Згарэў на полі трактар

На полі ААТ “Чарэйшчына” адбыўся інцыдэнт: загарэўся трактар МТЗ-3022. На той момант трактарыст араў зямлю, рыхтаваў глебу пад сяўбу азімых. Паводле адной з папярэдніх версій, загаранне адбылося з-за наліпання прамасленых жніўных рэшткаў і пылу, на якія трапіла іскра.

 

“Давай закурым…”

Узнік пажар у вёсцы Мягелі. Прычынай стаў неабачліва кінуты недакурак. У гаспадыні дома гасцявала 16-гадовая пляменніца, якая, улучыўшы хвіліну, выскачыла з сяброўкай пакурыць, схаваўшыся за гаспадарчую пабудову. Пакурыла, кінула недакурак на зямлю. Ад яго затлела смецце, агонь перакінуўся на кладоўку.

Спачатку сяброўкі спрабавалі затушыць полымя самастойна, аднак не ўдалося. Выклікалі пажарных. Узнікала рэальная пагроза загарання жылога дома, які стаяў не больш як за чатыры метры.

Пажарныя прыбылі хутка і затушылі загаранне. Вынік — згарэлі пабудова, а таксама маёмасць, якая там на той момант знаходзілася: дзве лодкі, веласіпед, дзесяць лістоў металапрофілю. Агульны ўрон ацэнены ў восем мільёнаў рублёў.

 

Дым з вокнаў

На пост дзяжурнага РАНС паступіў выклік з паведамленнем аб тым, што з вокнаў кватэры №9 дома №6 па вуліцы Данукалава ідуць клубы дыму. Паведамлялі ўстрывожаныя суседзі. Пажарныя, якія прыбылі на месца здарэння, грукалі ў дзверы, але ім не адчынілі. Было прынята аператыўнае рашэнне — ламаць.

У кватэры знайшлі посуд, які абгараў на ўключанай газавай пліце. Гаспадары, муж з жонкай, на гэты час спалі ў суседнім пакоі. Ад іх моцна патыхала перагарам ад спіртнога. Людзей вывелі на вуліцу.

Жанчына не праявіла ніякай удзячнасці, наадварот, агрэсіўна стала накідвацца на пажарных, палілася нецэнзурная лаянка. Нарад міліцыі затрымаў яе. Супраць гаспадароў узбуджана адміністрацыйная справа па ч. 1 арт. 23.56 (дзеянні, якія маглі прывесці да ўзнікнення пажару).

 

Полымя ахапіла аўтамабіль

Уначы ў двары аднаго з прыватных дамоў горада загарэўся аўтамабіль “Опель”. Полымя ахапіла левую пярэднюю вонкавую частку машыны, маторны адсек і салон — не закранутыя. Умелымі дзеяннямі гаспадароў і пажарных загаранне было хутка затушана. Па факце загарання праводзіцца расследаванне.

Аляксандр САДОЎСКІ,

інспектар групы прапаганды і агітацыі РАНС,

старшы лейтэнант унутранай службы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.