Забор земли из мест массового захоронения возле Черноручья Лепельского района

img_6829У матэрыяле “У гонар абаронцаў Айчыны”, змешчаным у №17 за 28 лютага, мы распавядалі пра акцыю “На славу агульнай Перамогі!”, якая праходзіць па ўсёй Беларусі. Чарговым яе этапам на Лепельшчыне стаў забор зямлі з месца масавага пахавання
каля Чарнаручча.
На мемарыяльнай дошцы на помніку пазначана, што тут пахаваны больш за дзве тысячы мірных грамадзян, забітых фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Масавыя расстрэлы ў лясным масіве паблізу вёскі Чарнаручча пачаліся ўвесну 1942 года, ахвярамі стала яўрэйскае насельніцтва Лепеля і навакольных мястэчак і вёсак. Як толькі была захоплена тэрыторыя раёна, акупанты адразу ж прыступілі да “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання” — так яны любілі казаць. У квартале, абмежаваным вуліцамі Ленінскай, Дзяржынскага, Лабанка, Валадарскага, было створана гета, куды сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва горада. Пра ўмовы існавання і выжывання там успаміналі нешматлікія людзі, якія здолелі перажыць чорныя гады фашысцкай навалы, іх аповеды прыводзяцца ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”. Акупанты і паліцаі маглі ўварвацца ў любы дом, забраць сабе, што хацелі, збіць, забіць, падпаліць дом ці кінуць у акно гранату — і іх ніхто не мог пакараць. Акупацыйныя ўлады, ствараючы такі рэжым, ставілі перад сабой дзве мэты: забраць у абяздоленых, запалоханых, пастаўленых на мяжу выжывання людзей усё, што ў іх ёсць каштоўнае, у першую чаргу золата, і, па-другое, справакаваць мясцовае насельніцтва на масавыя яўрэйскія пагромы. І калі першую задачу ворагам, хай сабе і часткова, удалося вырашыць, то з другой здарылася замінка — не хацелі беларусы, якія на працягу стагоддзяў мірна суседнічалі з яўрэямі, раптам, па прыхаці нейкага фюрэра з Берліна забіваць і рабаваць сваіх суседзяў. Так, дзе-нідзе выпадкі здараліся, але былі яны адзінкавымі, выпадковымі і неарганізаванымі.
Пачакаўшы некалькі месяцаў і так і не дачакаўшыся “акцый праведнага гневу” акупанты вырашылі ўсё ж такі ўзяць справу ў свае рукі. Па начах выганялі людзей з дамоў і на грузавіках вывозілі ў невядомым для іх накірунку, дзе ў лесе ўжо былі загадзя выкапаныя ямы.
Так загінулі тысячы жанчын, дзяцей, старых, бо мужчыны, у большасці, былі прызваныя на фронт.
І потым на працягу ўсяго перыяду акупацыі ля Чарнаручча працягваліся расстрэлы і пахаванні ахвяраў фашысцкага рэжыму: захопленых у палон партызанаў, схопленых і прайшоўшых праз пекла допытаў і катаванняў падпольшчыкаў, проста мірных вяскоўцаў і гараджан, якія патрапіліся карнікам у час правядзення іх аперацый.
Пасля вызвалення, з 1944 па 1946 гады працавала спецыяльная камісія, якая павінна была ўлічыць і ацаніць урон, нанесены захопнікамі за час акупацыі. Чытаеш радкі справаздач — і ў галаве не ўкладваюцца тыя жахі, якія тварылі фашысты і іх памагатыя. Паводле дакументаў, у магілах, раскапаных пад Чарнаруччам, былі знойдзены парэшткі не менш, як дзвюх тысяч чалавек — дакладнай лічбы тады, а тым больш цяпер устанавіць немагчыма. Як і пайменна пералічыць ахвяры тых жахлівых падзей.
Забор зямлі з магіл ажыццявілі старшыня Лепельскага сельсавета Васіль Шапка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка. Раней аналагічныя заборы былі ажыццёўлены ў Паддуб’і, Вялікім Поўсвіжы, Старым Лядне — ва ўсіх вёсках сельсавета, дзе ёсць воінскія пахаванні і пахаванні мірных ахвяраў фашызму.
Жахі вайны ніколі больш не павінны паўтарыцца!
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.