Заўсёды быць наперадзе

кузьмічРаённае вытворчае ўпраўленне “Лепельрайгаз” забяспечвае бесперапынную дастаўку газавага паліва прадпрыемствам і ўстановам, насельніцтву горада і раёна. На яго балансе знаходзіцца шырокая сетка газаправодаў, разнастайнага спецыялізаванага абсталявання, машын і механізмаў.

Нягледзячы на высокія патрабаванні па тэхніцы бяспекі, аховы працы пры дзейнасці гэтай раённай службы, тут праведзены максімальна магчымая аптымізацыя, скарачэнне колькасці работнікаў. Усяго цяпер па штатным раскладзе налічваецца 64 чалавекі.
Яскравым прыкладам сумяшчэння розных сфер дзейнасці на адной пасадзе з’яўляецца работа эканаміста РВУ “Лепельрайгаз” Наталлі Кузьміч, якая адначасова выконвае абавязкі інспектара аддзела кадраў, старшыні прафкама і адказнай за ідэалагічную работу ў працоўным калектыве. Таму не выпадковым было пытанне да Наталлі Фёдараўны, як яна спраўляецца з усім гэтым.
— Даводзіцца калі-небудзь заставацца на рабочым месцы на гадзіну-другую пасля заканчэння працоўнага дня, аднак у асноўным паспяваю ўсё зрабіць у вызначаны час, — сказала яна. — Муж Віктар працуе вадзіцелем у нашай арганізацыі, таму ведае рэальны стан спраў, вельмі напружаны рытм работы газавікоў, і з разуменнем адносіцца да выпадкаў майго спазнення з працы.
— Важнай састаўной часткай ідэалагічнай работы, за якую адказваеце ў працоўным калектыве, з’яўляецца падпіска на газеты і часопісы…
— Цяпер жыхары горада і раёна актыўна падпісваюцца на перыядычныя выданні на другі квартал 2014 года. Асаблівай папулярнасцю сярод работнікаў РВУ “Лепельрайгаз” карыстаюцца газеты “Беларусь сегодня” і “Лепельскі край”. І гэта не выпадкова. Напрыклад, заўсёды ёсць што пачытаць у раённай газеце. У ёй друкуюцца разнастайныя паведамленні і факты аб паўсядзённым жыцці Лепельшчыны, найбольш важных падзеях. Не могуць пакінуць раўнадушным расказы аб нашых земляках, цікавым, шматколерным сённяшнім дні нашага роднага краю, яго гісторыі і культуры. У “Лепельскім краі” змяшчаюцца і найбольш важныя рэспубліканскія, абласныя навіны. Таму ў РВУ “Лепельрайгаз” амаль кожны трэці работнік выпісвае раённую газету.
Афармляе падпіску на перыядычныя выданні ў нашым працоўным калектыве грамадскі распаўсюджвальнік друку. Гэта эканоміць вольны час работнікаў газавай гаспадаркі, пазбаўляе іх неабходнасці наведваць для гэтага бліжэйшае аддзяленне паштовай сувязі. Тым больш, што пошта матэрыяльна заахвочвае грамадскага распаўсюджвальніка, плаціць яму два працэнты ад агульнага кошту прынятай падпіскі ўсіх газет і часопісаў. Так што, хутчэй за ўсё, на тых прадпрыемствах і ва ўстановах, дзе адсутнічаюць грамадскія распаўсюджвальнікі друку, належным чынам не праводзіцца работа па падпісцы на перыдычныя выданні.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Сямейнымі клопатамі, хатняй гаспадаркай. Тым больш, што жыву ў Лепелі ў прыватным доме з прысядзібным зямельным участкам. Разам з мужам Віктарам і сынам Дзянісам, які вучыцца на першым курсе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, займаюся вырошчваннем садавіны і гародніны. Па меры магчымасці дапамагаю ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі маім бацькам Фёдару і Ганне Фраловым, якія жывуць у вёсцы Юшкі. Дарэчы, летась майму бацьку споўнілася 77 гадоў, а сёлета мая маці будзе адзначаць сваё 75-годдзе. Толькі ў мінулым годзе бацькі перасталі трымаць карову, а за пару гадоў перад гэтым — свіней. Прытым яны так старанна рупіліся на вясковым падворку, каб перш за ўсё дапамагчы дзецям, якіх пяцёра ў нашай сям’і, з прадуктамі харчавання. Хаця мы заўсёды больш за ўсё хваляваліся і хвалюемся за здароўе бацькоў, каб яны бераглі сябе, жылі доўга і шчасліва.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Наталля Кузьміч.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.