Гандлёвае абслугоўванне

Спажывецкая кааперацыя

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва спажывецкая кааперацыя ажыццяўляе праз сетку 76 магазінаў гандлёвай плошчай 9385 квадратных метраў, з якіх 26 працуюць у горадзе і 50 — у сельскай мясцовасці. Абслугоўванне жыхароў 149 маланаселеных пунктаў, дзе пражывае 3,1 тысячы чалавек, ажыццяўляюць шэсць аўтамагазінаў.

 Па выніках работы за 2011 год тэмп росту рознічнага таваразвароту гандлю ў супараўнальных цэнах па Лепельскім райспажыўтаварыстве склаў 110,2 працэнта, прададзена тавараў на 104,1 мільярда рублёў.

 З мэтай павелічэння рознічнага таваразвароту праводзіўся продаж тавараў за лік прадастаўлення крэдытаў на два мільярды 638 мільёнаў рублёў, з іх за лік крэдытаў банкаў — на 248 мільёнаў рублёў. Сярэднямесячны продаж тавараў у крэдыт склаў 220 мільёнаў рублёў.

 На развіццё гандлю Лепельскім райспажыўтаварыствам у 2011 годзе накіравана 3,3 мільярда рублёў інвестыцый.

 У мінулым годзе быў адкрыты магазін “Родны кут” коштам адзін мільярд 133 мільёны рублёў, а на кафэ “Гарадок” у вёсцы Заслонава выдаткавана 563 мільёны рублёў.

 Пашыраны складскія плошчы гандлёвых прадпрыемстваў за лік устаноўкі дадатковых каркасных збудаванняў магазінаў “Кулінарыя №2”, №102 у вёсцы Бароўка і магазіна №103 у Лепелі, па вуліцы Дэпоўская, на што затрачана 258 мільёнаў рублёў.

 Мадэрнізаваны будынак “Універмага”, заменены вокны і ўстаноўлена сістэма відэаназірання, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

 Акрамя таго, мадэрнізавана кафэ “Беларускае бістро”, на што затрачана 40 мільёнаў рублёў. Набыта шэсць аўтамабіляў і 19 адзінак халадзільнага абсталявання.

 На бягучы рамонт аб’ектаў гандлю затрачана 454 мільёны рублёў, грамадскага харчавання — 163 і нарыхтовак — 54 мільёны рублёў.

 Праведзена тэхнічная ўмацаванасць аб’ектаў гандлю, устаноўлена 19 ахоўна-пажарных сігналізацый з выкарыстаннем модуля “Аларм GSM”, відэаназіранне на рынку і ва “Універмагу”.

 Нягледзячы на правядзенне значнай работы Лепельскім райспажыўтаварыствам у развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, па ўдасканаленні формаў і метадаў гандлю, па выніках работы за студзень 2012 года тэмп росту рознічнага таваразвароту склаў 96,5 працэнта, студзені — лютым — 99,3 працэнта пры прагнозным паказчыку 112,5 — 115,5 працэнта. Рознічны таваразварот па выніках першага квартала чакаецца толькі на ўзроўні 2011 года.

 Значная работа Лепельскім райспажыўтаварыствам запланавана на будучыню. Сёлета пачнецца будаўніцтва новага магазіна па вуліцы Чуйкова з аб’ёмам інвестыцый больш за шэсць мільярдаў рублёў. Рэгіянальнай праграмай інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011 — 2015 гады, зацверджанай на сесіі абласнога Савета дэпутатаў, у бягучым годзе Лепельскім райспажыўтаварыствам запланавана будаўніцтва магазінаў у мікрараёне “Поў­дзень” і па вуліцы М. Горкага. З мэтай паляпшэння абслугоўвання сельскага насельніцтва плануецца набыццё новага аўтамагазіна.

  На пачатак 2012 года для гандлёвага абслугоўвання жыхароў Лепельскага раёна прадстаўлена дзесяць магазінаў, з іх два фірменныя, тры гандлёвыя аб’екты ведамаснага гандлю, 76 магазінаў спажыўкааперацыі і гандлёвая сетка прыватных суб’ектаў гаспадарання.

 Фірменны гандаль утвараюць прамысловыя прадпрыемствы, якія выпускаюць тавары народнага спажывання.

 Па выніках атэстацыі, праведзенай у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 1998 года, рашэннем Лепельскага гарвыканкама (зараз райвыканкам) нададзены статус ”Фірменны” магазінам таварыства з абмежаванай адказнасцю сумеснага Беларуска-Германскага прадпрыемства “Белвест” і адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”.

