Лад жыцця — здаровы

Серабро з чэмпіянату свету

На чэмпіянаце свету па самба сярод дарослых спартсменаў, які праходзіў у Вільнюсе (Літва), сярэбраную медаль заваяваў выхаванец лепельскай школы, майстар спорту міжнароднага класа, член Нацыянальнай зборнай Беларусі Сцяпан Папоў.

 Залаты медаль

 У Мінску адбыліся спаборніцтвы адкрытага першынства БФСТ “Дынама” па дзюдо на прызы трохразовага чэмпіёна Еўропы Віктара Песняка сярод школьнікаў 1998 года нараджэння і маладзей.

Упэўненую перамогу ў іх атрымала лепяльчанка Аня Ганчар, якая ўзнагароджана залатым медалём, Кубкам і каштоўным прызам. Добры пачын падтрымалі і заваявалі ганаровыя трэція месцы яшчэ двое нашых землякоў Сяргей Ганчар і Арцём Глушанок. Дастойна змагаўся і лепяльчанін Дзмітрый Грук, які ў спартыўнай барацьбе на татамі не ў чым не ўступаў сваім сапернікам, аднак у паядынках за выхад у фінал і за прызавое месца па “хантэю” (суб’ектыўным рашэнні суддзяў), на жаль, аказаўся за рысай прызёраў спаборніцтваў, заняў пятае месца ў турнірнай табліцы.

Пераможны поступ

 Выхаванцы СДЮШАР “Спорт-альянс” прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы на чале з трэнерам Анатолем Суворыным прынялі ўдзел у спаборніцтвах адкрытага чэмпіянату горада Віцебска. Лепяльчанін Глеб Карабань, які зараз займаецца ў сёмым класе Лужаснянскай школы-інтэрната для таленавітых дзяцей, заняў першае месца ў вагавой катэгорыі да 56 кілаграмаў. У штуршку ён змог узняць штангу вагой 81 кілаграм, а ў рыўку — 64 кілаграмы. У вагавой катэгорыі да 42 кілаграмаў перамог яшчэ адзін наш зямляк, вучань чацвёртага класа СШ №3 Расціслаў Пасцярук, які падняў штангу вагой 42 кілаграмы, у рыўку паказаў вынік 25 кілаграмаў. Паспяховым трэба прызнаць і выступленне ў вагавой катэгорыі да 45 кілаграмаў вучня шостага класа СШ №1 горада Лепеля Вадзіма Дуброўскага. Ён заваяваў ганаровае трэцяе месца, паколькі ў штуршку яму пакарылася вага ў 40 кілаграмаў, у рыўку — 27 кілаграмаў.

Трэція ў рэспубліцы

 У вестыбюлі раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ўстаноўлены стэнд з аператыўнай інфармацыяй аб чарговых спартыўных перамогах лепяльчан. Знайшлося на ім месца і для віншавання каманды дзяўчат Лепельскай СДЮШАР па гандболе, якія занялі трэцяе месца ў першынстве Рэспублікі Беларусь. Рыхтавала спартсменак да спаборніцтваў трэнер Наталля Паўлоўская.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.