Працягваецца зацікаўлены дыялог паміж жыхарамі Лепельшчыны і кіруючымі работнікамі райвыканкама па прамой тэлефоннай лініі

Працягваецца зацікаўлены дыялог паміж жыхарамі Лепельшчыны і кіруючымі работнікамі райвыканкама па прамой тэлефоннай лініі. Тэлефонныя гутаркі звычайна адбываюцца па суботах з 9 да 12 гадзін. Аб тым, хто і калі выслухае меркаванні людзей аб праблемах, якія іх турбуюць і патрабуюць свайго вырашэння або тлумачэння, паведамляецца ў раённай газеце “Лепельскі край”.
21 лістапада 2015 года да першага намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Быкава паступіў зварот ад Міхаіла Папко, які ад імя жыхароў вуліцы Зялёная горада Лепеля прасіў зрабіць планіроўку, рамонт дарожнага палатна. Заяўніку пісьмова паведамлена: сіламі КУВП ЖКГ “Лепель” прагрэйдавана вуліца Зялёная.
У той жа дзень да Аляксандра Пятровіча патэлефанавала і лепяльчанка Тамара Шэлепава, якая жыве ў адной з кватэр шматпавярховага дома №68 па вуліцы Калініна. Яна паведаміла, што ў час правядзення ў 2014 годзе капітальнага рамонту не было завершана добраўпарадкаванне і не ўбіраюцца пад’езды. Тамары Савельеўне было патлумачана, што капітальны рамонт дома быў раздзелены на дзве чаргі. У 2014-м была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга. Добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі ўключана ў другую. У сувязі з адсутнасцю грашовых сродкаў добраўпарадкаванне не зроблена. Што ж тычыцца ўборкі пад’ездаў, то з работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія яе выконваюць, была праведзена адпаведная растлумачальная работа.
5 снежня 2015 года прамую тэлефонную лінію праводзіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аксяновіч. Да яго звярнулася жыхарка вёскі Новыя Валосавічы Любоў Дзямко, якая паскардзілася на адсутнасць вулічнага асвятлення. Гэтая праблема была вывучана з выездам на месца і няспраўнасць ўхілена.
Лепяльчанка Галіна Шаура паскардзілася, што каля кулінарнага камбіната па вуліцы Калініна знесена агароджа. Галіне Сцяпанаўне было паведамлена, што ёю атрымана кампенсацыя за знос зялёных насаджэнняў ад ДКУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Лепельскага раёна” пры будаўніцтве 80-кватэрнага жылога дома па вуліцы Калініна. Акрамя таго, было патлумачана, што зямельны ўчастак, які быў выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, не быў агароджаны і не адбіраўся. Кампенсацыя затрат за знесены збуцвелы плот праектна-каштарыснай дакументацыяй не прадугледжана. Тым больш, што матэрыялы ад разборкі плота былі забраны ўласнікам.
Звароты напрамую да адказных службовых асоб райвыканкама дазваляюць вырашаць многія наспелыя праблемы.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.