Майстры-сталяры
Сталярны цэх прадпрыемства “ПрэстыжДрэў” без працы не застаецца ні хвіліны. Работнікам не бывае часу, каб пастаяць, пакурыць, пагутарыць пра жыццё. Па-першае, у цэху, наскрозь зацярушаным сухім пілавіннем, дужа не пакурыш, як і на ўсёй тэрыторыі прадпрыемства. Дрэва і агонь — катэгорыі сумяшчальныя толькі ў печы.
За гады працы падабраўся зладжаны калектыў. Сталярным цэхам амаль з дня яго стварэння кіруе майстар Валерый Матырка.
Дырэктар прадпрыемства Сяргей Дзямешка шмат гадоў ведае Валерыя Яфімавіча — яшчэ з часоў, калі той працаваў у вытворчым дрэваапрацоўчым аб’яднанні — цяперашняй “Прамшвеймэблі”.
Калі там пакрысе стала згортвацца дрэваперапрацоўка, вопытнаму майстру прапанавалі новае месца працы, так больш за дзесяць гадоў ён тут і працуе. Валерый Ягоравіч прывёў на “ПрэстыжДрэў” свайго сына Сяргея. Сёння сталярную вытворчасць немагчыма ўявіць і без удзелу ў ёй жанчын. Вольга Крывель і Людміла Валінурава выдатна дапаўняюць мужчынскі калектыў.
Гісторыя арганізацыі сталярнай вытворчасці наступная. У свой час прадпрыемства займалася выпускам клеенага аконнага бруса. З масіву дрэва выбіраліся самыя лепшыя, высакаякасныя рэйкі без сучкоў, расколін. Склейваліся адмысловым чынам, каб звонку была прыгажэйшая тэкстура, каб брус у далейшым пры сушцы ці, наадварот, пры ўздзеянні на яго атмасферных ападкаў не павяло, не перакруціла. Гатовы брус ішоў на экспарт, прадаваўся іншым айчынным вытворцам, якія рабілі з яго вокны.
Гадоў з пяць таму назад пачалі прапрацоўваць і рэалізоўваць ідэю гатовага вырабу, бо вядома, што на продажы гатовага вырабу можна заробіць нашмат больш, чым на продажы сыравіны, паўфабрыкату. Закупілі дадатковае неабходнае абсталяванне, матэрыялы, асвоілі тэхналогію, і справа пайшла.
Амаль увесь лес, які закупляе “ПрэстыжДрэў” на біржы, ідзе на вытворчасць зборных рубленых дамоў. Таму сёння, напрыклад, аконны брус не вырабляецца, а закупляецца на іншых беларускіх прадпрыемствах Жодзіна, Барысава. Шклопакеты робіць “ЛепельТрансСэрвіс”. Шклопакеты са шпросамі — спецыяльнымі дэкаратыўнымі ўстаўкамі паміж лістамі шкла — прывозяць з Мінска. На пытанне, чаму шклопакеты не вырабляюць самі, Сяргей Дзямешка адказаў:
— А навошта? Гэта ж яшчэ адна няпрофільная для нас вытворчасць. Лепей няхай кожны займаецца сваёй, толькі яму ўласцівай, справай. Хто ўмее выдатна рабіць шклопакеты, няхай іх і выпускае, а нам сваёй працы досыць — у гэтым заключаецца прынцып падзелу працы і кааперацыі. Тым больш, што ў нас няма свабодных плошчаў, каб разгортваць новую вытворчасць.
З цягам часу, з вопытам калектыў асвоіў вокны самых розных формаў — ад класічнай прамавугольнай да авангарднай трохвугольнай ды трапецыепадобнай. Аднак самай складанай у вытворчасці з’яўляецца арачная рама, якая складаецца з некалькіх ювелірна падганяемых адна да адной рэек. Выдатна іх робяць Віталь Кавалёў і Аляксандр Іваноў.
* * *
Выдатных вынікаў немагчыма дасягнуць без выдатнага інструмента, на які прадпрыемства не шкадуе грошай.
— Укладанні сябе цалкам апраўдваюць, — даводзіць Валерый Матырка, — дарагі, але якасны інструмент працуе ў тры — чатыры разы даўжэй за танны, амаль не выходзіць са строю пры любых нагрузках. Вось, напрыклад, гэты маленькі прафесійны шрубавёрт, які вы трымаеце ў руках, каштуе 500 долараў.
Аж крыху зніякавеў. За жыццё ўсякім электраінструментам папрацаваў, а вось такі высакакласны нават бачыць не даводзілася, не тое што трымаць у руках.
Вольга Крывель і Людміла Валінурава фарбуюць гатовыя вырабы. Фарбаванне — адзін з важных этапаў вырабу якаснага акна. На “ПрэстыжДрэў” выкарыстоўваюцца фарбы на воднай аснове вядучых еўрапейскіх вытворцаў “Becker” і “Remers”. Дрэва захоўвае сваю непаўторную тэкстуру, малюнак.
— Да сталяркі я працавала сартыроўшчыцай у іншым цэху “ПрэстыжДрэў”, — успамінае Вольга Крывель. — Некалькі гадоў таму назад мне прапанавалі перайсці сюды.
Заробак у сталяроў “ПрэстыжДрэў” каля 1,8 мільёна рублёў.
Якасць вырабаў на пастаянным кантролі. Кожны квартал узоры аконнага бруса накіроўваюцца ў Мінск на спецыяльныя лабараторныя даследаванні. Там іх выпрабоўваюць на механічную трываласць, устойлівасць да ўздзеяння высокіх і нізкіх тэмператур, вільгаці. Па кожным ўзоры выдаецца сертыфікат годнасці, ужо некалькі гадоў ні адзін узор з “ПрэстыжДрэў” не быў прызнаны не адпавядаючым стандартам.
Васіль МАТЫРКА.