Сазонаўскі дуб

У дворыку па вуліцы Войкава ў Лепелі схаваўся малады дубок. Зрэшты, не такі ўжо і малады, калі падраўняўся ростам з трэцім ці нават з чацвёртым паверхамі суседніх шматпавярховікаў. Зелянее дубок не адзін, а ў акружэнні іншых прыгожых кашлатых дрэў. Растуць тут рабіна і бярозы, асіна і каштан, нават яблыні, не кажучы пра шматлікае кустоўе.

Даглядае дрэвы пенсіянер Віктар Сазонаў, што жыве побач, у адным са шматпавярховікаў.

Гэта ён пасадзіў у дворыку аж сямнаццаць дрэўцаў – людзям на радасць. Хай любуюцца дрэвамі, хай яблычкі ядуць. Хаця і не ўсім радасць. Некаторыя не задаволены, змагаюцца з сазонаўскімі дрэўцамі, маўляў, тыя ці то сонца ім зацяняюць, ці яшчэ як перашка­джаюць жыць. Ёсць людзі, вечна нечым незадаволеныя, але ж кожнаму хопіць месца пад сонцам. А дрэвы – гэта ж не толькі цянёк у спякоту і нават не толькі крыніца свежага паветра – гэта помнікі нам, людзям. Пры жыцці.

Паветра свежага бракуе Віктару Фёдаравічу ў кватэры. Хворая жонка – не надта і фортку адчыніш, каб не прастудзілася. А летам у кватэры бывае вунь як задушна. Жонку гэты далёка не малады чалавек, якому ўжо за восемдзесят, практычна даглядае сам, балазе яшчэ хапае ў старога сілаў — і душэўных, і фізічных. Ён па жыцці загартаваны чалавек. Нарадзіўся ў вёсцы Юркоўшчына малодшым у сям’і і гадаваўся фактычна без бацькі. Бацька-камуніст нечакана з’ехаў у заробкі аж у Ніжні Тагіл, забраўшы з сабою двух старэйшых сыноў. А маці пакінуў з маленькім Віцем. Паехаў да сваяка. Працаваў там на вагонабудаўнічым заводзе, нават ордэн зарабіў за добрую працу. А вось пра сям’ю ўласную забыўся.

Аднойчы прыехаў да іх нейкі сівы дзед, зачапіў карову за фурманку — і Віцьку на павозку пасадзіў. Маці кажа:” Вось гэта будзе твой новы бацька”. І павёз іх “новы бацька” на хутар Альхавікі, дзе стаяла яго хаціна пяць на пяць метраў, а ў хаціне сядзелі шасцёра сваіх дзяцей. Віцька стаў сёмым. Пад печчу куры кудахталі. Скрадзе сабе, бывала, хлопчык пеўня, да грудзей яго прытуліць — і лезе на печ. Вось такія ў яго былі дзіцячыя “цацкі”.

Бацька прысылаў сто пяць­дзясят рублёў аліментаў – так і жылі. Даваенны саракавы быў вельмі халодным годам, маразы стаялі за сорак і ў кароў адмярзалі ногі.

Перад вайною той хутар знеслі — і сям’я перасялілася ў Стары Лепель. Віцька бегаў у школу, а настаўнікам у яго, як, зрэшты, і дырэктарам школы, быў Анатоль Адамавіч Марунька, які ў вайну стане партызанам, а пасля гераічна загіне. Віцька з сябрамі – Васілём Шунто, Цімкам Іваноўскім – па заданню свайго настаўніка бегалі ў горад, збіралі сякія-такія звесткі, а потым перадавалі іх у лес. А яшчэ хлопцы ездзілі па вёсках, збіралі бульбу, каб пасля яе перадаць ваеннапалонным у лагер, што размяшчаўся ў Лепелі.

Пасля вайны хлопец не стаў доўга вучыцца ў школе — быў пераросткам, ды і кніжак не было, і святла. Абуць не было чаго, апрануць. Адным словам, пасля пяці класаў Віктар падаўся працаваць ў леспрамгас. А неўзабаве і апрануў шынель. Служыў у паветрана-дэсантных войсках на Пскоўшчыне. За час службы дзесяць разоў паспеў скочыць з аэрастата і пятнаццаць – з самалёта. У пяцьдзясят трэцім іхні дывізіён паслалі на размініраванне. Хлопцы старанна шукалі міны, даставалі іх адусюль, а начальства, было, што і лаялася. Яму патрэбны былі тэмпы, а не якасць працы. Аднак жа ад якасці ў рызыкоўнай справе залежала бяспека людзей. Урэшце, Віктара Сазонава заўважылі. За бездакорную службу ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР.

Пасля арміі зноў вярнуўся ў леспрамгас. Закончыў лесатэхнічную школу на кранаўшчыка і трыццаць шэсць гадоў працаваў на аўтакране. Усяго ж за плячыма ў Віктара Фёдаравіча — пяцьдзясят шэсць гадоў працоўнага стажу.

На пенсіі пажыць бы сабе ў ахвоту. Паблукаць бы па лесе ў пошуках ягад і грыбоў, да якіх Сазонаў вялікі аматар. Бывала, што і за сорак кіламетраў хадзіў у ягады ды грыбы. Падрасціць бы дрэўцы свае. Ды вось бяда – цяжка захварэла жонка, прывязала да сябе. Далёка не адыдзешся.

А доўгімі вечарамі чытае Віктар Фёдаравіч любімую раённую газету. Чытае пад лупаю, бо ўжо не такімі зыркімі сталі вочы, прытаміўшыся па жыцці.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Віктар Фёдаравіч Сазонаў.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.