За пятнаццаць кіламетраў на ўсход ад Лепеля раскінулася маляўнічая вёсачка
За пятнаццаць кіламетраў на ўсход ад Лепеля раскінулася маляўнічая вёсачка. Яна вядомая яшчэ па пісьмовых крыніцах пачатку XX ст. як вёска Гарадчэвіцкай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні.
У 1906 годзе ў ёй было 18 сядзіб, 153 жыхары, адкрылі царкоўнапрыходскую школу, у 1997 — 108 сядзіб і 290 жыхароў. Тут знаходзіўся цэнтр сельсавета і калгаса, ветэрынарны пункт, аддзяленне сувязі, клуб, дзіцячыя яслі-сад, магазін і інш. Некалькі тыдняў таму свой юбілей адзначала Бароўка, зараз святкуюць Горкі.
— Дазвольце павіншаваць вас, шаноўныя вяскоўцы і госці фэсту, са святам аграгарадка Горкі. Раней Горкі былі цэнтрам сельсавета і калгаса “Парыжская камуна”. Зараз на тэрыторыі размяшчаюцца ААТ “Лепельаграсэрвіс”, сельгаспрадпрыемства “Караевічы”, — адзначыў старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй.
Святочнай імпрэзе даў старт духавы ваенны аркестр Заслонаўскага гарнізона. Шырокі інструментальны калейдаскоп ад “Брэменскіх музыкаў” да “The Final Coutdown” гурта Europe і “Bad romance” Лэдзі Гага нікога не пакінуў абыякавым.
Аднак музыкантам не сядзелася на месцы. Прагуляліся па горскіх вуліцах, збіралі старых і маладых. Святочная фурманка кіроўцы Ігара Трыбо следам ехала.
Прыйшлі да “аграгарадка майстроў” і канцэртнай пляцоўкі, скінем “магічныя чары” заслонаўскіх музыкаў і агледзімся. Мастацкі салон “Скарбонка” разгарнуў гандаль прыгожымі дэкаратыўнымі вырабамі. Тут імянныя гліняныя падковы, драўляныя лыжкі, магніцікі на халадзільнік і многае іншае. Выхаванцы Горскага яслі-сада дэманстравалі малюнкі, пано і дробныя вырабы, якія зрабілі ўласнымі рукамі. Ну а самы галоўны іх “экспанат” — бялюткі трус, які спакойна і з апетытам хрумкаў моркву.
Адразу кінулася ў вочы прыгожая фотавыстава “Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма” супрацоўнікаў раённай бібліятэкі. Змястоўны стэнд таксама аформілі ваенныя з Заслонава.
Экспанаты Горскай базавай школы — рэчы дзядуляў і бабуль. Гэта саламяныя капелюшы, самавар, кола ад фурманкі, старажытны прас. Зірнуў на яго і міжволі ўсміхнуўся. Яшчэ памятаю падобны. Гэта зараз у краме разнастайны выбар. Тут табе і “Бош”, і “Тэфаль” з “Філіпсам”. Раней узяў вуглі з печы, насыпаў і прасуй акуратненька кашулю ці спадніцу. Ну а раскажа, пакажа і патлумачыць значэнне і прымяненне прадметаў даўніны экскурсавод з сёмага класа Сняжана Кулікова.
Не дзіўна, што вышыванкі і лялькі больш цікавілі дзяўчат. Хлопцы таксама не сумавалі. Каля выстаў з пажарнай, сельскагаспадарчай і ваеннай тэхнікай, згодна з вядомым выразам, “не было дзе яблыку ўпасці”. Выратавальнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях узялі гідраўлічныя нажніцы — і жалезная труба, быццам паперка, разломліваецца на дзве часткі. Тут жа стварылі “цір”. Старшыня раённай структуры ДТСААФ Павел Лямцаў прапаноўваў усім жадаючым паспаборнічаць у хуткасці і дакладнасці стрэлаў з пнеўматычнай вінтоўкі.
Малыя весела скокалі ў надзіманым “Happy House”. Добра сябе адчувалі ў “Шчаслівым доме”, што тут скажаш.
Калі зараз нават сялянскіх дзяцей папкорнам альбо салодкай ватай не здзівіш, то кіслародны кактэйль віцебскага прадпрымальніка Максіма Аксімака — рэч даволі экзатычная. І нашмат смачнейшая за “Колу” альбо “Спрайт”.
Так, салодкім не пад’ясі. Трэба знайсці нешта больш “саліднае”. Доўга шукаць не прыйшлося. Гандляры з міні-кафэ “7 вятроў” прапаноўваюць паспытаць бутэрброды, хот-догі і піццу, калі трэба, у мікрахвалёўцы разагрэюць. Можна паспытаць сок апельсінавы альбо яблычны. Калі голад зусім не цётка, жыхар Зорніцы Сяргей Каз’янін пачастуе гарачым шашлыком.
Загуляліся мы з вамі, вернемся да “музычнага алімпа”. Васіль Бадзяй уганароўвае заслужаных людзей сельсавета. У намінацыі “Доўгажыхар” дыплом атрымала Марыя Савосіна з Горак, у намінацыі “Геній” перамагла выдатніца Яна Грыгаровіч. Весялілі жыхароў і гасцей вакальны калектыў “Околица” з Бароўкі, Аня Каляганава, Яна Грыгаровіч і інш.
…Шмат пра што яшчэ можна расказаць. І як у міні-футбол гулялі, і як канат перацягвалі, і як вялікі гарбуз у бяспройгрышную латарэю выйгралі. Да новых сустрэч, Горкі!
Яўген МУДРЫ.
На здымках: дэманстрацыя зброі; фотавыстава горскага жыцця; выступаюць артысты.