Леніны “сняжынкі”

Галерэя “Арт-Лепель”, што месціцца ў доўгім бібліятэчным калідоры, надала вядомасць многім здольным лепяльчанам, якія свой вольны час прысвяцілі стварэнню прыгожага. Цяпер там праходзіць выстава вязаных сурвэтак Алены Міхаленкі.
Адразу звярнуў увагу на гіганцкія сняжынкі, што роўным шэрагам размясціліся на сцяне. Узор сурвэтак прыцягнуў дагэтуль не бачанымі адмысловасцю, неардынарнасцю мастацкай выдумкі.

Адразу выспеў намер пагутарыць з аўтарам. Лена Міхаленка жыве ў Стаях. Вось ужо пяць гадоў працуе паляводам у плодагадавальніку сялянскай фермерскай гаспадаркі “Сад”.

Вязаць Лена навучылася на ўроках працы ў Стайскай школе. Гадоў з пяць таму назад пачала самастойна ўдасканальваць майстэрства па кніжках, якія брала ў Стайскай сельскай і раённай бібліятэках. Узоры выбірае на схемах з часопісаў. Зыходны матэрыял — вязальныя ніткі і кручок.
— Лена, шмат работ выканала?
— У бібліятэцы выстаўлена мізэрная іх колькасць. Дома ўсюды сурвэткі. Шмат іх у сястры Аксаны ў Барысаве, цёткі Людмілы ў Ліпецку. Сябрам дарыла.
— Як часта вяжаш?
— Увесь вольны час прысвячаю любімай справе.
— Як доўга вяжаш адну сурвэтку?
— Два — тры вечары займае — у залежнасці ад памераў. Месяц вязала абрус да дня нараджэння маці. Ён да гэтага часу ўпрыгожвае стол.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Алена Міхаленка і яе “сняжынкі”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.