Лавіся, рыбка!

Спрадвеку на Лепельшчыне праводзілася прамысловая лоўля рыбы. Рыбалавецкія арцелі базіраваліся не толькі ў Лепелі, але і ў раёне, і за яго межамі. Адна з іх размяшчалася ў вёсцы Вокана. Воканскія рыбакі гаспадарылі на азёрах Вокана і Бярэшча. Дзесьці ў 50-х гадах арцель на чале з Уладзімірам Мірановічам улілася ў склад Лепельскага рыбазавода. Тры рыбазаводаўскія брыгады дзейнічалі ў Лепелі, Новалукомлі і на возеры Сялява ў Крупскім раёне Мінскай вобласці.
Прадпрыемства праводзіла першасную апрацоўку рыбы перад рэалізацыяй.

З часам асвоілі працэс вэнджання. Спачатку вэндзілі размарожаную марскую рыбу, а потым узяліся і за азёрную. Вадаёмы не толькі спусташаліся, але і зарыбляліся. Неяк у 60-я гады нават у раку Бярэшчу выпусцілі малявак карпа. Наколькі эфектыўным было тое зарыбленне, цяпер ніхто не скажа, бо наўрад ці захавалі якія архівы дакументы такой важнасці.
Ужо ў 90-х гадах рыбазавод згарнуў дзейнасць з-за стратнасці вытворчасці. Рыбалоўствам, вэнджаннем і саленнем марской рыбы вырашыла заняцца аптова-рознічнае гандлёвае аб’яднанне. Аднак краіну тады ахапіла эканамічная неразбярыха. Зарплаты не выплачваліся месяцамі. Рыбакі разлік за працу бралі ўловам і вымушаны былі самі рэалізоўваць свой рыбны паёк.
Карысці ад такога промыслу — кот наплакаў. Таму брыгада згарнула дзейнасць. Цэх жа па засолцы і вэнджанні марской рыбы працуе да гэтага часу.
У 2008 годзе прадпрыемства меліярацыйных сістэм (ПМС) узяло ў арэнду азёры Лепельскае, Вокана, Дзявочае, Бораўна, Неграза і Нюля, набыло неабходнае абсталяванне, рыштунак і стварыла рыбалавецкую брыгаду. Такім было рашэнне Міністэрства сельскай гаспадаркі.
У працэсе эксплуатацыі ад арэнды трох вадаёмаў меліяратары адмовіліся. Дзявочае патрабавала вялікіх транспартных расходаў з-за аддаленасці ад Лепеля. Схаванае ў лесе прыгараднае Бораўна кішэла рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі, якія донкамі, спінінгамі выцягвалі сеткі і кралі разам з рыбай. На Нюлі згодна з умовамі дагавору павінны былі арганізаваць платнае аматарскае рыбалоўства, а для гэтага патрабавалася пабудаваць пад’езд, пірс, месца адпачынку. Дарэчы, на Негразе паставілі альтанкі, лаўкі, кантэйнеры.
Цяпер меліяратары арандуюць Лепельскае, Вокана і Негразу.
Кіруе меліяратарамі-рыбаловамі намеснік дырэктара ПМС па будаўніцтве Віктар Цярэшчанка. Забеспячэннем рыштункам і афармленнем дакументацыі займаецца інжынер па тэхніцы бяспекі і ахове працы Раман Міснік. Ловяць рыбу чатыры — пяць звёнаў па два чалавекі ў кожным. На зіму займацца падлёднай лоўляй застаюцца адно ці два звяны ў складзе брыгадзіра Сяргея і рыбака Івана Тухтаў (сын і бацька), звеннявога Аляксандра Канапелькі і рыбака Міхаіла Шалака. У час нерасту (красавік — май) яны рамантуюць рыштунак. У сталярным цэху прадпрыемства яны змайстравалі тры вёсельныя лодкі для выкарыстання на далёкіх азёрах. На вялікім Лепельскім прымяняюць дзве маторныя лодкі “Удача” з рухавікамі “Меркурый”.