 Галоўныя задачы фірменнага магазіна — гэта рэалі­зацыя ў асноўным прадукцыі заснавальнікаў, укараненне прагрэсіўных формаў гандлю, вывучэнне пакупніцкага попыту, фарміраванне прапаноў па ўдасканаленні асартыменту і якасці выпускаемых тавараў. Такі магазін павінен быць сапраўдным маркетынгавым цэнтрам свайго прадпрыемства, узорам гандлю.

 Магазіны фірменныя і ведамасныя

 Фірменны магазін “Белвест” адкрыты ў 1995 годзе. У асартыменце 92 працэнты складае прадукцыя ўласнай вытворчасці заснавальніка — каля тысячы артыкулаў абутку і спадарожныя тавары: сумкі, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, сродкі догляду за абуткам, вусцілкі, шнуркі. Кожны сезон асартымент абнаўляецца больш чым на 75 працэнтаў.

 У перспектыве развіцця магазіна — пашырэнне асартыменту спадарожных тавараў, увядзенне дысконтных карт для пакупнікоў і новай камп’ютарнай праграмы, якая дазволіць ажыццяўляць продаж абутку з растэрміноўкай плацяжу.

 У магазіне №1 “Лепелька” ўстаноўлена сучаснае халадзільнае абсталяванне з вынасным холадам.

 Удзельная вага ўласнай прадукцыі ў агульным аб’ёме таваразвароту за мінулы год склала 26 працэнтаў супраць 17 працэнтаў за 2010 год. У магазіне “Лепелька” можна набыць увесь асартымент, які выпрацоўваецца ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. На выбар пакупніка прадаецца пяць відаў сметанковага масла, да дзесяці відаў цвёрдых сыроў, 25 відаў цэльнамалочнай прадукцыі (малако, кефір, смятана, тварог, ёгурт, ражанка), 22 віды марожанага і чатыры віды сухіх малочных прадуктаў.

 У краме можна выбраць спадарожныя нехарчовыя тавары, а менавіта бытавую хімію, парфумерна-касметычныя тавары, сродкі асабістай гігіены і галантарэйныя тавары.

 Па выніках работы за 2010 год тэмп росту рознічнага таваразвароту ў супараўнальных цэнах у магазіне “Лепелька” склаў 133 працэнты, у 2011 годзе — 124,4 працэнта, а за два месяцы бягучага года — 111,4 працэнта.

 У перспектыве прадугледжаны пашырэнне гандлёвай плошчы да 210 квадратных метраў, поўная аўтаматызацыя, увядзенне дысконтных карт.

 Апрача ўсяго, ведамасны гандаль раёна прадстаўляюць два магазіны ААТ “Лепельскі МКК”, размешчаныя ў будынку Дома быту па вуліцы Будзённага і ў вёсцы Бароўка, гандлёвы павільён ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, магазін “Каласок”, два гандлёвыя аб’екты філіяла “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, тры магазіны прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і магазін РУВДП “Лепельскі электрамеханічны завод”. З названых гандлёвых аб’ектаў два адкрыты ў 2011 го­дзе: магазін “Камунальнік” ЛКУВП ЖКГ “Лепель” і магазін “Гаспадар” КУВП “Бароўка”.

 Удзельная вага рознічнага таваразвароту прадпрыемстваў ведамаснага гандлю ў агульным аб’ёме таваразвароту па гандлёвых арганізацыях у апошнія тры гады мае станоўчую дынаміку. Калі па выніках работы за 2009 год удзельная вага складала 6,1 працэнта, то па выніках за 2011 год ён узрос да 7,7 працэнта.

 Адкрытае акцыянернае таварыства “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” рэалізуе сваю прадукцыю праз гандлёвы павільён “Ганна”, размешчаны па вулі­цы Калініна. Асартыментны пералік тавараў гэтага гандлёвага аб’екта складзены з улікам аб’ёмаў дзеючага халадзільнага абсталявання. Удзельная вага прадукцыі ўласнай вытворчасці ў агульным аб’ёме прадукцыі складае 100 працэнтаў.

 У трэцім квартале 2012 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю магазін “Ганна” ў г. Лепелі. У ім запланавана рэалізацыя прадукцыі вытворчасці ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” і шырокага асартыменту спадарожных тавараў, у тым ліку нехарчовай групы.

 Ведамасны гандаль філіяла “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам” прадстаўлены магазінам, размешчаным па вуліцы Інтэрнацыянальная, і двума гандлёвымі аб’ектамі, размешчанымі на гарадскім рынку і па вуліцы Барысаўскі тракт.

