманды?
— У Бешанковічах быў арганізаваны абласны турнір па міні-футболе, у якім прынялі ўдзел восем найбольш моцных каманд Віцебшчыны. Зборная Лепеля заняла ў ім першае месца. Найбольш вызначыліся ў паядынках з моцнымі сапернікамі Дзяніс Бартко, Яўген Добыш, Іван Мацкевіч, Віталь Мілаш, Віктар Мензурэнка, Яўген Лобкіс, Аляксандр Лях і іншыя. Рыхтаваў каманду да гэтых спартыўных выпрабаванняў старшы трэнер Аляксандр Прыцкер.
Прыязджалі ў госці і нашы суседзі, каб памерыцца сіламі сярод спартсменаў-ветэранаў у матчах па міні-футболе ў крытай зале нашага раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Упэўнена адчулі сябе ў чужых сценах, удала атакавалі і абараняліся спартсмены “Энергетыка” (Чашнікі), таму яны і сталі пераможцамі. Другое і трэцяе месцы заваявалі каманды “Лепель-1” і “Лепель-2”. Лепшымі ігракамі спаборніцтваў былі прызнаны Эдуард Буйніцкі з футбольнай дружыны “Лепель-1” і Дзмітрый Лаўроў з “Энергетыка”.
— Якія спаборніцтвы будуць праводзіцца ў бліжэйшы час?
— У лютым пачнецца чэмпіянат раёна па міні-футболе. Пра ўдзел у ім ужо паведамілі дзесяць каманд. Прыём заявак ад калектываў фізкультуры працягваецца.
— Ці аказваеце дапамогу аматарам здаровага ладу жыцця ў катанні на лыжах і каньках?
— У раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры штодзённа, з 13 да 21 гадзіны, працуе пункт часовай выдачы ў карыстанне спартыўнага інвентару. Жадаючыя могуць звярнуцца да нас і за пэўную невялікую плату на гадзіну-другую атрымаць лыжы або канькі. У нас можна выдатна правесці вольны час, катаючыся на лыжах па тэрыторыі гарадскога стадыёна і яго легкаатлетычных дарожках, іншых прасторах. Не трэба забываць і пра тое, што ў лютым мяркуецца правесці традыцыйныя спаборніцтвы “Лепельская лыжня-2014”.
Для тых жа, хто любіць на добрай хуткасці і з ветрыкам прабегчыся на каньках, побач з раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам заліта і падтрымліваецца ў належным стане вялікая лёдавая пляцоўка. У гэтым месцы ёсць дзе разагнацца на прыволлі, атрымаць добрую порцыю адрэналіну, станоўчы зарад бадзёрасці і аптымізму. Дарэчы, для зручнасці наведвальнікаў зусім непадалёк маецца спецыяльнае памяшканне, дзе любому аматару здаровага ладу жыцця можна пераапрануцца, прывесці сябе ў парадак.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.