Жніво на прысядзібных участках

Паралельна са жнівом на палетках сельгасарганізацый пачаўся абмалот збажыны на сотках вяскоўцаў. Пра гэту важную справу гутарым са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Місюрам.

— Мікалай Мікалаевіч, якія плошчы збожжавых сёлета паспелі для абмалоту ў вяскоўцаў?

 — Па нашых даных, сёлета трэба абмалаціць 1919 участкаў агульнай плошчай 459,6 гектара. З аднаго боку, гэта, здаецца, не так і шмат. Аднак трэба ўлічваць спецыфіку. Самае галоўнае — контурнасць участкаў. У вяскоўцаў  палеткі прыкладна па 20 — 30 сотак, рэдка большыя. А ёсць жа ўчасткі і меншыя.

Натуральна, што габарытнаму камбайну на такіх працаваць вельмі нязручна. На намалот аднаго цэнтнера зерня ў такім выпадку спажываецца нашмат больш паліва, чым на працу на шырокім полі.

 — Якія сілы будуць задзей­нічаны?

 — Найперш — камбайны камунальных унітарных прадпрыемстваў (КУПаў), створаных пры сельвыканкамах. Камбайн Дон-1500 ёсць у КУП “Аграпамочнік”, якое працуе ў Валосавіцкім сельсавеце. Тэхніка, вядома, старая, аднак механізатар навёў яе. У вёсцы Стайск быў адзін участак, яго ўжо абмалацілі. У вёсцы Весялова з чатырох участкаў абмалочаны тры, на адным збажына яшчэ не выспела. Другі дзень камбайнер працуе ў Новых Валосавічах.

 Пры Слабадскім сельсавеце працуе КУП “Свяда”. Камбайнам КЗС-7 абмалочана некалькі ўчасткаў у Свядзіцы, пераехалі ў Слабаду.

 ААТ “Дражна” мае камбайн Ліда-1300, але не мае пасеваў, яго і выкарыстоўваюць для абмалотаў агародаў сваіх работнікаў, а таксама жыхароў бліжэйшых вёсак.

 Марат Чувілін з Чарэйшчыны і Аляксандр Ладзік з Губіна маюць у прыватнай уласнасці камбайны Енісей-1200. Яны будуць задзейнічаны толькі на абмалотах агародаў.

 — А камбайны сельгасарганізацый?

 — Будуць працаваць пераважна па прынцыпе “спачатку — калгаснае, потым — вясковае”. Толькі пасля таго, як будуць убраны збожжавыя з вялікіх палеткаў, іх пусцяць на агароды. Аднак зноў жа ўлічым спецыфіку. Сельгас­прадпрыемствы ўзбуйненыя, да некаторых палёў і вёсак ездзіць далёка, нявыгадна па некалькі разоў пераганяць энерганасычаную тэхніку. Таму на аддаленых участках пасля ўборкі палёў камбайны будуць абмалочваць і вясковыя соткі. Напрыклад, землі вакол Дзямешкава і Халімонава апрацоўвае ААТ “Лядна”, яны ж адразу пасля абмалоту сваёй збажыны сажнуць і соткі вяскоўцаў. ААТ “Ладасна” таксама дапаможа вяскоўцам з Задораў.

 — Як быць у пышнянскім баку, дзе няма буйных сельгаспрадпрыемстваў?

 — У Пышне два гаспадары мелі камбайны, яшчэ летась апрацоўвалі соткі аднавяскоўцаў, але сёлета яны сваю тэхніку прадалі. Дамаўляемся з кіраўніцтвам СФГ “ВалБіК”, яны маюць камбайн Ліда-1300, а сваіх пасеваў збожжавых няма. Дамаўляемся і з кіраўніцтвам СФГ “Азімка”, каб таксама прыйшлі на дапамогу, у іх ёсць два камбайны. Як абмалоцяць свае гектары, выедуць і на вясковыя соткі.

 — Цана пытання…

 — Спецыялісты разлічылі расходы і рэкамендавалі расцэнку за абмалот у памеры шасці тысяч рублёў за сотку. Сельгаспрадпрыемствы для сваіх работнікаў і пенсіянераў могуць прымяняць іншыя, льготныя, расцэнкі.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.