Невадам практычна не карыстаюцца з-за нязручнасці прымянення. Сеткі дыяметрам ячэйкі пяць, сем і восем сантыметраў купляюць у пастаўскага прадпрымальніка і рэгіструюць у Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. На кожную мацуецца рэгістрацыйная бірка і выдаецца акт. Звеннявымі вядзецца тоневы журнал уліку здабычы. Прамысловы білет на год выдае Міністэрства сельскай гаспадаркі праз камунальнае ўнітарнае прадпрыемства па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм “Віцебскмеліяводгас”.
* * *
У 2010 годзе план вылаву быў 7,6 тоны, летась — 7,3 тоны (вылавілі адпаведна 7,9 і 7,598 тоны). 70 працэнтаў рыбаздабычы прыпадае на чэрвень — жнівень. Зімой могуць за тоню выцягнуць і 10 кілаграмаў, і некалькі рыбін.
— Згодна з навуковымі распрацоўкамі, бясшкодна для прыроднага аднаўлення рыбных запасаў вызначаны гадавыя квоты на прамысловы адлоў рыбы ў Лепельскім возеры — 11 тон, Вокане — 5,7 тоны, Негразе — 950 кілаграмаў і столькі ж для платнага аматарскага рыбалоўства, — гаворыць Раман Міснік. — Паколькі іншых прэтэндэнтаў на прамысловы вылаў рыбы няма, мы маглі б выбіраць усе квоты, нарасціўшы дадатковыя магутнасці. Аднак рыбалоўства — занятак стратны. Прыбытак маюць толькі ў спецыялізаваных рыбаводчых гаспадарках.
Цану на рыбу ўстанаўлівае Мінсельгасхарч на кожны від з невялікай вілкай “ад” і “да”. А з сёлетняга года плату за арэнду азёр падвоілі. У сувязі з гэтым цану цяпер прымяняюць найбольшую. Яна выглядае так: кілаграм ліня буйнага цягне на 14960 рублёў, карпа і таўсталобіка сярэдніх, сазана — 12960 рублёў, судака сярэдняга — 12190 рублёў, шчупака сярэдняга — 11190 рублёў, ляшча сярэдняга — 10040 рублёў, акуня сярэдняга — 8960 рублёў, карася сярэдняга — 8430 рублёў, дробязі — 6810 (усяго 25 найменняў). Смеху варта — у магазіне ці на базары самыя танныя мойва ды путасу каштуюць болей за “меліяратарскіх” ліня, судака, карпа! Праўда, апрача меліяратараў гэтую рыбу практычна ніхто не бачыць, бо рэалізоўваюць яе сваім работнікам у лік зарплаты. У магазіны не здаюць, паколькі для таго трэба аформіць стос дакументаў, мець спецыяльнае халадзільнае абсталяванне, здаваць на рэалізацыю партыі не меней за 50 кілаграмаў. Вось чаму азёрнай рыбы няма ў магазінах, а ёсць толькі адкормленыя камбікормам карпы ды часам таўсталобікі з рыбаводчых гаспадарак.
Скажам, вылавілі Тухты за суткі 10 кілаграмаў дробязі з-пад лёду. Выручка за яе будзе 68120 рублёў. Ды на адну іх дзённую зарплату пойдзе значна болей. А колькі паліва спалена на дастаўку рыбаловаў і рыштунку на возера ды назад! Пры паездцы на Негразу спідометр накручвае 70 кіламетраў, на Вокана — паўсотні. А колькі “з’ядае” маторная лодка на Лепельскім, калі даўжыня яго дасягае васьмі кіламетраў, а працягласць берагавой лініі — 40!?
І без таго высокі сабекошт рыбы павышаюць браканьеры і злодзеі — крадуць сеткі і зразаюць рэгістрацыйныя біркі. Таму рыбакі вымушаны вартаваць снасці. Не ўпільнуюць — за свой кошт будуць купляць новую. Летась падалі чатыры заявы ў міліцыю на крадзеж сетак, ніводную не знайшлі.
