У раённым выканаўчым камітэце

 Вынікі тэхагляду

 Тэхнічны агляд — важнае мерапрыемства. Рыхтавацца да яго варта ўсебакова, добрасумленна. Ад прынятых захадаў у канчатковым выніку залежыць бяспечнае выкарыстанне машын і агрэгатаў. Па сельскагаспадарчых прадпрыемствах і сялянска-фермерскіх гаспадарках вынікі тэхнічнага агляду наводзяць на пэўны роздум.

 Усяго павінна было прайсці агляд 220 адзінак тэхнічных адзінак, прайшло — 140, што складае 64 працэнты ад наяўнасці. Наогул праігнаравалі адказнае мерапрыемства сялянска-фермерскія гаспадаркі “ВалБіК” і ”Паземшчына”. У ААТ “Лепельаграсэрвіс” не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку пяць трактароў.

 Невядома, якімі меркаваннямі кіраваліся адказныя работнікі ў шэрагу гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, калі арганізоўвалі падрыхтоўку да тэх­агляду наяўнага тэхнічнага парка. Нізкі працэнт гатоўнасці яго ў дзяржаўным прафесійным ліцэі, ДЭУ-37, прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, лясгасе, леспрамгасе — ад 26 да 39 працэнтаў пры сярэднім паказчыку 67 працэнтаў. Ад кіраўнікоў шэрага гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый запатрабавана неадкладна ўхіліць хібы і забяспечыць праходжанне тэхагляду выкарыстоўваемых машын.

Актыўна рыхтавацца да ацяпляльнага сезона

 Без асаблівых ускладненняў працавалі ў халодную пару года ацяпляльныя сістэмы камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Лепель», камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Бароўка», прадпрыемстваў і арганізацый. Забяспечана безаварыйная праца ўсіх цеплакрыніц, бесперабойная падача цеплавой энергіі на жылы фонд, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, вытворчыя памяшканні. Укараняліся энергазберагальныя тэхналогіі. Забяспечана выкананне задання па мэтавым паказчыку энергазберажэння 6,7 працэнта пры заданні 8%. Пры ўсім тым су­б’екты гаспадарання павя­лічылі спажыванне энергарэсурсаў на 1644 тон умоўнага палі­ва.

 Вядома, без недахопаў не абышлося. Па розных пытаннях паступіла  63 звароты грамадзян, па кожным прымаліся канкрэтныя меры.

 Застаецца высокай запазычанасць прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтва за спажытыя энергарэсурсы.

 Пастаўлена задача распрацаваць да 1 чэрвеня 2013 года і рэалізаваць да 1 кастрычніка  арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па ўстойлівым і надзейным паліўным і энергетычным забеспячэнні прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва, стварыць неабходныя запасы паліва, замяніць  аварыйныя ўчасткі цеплатрас, выяўленыя ў выніку гідраўлічных выпрабаванняў і ў ходзе мінулага ацяпляльнага перыяду. Да 1 кастрычніка варта  забяспечыць гатоўнасць кацельных, цеплавых сетак, водазабеспячэння, каналізацыі, снегаўборачнай тэхнікі да сезона, уцяпліць вытворчыя памяшканні, жылы фонд, вонкавыя ўчасткі цеплатрас, труба­праводаў у падвалах і цеплавузлах, лесвічных пляцоўках. Неабходна ўсталяваць жорсткі кантроль і не дапускаць спальванне вугалю, мазуту і прыроднага газу пры тэмпературы вонкавага паветра вышэй за мінус 100С на кацельнях, якія маюць тэхнічную магчымасць выкарыстоўваць дровы і адходы драўніны. Патрабуецца  забяспечыць штодзённую ўстойлівую падачу гарачай вады кацельнямі, якія працуюць на мясцовых відах паліва.

Ідэалагічная работа

з насельніцтвам

 Ідэалагічная работа на тэрыторыі сельсаветаў праводзіцца згодна з зацверджаным планам і з улікам іх асаблівасцяў. Па месцы жыхарства працуе ідэалагічны актыў, у склад якога ўваходзяць старшыня сельвыканкама, кіраўнік спраў, дэпутаты, адміністрацыі прадпрыемстваў і арганізацый, кіраўнікі грамадскіх фарміраванняў, работнікі ўстаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя,­ старэйшыны населеных пунктаў. Ва ўсіх сельвыканкамах аформлены інфармацыйныя стэнды, прызначаны адказныя за іх абнаўленне. У Баброўскім, Бароўскім, Горскім, Лепельскім і Стайскім сельвыканкамах аформлены Дошкі Гонару.

 Пры сельвыканкамах дзейнічаюць 11 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Важкі ўклад у агульную ідэалагічную скарбонку ўносіць дэпутацкі корпус, 126 народных абраннікаў праводзяць прыём грамадзян па асабістых пытаннях у сваіх акругах, вырашаюць іх праблемы, распавядаюць аб дзейнасці ўладных структур. Неацэнная роля ў важнай справе старэйшын. Ім вядомы ўсе мясцовыя праблемы, якія стараюцца вырашаць на карысць аднавяскоўцаў.

 Эфектыўна выкарыстоўваецца прафілактычны патэнцыял 10 грамадскіх пунктаў аховы парадку, 10 камісій па справах непаўналетніх, 10 добраахвотных дружын.

 На тэрыторыі сельскіх саветаў пражывае 3528 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. З моладдзю праводзяцца розныя культурна-забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, ствараюцца пэўныя ўмовы для іх працы і пражывання, аднак праблема замацавання кадраў на сяле застаецца вострай.

 Наладжана сумесная работа сельвыканкамаў, устаноў адукацыі, фізкультуры і спорту па прапагандзе і ўсталяванні здаровага ладу жыцця, прыцягненні вяскоўцаў да заняткаў фізічнай культурай. У дзевяці сельскіх школах функцыянуюць 17 гурткоў і спартыўных секцый. Школьныя спартзалы даступныя для насельніцтва, у тым ліку і ў вячэрні час. Усяго фізічнай культурай і спортам на сяле займаюцца 627 чалавек.

 Прадуманая і сістэмная праца з насельніцтвам сельвыканкамаў дазваляе дасягнуць чакаемых вынікаў. Прадоўжыцца ўдасканаленне ідэалагічнай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства, забеспячэнне  масавага ўдзелу вяскоўцаў у грамадска-палітычных акцыях і кампаніях, культурных спартыўна-аздараўленчых і забаўляльных мерапрыемствах з мэтай прапаганды, развіцця, укаранення і ўмацавання традыцый грамадзянскасці і патрыятызму, здаровага ладу жыцця.

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.