Матчын гонар

483Акуратную чырвоную папачку з глянцавым бляскам захоўвае Валянціна Казлова ледзьве не на куце. Хата ў яе прасторная, поўніцца рознай мэбляю. Ёсць дзе пакласці запаветную папачку. Аднак жа — на кут яе, бо рэ­ліквія.
Дзіва, што рэліквія. За ёю, адпрасіўшыся на працы, ездзіла Валянціна Мікалаеўна аж у Віцебск, як яна кажа, на калегію, дзе сам генерал-маёр, міністр унутраных спраў уручаў ёй гэты каштоўны дакумент. А разам з ім шчаслівая маці ўдастоілася і велізарнага букета кветак, які ледзьве абхапіла.
— Шмат вас там было, маці міліцыянераў? — пытаюся.
— Не-не, мяне адну запрасілі, я адна там была, — упэўнена Валянціна Мікалаеўна.
Нават не ведаю, верыць гэтым яе словам ці сумнявацца. Зрэшты, не важна, хай сабе шчаслівая маці застаецца ўпэўненай у сваім персанальным гонары.
Сын яе, Ілья Казлоў, служыць у міліцыі ўчастковым інспектарам аддзела аховы правапарадку. У дваццаць чатыры гады даслужыўся да старшага лейтэнанта, а бацькам вось уручылі падзячны ліст за подпісам міністра ўнутраных спраў генерал-маёра І.А. Шуневіча. І гэта ўжо, аказваецца, не першая выдатная адзнака, пастаўленая яе сыну. Раней было падзячнае пісьмо началь­ніка раённага аддзела ўнутраных спраў.
— Сабралі неяк сход у гаспадарцы, — расказвае жанчына, — мяне запрасілі. — Мікалай Латышаў выходзіць на трыбуну. А я хіба ведала, хто гэта? Пытаецца: “Вы маці Ільі Казлова?”
Расказвае — і столькі ж гонару ў яе вачах! Аж бярэ добрая зайздрасць матчынаму шчасцю.
Жывуць Казловы, Валянціна Мікалаеўна і Мікалай Міхайлавіч, у Вялікім Поў­свіжы. Класічныя, так бы мовіць, працавітыя сяляне. Гектар зямлі маюць, вялікую гаспадарку развялі, нягледзячы на тое, што зараз ужо не рыкае на іх падворку карова і не рохкаюць свінні. Затое ж і качкі, і гусі, для якіх тут прастора і камфорт, бо копанка побач, і куры-нясушкі, і бройлеры ёсць. Нядаўна быў бык. Ды і пра свіней у перспектыве гаспадыня ўсё яшчэ марыць, калі дазволяць трымаць.
— Як жа без іх, калі гэтулькі вунь бульбы накапалі і зерня нарасцілі.
Можа, і не трымалі б Валянціна з Мікалаем такой вялікай гаспадаркі, калі б не дзеці. Хоць і сем’і свае маюць, аднак да бацькоў наведваюцца часта.
— Дапамагаюць, — кажа Валянціна, — Алег увогуле з гаспадаркі не вылазіць. Сын наш старэйшы — зубны тэхнік у Лепелі. А нявесткі абедзве педагогі.
Зразумела, што сыны ўжо самадастатковыя: свае сем’і ў іх, свае дзеці, аднак якая ж маці выправіць сына з хаты з пустымі рукамі? Ды сэрца крывёю абальецца… А ўнукам трэба. Вось і стараецца дамавітая гаспадынька, круціцца, як вавёрачка ў коле — і ў лесе, і ў полі.
— Мне трэба, каб усё сваё было і каб у халадзільніку поўна было, — працягвае Валянціна, — таму і закаткі, і засолкі робім, і за грыбамі ходзім, і за ягадамі. Ды і сальца пажадана, каб не пераводзілася.
У далёкім ужо семдзесят дзявятым пад Новы год яны пажаніліся. А пазнаёміліся на лепельскім вакзале, калі абодва вучыліся ў Лужасне. Яна — з Кор­дзікаў, ён — з Ліпак. І трэба ж так: вучыцца разам два гады і не быць знаёмымі, а на вакзале спаткацца. Пажаніліся — і Валянціна загітавала мужа да сябе на радзіму, які на той час ужо ў Бабінічах, пад Оршаю, працаваў. Спачатку ў бацькоўскім доме ў Кордзі­ках жылі, пасля кватэру ў двухпакаёвіках у Вялікім Поў­свіжы далі, і, нарэшце, саўгас выдзеліў Казловым драўляны, абкладзены цэглаю вялікі і прасторны дом, у якім жывуць і зараз. Дом з усімі зручнасцямі: і газ падведзены, і вада, гаспадарчых пабудоў муж на двары наставіў — птушкам рай! У гаражы стаіць машына — новенькая “дзявятка”. Чаму не жыць!
Разам Мікалай і Валянціна ўжо трыццаць пяць гадоў. Яна ў КУВСГП “Лепельскае” эканамістам і інжынерам па тэхніцы бяспекі працуе, ён на пенсіі ўжо. Аднак папрасілі дапамагчы на запраўцы ГЗМ не адмовіў і восьмы месяц там працуе. Унукаў дачакаліся. Мікіце, сыну Алега, — чацвёрты годзік, а ў Ільі — Мілана, ёй трэці пайшоў.
Шчаслівыя бацькі — шчаслівыя дзеці і ўнукі, добрая, руплівая сям’я.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Мікалай і Валянціна Казловы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.