Зімой працаёмкасць рыбаздабычы ўзрастае ўдвая. Добра, што цяпер не трэба прасякаць палонкі праз кожныя пяць метраў, каб працягнуць пад лёдам 80-метровую сетку. Выручае “разумная” падводная тарпеда на батарэйках. Чапляюць за яе шнурок, прывязаны да сеткі, і пускаюць пад лёд у накірунку загадзя прасечанай палонкі на даўжыню сеткі. Тарпеда, чапляючыся зубчатымі коламі за лёд, рухаецца па зададзеным маршруце, што можна прасачыць па светлавой сігналізацыі (калі на лёдзе няма снегу) ці па гукавым сігнале. У канчатковым пункце тарпеда спыняецца, рыбакі кручком падчапляюць шнурок і цягнуць да сябе прывязаную да яго сетку. Тут самае цяжкае — прасекчы сякерай ці пешняй 70-сантыметровы лёд. Ёсць і бензапіла, аднак яна пранізлівым гулам разганяе рыбу ад снасці.
* * *
Калі б рыбакі толькі лавілі рыбу ў рамках устаноўленых квот, ад прэтэндэнтаў на арэнду вадаёмаў адбою не было б. Але ж трэба яшчэ іх зарыбляць, не спадзеючыся на прыроднае рыбааднаўленне.
— У 2008 годзе запусцілі ў Вокана тры тоны лічынак карпа другога года, а ўжо ў 2010-м вылавілі яго 858 кілаграмаў, у 2011 — 260 кілаграмаў, — сказаў Раман Міснік. — У 2008 і 2009 годзе зарыблялі карпам і шчупаком Лепельскае. Згодна з дзяржаўнай праграмай, сродкі на зарыбленне выдзяляюцца з бюджэту. Канкрэтнага плану на гэты год пакуль няма, аднак мы загадзя заказалі тону лічынак другога года карася для Негразы, па дзве тоны — таўсталобіка і карпа, тону — першага года шчупака.
Як гаворыцца, давярай, але правярай. Наконт зарыблення Лепельскага, Вокана і Негразы звярнуліся ў Лепельскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету. Там даведаліся, што ў возера Лепельскае ў 2007 годзе было запушчана 100 тысяч гадавікоў карпа, 9000 двухгодкаў таўсталобіка, у 2008 — два мільёны 36 тысяч лічынак шчупака. Возера Вокана ў 2007 годзе папоўнілі 3875 сяголеткамі, а ў 2008 — 1240000 лічынкамі шчупака. Зарыбленне павінна праводзіцца кожныя тры гады, а вось у 2011 годзе гэтым фактычна не займаліся. Гэта значыць, меліяратары парушылі перыядычнасць падтрымання балансу рыбных запасаў, за што іх можна пазбаўляць ліцэнзіі.
Сёлета азёры зарыбяць у адпаведнасці з разлікамі. У прыватнасці, у Негразу будзе запушчаны серабрысты карась, шчупак і белы амур.
Да працэсу лоўлі ў інспектараў прэтэнзій няма — снасць рэгіструюць, графікі адлову падаюць. Аднак свае вадаёмы ад браканьераў не ахоўваюць. Летась міжраённай інспекцыяй на вадаёмах ПМС выяўлена 15 парушэнняў, у тым ліку сем з іх учынілі самі арандатары, за што атрымалі прадпісанне (выканалі), пяць адказных асоб былі прыцягнуты да адказнасці. У браканьераў канфіскавана восем забароненых сродкаў лоўлі і 48,6 кілаграма рыбы, спагнана 5,3 мільёна рублёў штрафаў і 10 мільёнаў за нанесены прыродзе ўрон. Браканьерства на Негразе завяршылася крымінальнай справай, на Лепельскім — перададзена ў суд, аднак ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Дык вось, гэтыя факты браканьерства павінны былі выявіць самі арандатары. Выходзіць, гэта парушэнне ўмоў арэнды.
Матэрыял гэты з’явіўся па просьбе чытачоў, якія скардзіліся на вынішчэнне арандатарамі рыбных запасаў возера Лепельскае. Фактычныя парушэнні апісаны, а галаслоўныя, як гаворыцца, да справы не прышыеш…
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.