 У 2011 годзе прыбытак ад рознічнага продажу ведамаснага гандлю філіяла “Лепельскі хлебазавод” склаў 56 мільёнаў рублёў. У 2012 годзе на прадпрыемстве плануецца правесці мадэрнізацыю магазіна “Каласок” у частцы пераводу яго на метад самаабслугоў­вання, пашырыць зону пад’езду да магазіна з добра­ўпарадкаваннем тэрыторыі і аўтастаянкай. У гандлёвым аб’екце, размешчаным на гарадскім рынку, будзе заменена абсталяванне, аб’ект плануецца падключыць да інжынерных сетак водаправода і каналізацыі.

 Магазін РУВДП “Лепельскі электрамеханічны завод” рэалізуе вырабы з дрэваапрацоўкі (сталы, ложкі, крэслы, табурэты, лаўкі, падстаўкі пад тэлефон і іншыя), з ламінаванага ДСП (шкафы, камоды, сталы, стэлажы, тумбы і г.д.). Асартыментны пералік выпускаемай і рэалізуемай прадукцыі пастаянна мяняецца ў сувязі са змяненнем спажывецкай актыўнасці, якая кантралюецца.

 У магазінах КУВП “Бароўка” рэалізуецца таксама і прадукцыя ўласнай вытворчасці: пасцельныя рэчы, паліўныя брыкеты, рытуальныя тавары.

 За 2011 год выручка ад рэалізацыі тавараў магазіна “Камунальнік” ЛКУВП ЖКГ “Лепель” склала 155,4 мільёна рублёў, прыбытак атрыманы ў памеры 16 мільёнаў рублёў. Выручка ад рэалізацыі тавараў двух магазінаў КУВП “Бароўка” за гэты ж перыяд часу склала 617,5 мільёна рублёў, прыбытак — 43 мільёны рублёў.

 Ёсць і недахопы…

  Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Палячэнка таксама распавяла аб недахопах у сферы гандлю.

 Так, фірменным магазінам ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” не забяспечваецца выкананне патрабаванняў палажэння аб фірменным магазіне ў частцы рэалізацыі не менш за 50 працэнтаў прадукцыі заснавальніка. Не створаны ўмовы для належнай рэалізацыі тавараў у ведамасных магазінах філіяла “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” і ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Шкло вітрын, якія ахалоджваюцца, гандлёвага аб’екта “Гарачы хлеб”, размешчанага на гарадскім рынку, мае трэшчыны, сцерлася гігіенічнае пакрыццё гандлёвых стэлажоў. Пры правядзенні маніторынгу ў ведамасных магазінах ААТ “Лепельскі МКК” высветлілася, што малочная прадукцыя рэалізоўвалася з парушэннем тэмпературнага рэжыму пры непасрэдным продажы — са скрыні, якая стаяла ля ног прадаўца. Мясная прадукцыя (каўбасы) таксама знаходзілася ў гэтай жа скрыні і на апрацоўчым стале. Пастаянна фіксуецца парушэнне тэмпературнага рэжыму захоўвання прадукцыі і ў гандлёвым аб’екце ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, паколькі колькасць тавараў, якія прымаюцца для рэалізацыі, хутка псуюцца, не адпавядае аб’ёму ўстаноўленага ў гандлёвым павільёне абсталявання.

 Не ў поўным аб’ёме прымаюцца эфектыўныя меры, накіраваныя на выкананне прагнозных паказчыкаў і павышэнне ўзроўню гандлёвага абслугоўвання. Пры правядзенні маніторынгу сёмага лютага бягучага года ў гандлёвых аб’ектах Лепельскага райспажыўтаварыства былі заўважаны факты адсутнасці кісламалочнай прадукцыі, малака і хлеба. Напрыклад, у 13 гадзін 15 хвілін адсутнічалі смятана і хлеб у магазіне №39 вёскі Межыца, у 12 гадзін адсутнічала малако ў магазіне №108 вёскі Заслонава. У продажы ў магазінах №25 (вул. Полацкі тракт), №48 па вул. Караленкі і №16 па вуліцы Дэпоўская шостага лютага бягучага года адсутнічала смятана. Практычна ва ўсіх магазінах асартымент прадукцыі, якая вырабляецца прамысловымі прадпрыемствамі раёна, вузкі. Пры выпуску ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” 22 відаў марожанага ў продажы ёсць толькі да дзесяці, у тым ліку і ў ведамасных магазінах самога вытворцы. Ні ў адным магазіне Лепельскага райспажыўтаварыства няма ні аднаго торта, які вырабляецца філіялам “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, за выключэннем святочных дзён. І такіх прыкладаў яшчэ дастаткова.

 Нягледзячы на наступленне вясновага сезона, асобнымі прадпрыемствамі не праведзены работы па рамонце фасадаў і ўваходных груп аб’ектаў гандлю, абнаўленні рэкламна-інфармацыйнага забеспячэння і афармленні аконных вітражоў.

 У час сесіі Лепельскага раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна, па кожным з якіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Падрыхтавала

 Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.