“Лепельскі тэкстыль”

 Даўно ўжо ў вокнах гэтага будынка не было відаць святла! Памятаю часіны яго росквіту. Прыпадаюць яны на васьмі­дзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі тут, у маляўнічым і людным месцы горада, пабудавалі вучэбна-вытворчы камбінат. Будынак камбіната вырас прыгожым, прасторным, плошчаў яго хапала для заняткаў адначасова некалькіх вучнёўскіх груп, было шмат вучэбнага абсталявання для вытворчай практыкі вадзіцеляў.

Але ўсё цячэ, усё мяняецца. Прыйшлі тыя самыя небясспрэчныя дзевяностыя гады, калі шмат чаго ламалася, перараблялася, прызнавалася нерэнтабельным, непрыгодным. Адным словам, наламалі тады дроў. Так, ледзьве пачаўшыся, закончыўся кароткі век вучэбнага камбіната, а яго не так даўно пабудаваныя прасторныя плошчы апынуліся ў запусценні.

І вось аднойчы ў будынку былога ВВК зноў успыхнула святло. Больш таго, здавалася, яно ніколі не гасне. Вокны свецяцца рана, калі едзеш на працу, свецяцца позна ўвечары, калі вяртаешся дадому. Натуральна, захацелася даведацца, што за новае жыццё пасялілася ў добра знаёмым будынку.

— Плошчы гэтыя мы выкупілі гады тры таму назад, — расказвае Віктар Шашкін, — з мэтаю наладзіць тут невялікую вытворчасць. Памяшканню патрэбен быў рамонт, які, між іншым, і да гэтага часу працягваем. Працякаў дах, даводзілася мяняць падлогу.

Віктар Анатольевіч узначальвае ТАА “Лепельскі тэкстыль”. Гэта прыватнае прадпрыемства. Працуюць тут людзі прыезджыя. Калектыў невялікі, усяго пяць чалавек: дзве ткачыхі, наладчык тэхналагічнага абсталявання, бухгалтар і дырэктар. Хто з Оршы, хто з Талачына. Віктар Шашкін — мінчанін, на Лепельшчыне часта бывае, мае тут дачу.

Падумалася, калі людзі тут працуюць прыезджыя, ды і рынак збыту, як стала вядома, зусім не мясцовы, то якая ж карысць раёну ад такога прадпрыемства?  З гэткага “правакацыйнага” пытання і пачалася наша гаворка.

— Ад такога падыходу пахне месніцтвам, — Шашкін усміхнуўся, — Што значыць карысць? Трэба разглядаць пытанне ў маштабах краіны. Такія прадпрыемствы, як наша, дапамагаюць ствараць новыя працоўныя месцы, забяспечваюць людзей нармальнай заработнай платай. А для раёна? Мы заплацілі немалыя грошы за вытворчыя плошчы, мы спраўна плацім падаткі, папаўняючы бюджэт. А калі будзе магчымасць пашыраць вытворчасць, то будзем набіраць новых людзей, ужо з мясцовым. Проста нам спатрэбіліся працаўнікі кваліфікаваныя і мы такіх знайшлі. Няўжо было б болей карысці, калі б будынак і надалей працягваў пуставаць ды гніць?!

Устанавілі шаснаццаць ткацкіх станкоў. Праўда, працуе з іх палова, бо па шэрагу прычын пакуль яшчэ цяжкавата прыватнаму прадпрыемству разгарнуцца. Ёсць снавальная машына. Вырабляюць каля пяці відаў фільтравальнай тканіны для харчовай прамысловасці, якую рэалізуюць масласырзаводам, прадпрыемствам, дзе вырабляюць сокі — у Кобрын, Шчучын, Вілейку, Ліду, Маладзечна і г.д. Рынак збыту як беларускі, так і расійскі, у працэнтных суадносінах прыкладна пяцьдзясят на пяцьдзясят. Сыравіна беларуская — ніткі хімічныя, ільняныя, баваўняныя, якія закупляюць у Оршы, Магілёве, Светлагорску.

У такіх невялікіх прыватных прадпрыемстваў можна павучыцца ашчаднасці і разумнай эканоміі. Тут жывуць і працуюць па сродках, на якія разлічваюць самі. А таму станкі на ТАА “Лепельскі тэкстыль” куплялі недарагія ў Расіі, хай сабе і не самыя сучасныя, але працаваць можна, а рэсурс іх разлічаны яшчэ гадоў на дзесяць. Ёсць рэзервы для павелічэння вытворчасці, але нельга не ўлічваць і фактар канкурэнцыі. Таму знайсці сваю нішу, сваё месца ў зменлівых варунках рыначнай эканомікі надзвычай ня­проста. Пакуль жа прад­прыемства, дзе ўсяго пяцёра працаўнікоў, вырабляе штомесяц прадукцыі ў сярэднім на суму ад сямі­дзесяці да ста мільёнаў рублёў. Згадзіцеся, даволі паказальная лічба для невялікага таварыства з абмежаванай адказнасцю. Якая там абмежаваная! Адказнасць надзвычайная ў людзей, якія тут заняты. Нездарма ж зранку да позняга вечара свецяцца вокны маленькага ткацкага камбіната. Людзі адчуваюць стымул працаваць, бо для працы створаны аптымальныя ўмовы, бо працуюць яны не на “старонняга дзядзьку”, а на сябе па прынцыпе: што зарабіў, тое атрымаў.

І няхай сабе пакуль, па пэўных аб’ектыўных прычынах, вытворчасць на прадпрыемстве “раскручана” ўсяго працэнтаў на пяцьдзясят. А карысць ад такой  мікравытворчасці, па-мойму, відавочная. Колькі ж сёння, у тым ліку і ў нашым раёне, як у горадзе, так і ў вёсцы, пустуе вольных плошчаў, якія пры пэўных умовах маглі б стаць вытворчымі! І паспрыялі б вырашэнню праблемы занятасці, даўшы новыя працоўныя месцы, ды і нашы населеныя пункты дзякуючы ім сталі б ажыўленымі і больш прывабнымі.

  Уладзімір МІХНО.

  На здымку: наладчык вытворчага абсталявання Анатоль Паборцаў.

  Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.